Галоўнае ўпраўленьне адукацыі Гомельскага аблвыканкаму накіравала ў падначаленыя структуры інфармацыю аб пашырэньні выкарыстаньня беларускай мовы ў садках і школах рэгіёну — «для разгляду і выкарыстаньня ў дзейнасьці».
Свабодзе стаў вядомы зьмест гэтага дакумэнту. Мы дазналіся, чыя гэта ініцыятыва і ці будзе яна мець хоць які працяг.
У лісьце прыводзяцца зьвесткі пра стан беларускамоўнай адукацыі, сабраныя абласным інстытутам разьвіцьця адукацыі.
Што зь беларускай мовай у дзіцячых садках Гомельшчыны
- У вобласьці 664 дзіцячыя садкі, 209 зь іх (31,5%) — зь беларускай мовай навучаньня. Аднак у абсалютных лічбах на беларускай мове выхоўваюцца толькі 6,8% дашкольнікаў. Гэта можа тлумачыцца малымі групамі дзяцей у вясковых садках і вялікімі — у райцэнтрах.
- У параўнаньні з 2015/2016 навучальным годам сёлета на 6 зьменшылася колькасьць садкоў зь беларускай мовай навучаньня і колькасьць выхаванцаў у гэтых установах (-279). Значнае зьніжэньне колькасьці выхаванцаў беларускамоўных групаў адзначана ў Брагінскім (-12%) і Кармянскім (-10,4%) раёнах.
- Пры аднолькавай колькасьці ўстаноў зь беларускай мовай навучаньня ў 2015/2016 і 2018/2019 навучальных гадах назіраецца зьніжэньне колькасьці выхаванцаў, для якіх навучальны працэс арганізаваны на беларускай мове, ва ўсіх раёнах вобласьці, апроч Добрускага.
- Новая ўстанова дашкольнай адукацыі зь беларускай мовай навучаньня адкрыта ў Гомлі. Цяпер тут два беларускамоўныя садкі са 127. Колькасьць выхаванцаў садкоў зь беларускай мовай навучаньня павялічылася на 0,1%.
Што зь беларускай мовай у школах Гомельшчыны
- У вобласьці 529 школ, у 231 з іх (43,6%) навучальны працэс арганізаваны на беларускай мове. Аднак у абсалютных лічбах па-беларуску вучацца толькі 11,03% дзяцей.
- У параўнаньні з 2015/2016 навучальным годам колькасьць школаў зь беларускай мовай навучаньня зьменшылася на 12, колькасьць вучняў у іх — на 2624 чалавекі.
- Зьніжэньне колькасьці вучняў ва ўстановах зь беларускай мовай навучаньня назіраецца ва ўсіх раёнах вобласьці, апроч Калінкавіцкага.
- Пры адсутнасьці ў Гомлі ўстаноў зь беларускай мовай навучаньня ў гімназіі № 36 імя Мележа існуюць тры беларускамоўныя клясы (першая, другая і трэцяя) з 63 вучнямі.
Чаму «Гісторыю Беларусі» выкладаюць па-расейску і што з гэтым рабіць?
- Колькасьць настаўнікаў, якія выкладаюць «Геаграфію Беларусі» на беларускай мове, павялічылася з 22% у 2016 годзе да 39% у 2018-м.
- Колькасьць настаўнікаў, якія выкладаюць «Гісторыю Беларусі» на беларускай мове, у параўнаньні з 2016 годам паменшылася ўдвая (з 65,5% да 31,5%).
- У школах Гомля не вывучаюць гэтыя прадметы на роднай мове.
- ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дзеці захочуць вучыць любы прадмет па-беларуску, калі ён будзе цікава выкладацца...» Чаму ж «Гісторыю Беларусі» ў асноўным выкладаюць па-расейску? Па выніках апытаньня настаўнікаў гісторыі і мэтадыстаў раённых аддзелаў адукацыі ўлады вызначылі наступныя прычыны:
- нізкі ўзровень валоданьня беларускай мовай настаўнікамі-прадметнікамі;
- адсутнасьць ва ўстановах падручнікаў на беларускай мове;
- недастатковы ўзровень слоўнікавага запасу вучняў, які не дазваляе ў поўнай меры засвойваць вучэбны матэрыял;
- недахоп вучэбных дапаможнікаў, вучэбных выданьняў на беларускай мове для работы ў пазаўрочны час па вучэбным прадмеце.
У інфармацыйным лісьце Галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму паведамляецца, што летась абласны інстытут адукацыі арганізаваў павышэньне кваліфікацыі настаўнікаў геаграфіі і гісторыі Беларусі з правядзеньнем заняткаў па-беларуску. У 2019 годзе «праз адсутнасьць заявак» такое павышэньне кваліфікацыі не заплянаванае.
Беларускую мову настаўнікі выкарыстоўваюць выключна на ўроках
Афіцыйнае дасьледаваньне паказала, што ў большасьці ўстаноў з расейскай мовай навучаньня беларуская мова выкарыстоўваецца толькі пры правядзеньні вучэбных і дадатковых заняткаў.
- На перапынках, пры арганізацыі выхаваўчай работы настаўнікамі беларускай мовы і літаратуры выкарыстоўваецца расейская мова.
- Мерапрыемствы па мове, гісторыі і традыцыях беларусаў праводзяцца ў асноўным у межах тыдня беларускай мовы і літаратуры, міжнароднага Дня роднай мовы.
- Структура і зьмест урокаў беларускай мовы і літаратуры не адпавядае сучасным патрабаваньням: адсутнічаюць тэкстацэнтрычны, лінгвакультуралягічны падыходы, не выкарыстоўваюцца прынцыпы дыфэрэнцыяцыі і індывідуалізацыі навучаньня, кантрольна-ацэначная дзейнасьць зводзіцца да выстаўленьня адзнак без камэнтарыяў.
Што інстытут разьвіцьця адукацыі рэкамэндуе аддзелам адукацыі?
- Забясьпечыць пераемнасьць мовы навучаньня пры аптымізацыі ўстаноў дашкольнай і агульнай адукацыі і пераводзе навучэнцаў у іншыя ўстановы.
- Спрыяць фармаваньню беларускамоўных групаў пры адкрыцьці груп, устаноў дашкольнай адукацыі.
- Разгледзець пытаньне адкрыцьця беларускамоўных групаў у садках для забесьпячэньня падрыхтоўкі і пераемнасьці пры паступленьні дзяцей у першыя клясы школаў зь беларускай мовай навучаньня.
- Прадугледжваць улік колькасьці падручнікаў і дапаможнікаў, якія ёсьць у раёне, пры пераходзе ўстаноў на другую мову навучаньня.
- Стварыць умовы для ўдасканаленьня прафэсійнага майстэрства настаўнікаў геаграфіі і гісторыі Беларусі, якія выкладаюць прадметы на беларускай мове.
- Арганізаваць навучаньне настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры спосабам выкарыстаньня абласнога віртуальнага рэсурсу на беларускай мове «Белы ветразь».
- Забясьпечыць слоўнікамі школы ў колькасьці, неабходнай для якаснай работы.
Можа, ёсьць нешта добрае?
- У параўнаньні з 2016 годам на 70 павялічылася колькасьць устаноў, дзе на беларускай мове аформлена стэндавая інфармацыя, створаны этнаграфічныя куткі і музэйныя пакоі.
- З 49 у 2016 годзе да 129 у 2018 павялічылася колькасьць устаноў, у якіх дакумэнтацыя і стэндавая інфармацыя аформлены і вядуцца на беларускай мове ў поўным аб’ёме.
- 56 устаноў адукацыі (у 2016 годзе — 6) вядуць сайты на беларускай мове.
Мясцовыя ўлады: «Нейкіх пэўных звышзахадаў рабіцца ня будзе»
Начальніца аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спэцыяльнай і прафэсійнай адукацыі Галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму Натальля Сапрыка сказала карэспандэнту Свабоды, што інфармацыя аб пашырэньні выкарыстаньня беларускай мовы падрыхтавана на ініцыятыву ўпраўленьня.
«Гэта не цэнтралізавана, хоць існуе і агульны плян, праводзіцца такая праца. Але гэта наш унутраны дакумэнт. Мы пэрыядычна глядзім усе кірункі дзейнасьці, каб бачыць, як разьвіваецца сыстэма адукацыі», — сказала чыноўніца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каб вывучаць у школе беларускую мову — дастаткова 7 дзяцей. Як суседнія краіны спрыяюць беларускай мовеУ дакумэнце гаворыцца пра рэкамэндацыі, але ці будуць зроблены канкрэтныя крокі для пашырэньня выкарыстаньня беларускай мовы ў адукацыйнай сфэры?
«Нейкіх пэўных звышзахадаў рабіцца ня будзе. Гэтыя працэсы натуральныя для кожнай установы адукацыі. Гэта агульны аналіз па вобласьці. Гэта інфармацыя для роздуму, для прыняцьця мер у кожнай канкрэтнай установе, дзе неабходна. А нейкія глябальныя зьмены могуць адбывацца толькі на дзяржаўным узроўні», — сказала Натальля Сапрыка.
Яна ня бачыць вялікіх праблем зь беларускай мовай у рэгіёне.
«Вучэбныя праграмы выконваюцца, мерапрыемствы праводзяцца. Беларуская і расейская — гэта дзьве дзяржаўныя мовы, якія адна адной не перашкаджаюць і не супярэчаць. Я ня бачу нейкіх вялікіх праблем. Калі вы бачылі сам дакумэнт, то там усё добра. Ёсьць плюсы і мінусы. Але нічога такога, што б мяне турбавала, каб трэба было прымаць кардынальныя меры, няма».
Мінадукацыі: «Указаньняў ад нас не было»
Прэсавая сакратарка Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая сказала карэспандэнту Свабоды, што «інфармацыя аб пашырэньні выкарыстаньня беларускай мовы ў садках і школах» — гэта ініцыятыва Галоўнага ўпраўленьня адукацыі Гомельскага аблвыканкаму.
«Такіх указаньняў ад міністэрства не было. У нас беларуская мова і літаратура вывучаюцца ў рамках вучэбнага прадмета і праграмы. Нічога новага няма», — сказала яна.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінадукацыі: Пры фармаваньні беларускамоўных груп у садках будуць улічвацца інтарэсы большасьціТаварыства беларускай мовы: «У Гомлі па-ранейшаму адсутнічае магчымасьць навучаньня па-беларуску»
Старшыня Гомельскай гарадзкой філіі «Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны» Алеся Аўласевіч лічыць, што нарэшце ўлады прызналі тыя праблемы, пытаньні пра якія гомельская філія ТБМ падымае гадамі.
«Мы даказалі, што попыт ёсьць, правялі сваё дасьледаваньне, па выніках якога было відавочна, што па розных падліках да 20% дзяцей маглі б навучацца па-беларуску, каб ім былі створаныя ўмовы. Гэтыя лічбы сталі для ўладаў нечаканасьцю. Пасьля гэтага зьявілася кляса ў гімназіі № 36, чыноўнікі паабяцалі скарыстаць прапанаваны намі мэханізм асобнага ўліку тых, хто хацеў бы навучацца па-беларуску, для камплектацыі групаў у садках, які невядома, ці працуе сёньня», — пракамэнтавала Алеся Аўласевіч.
Яна лічыць, што колькасьць дзён роднай мовы, тыдняў, адмысловыя акцыі — усё гэта маскуе асноўную праблему.
«У Гомлі адсутнічае магчымасьць навучацца па-беларуску! Так, ёсьць тры клясы, але вам вельмі пашэнціць, калі вы з таго ж раёну, што і гімназія № 36. Так, ёсьць адна група ў садку, але набіраецца яна раз на чатыры гады», — зазначыла старшыня гарадзкой філіі ТБМ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гамяльчук ня здолеў засудзіць чыноўнікаў, якія адмовілі яго дачцэ ў навучаньні па-беларускуАлеся Аўласевіч мяркуе, што для канкрэтнага вырашэньня праблемы трэба:
- загад зьверху і наяўнасьць кадраў;
- настаўнікі, гатовыя выкладаць па-беларуску фізыку, англійскую мову, працоўнае навучаньне, а значыць, валодаць абедзьвюма дзяржаўнымі мовамі на адпаведным узроўні;
- у навучальных установах можна ўвесьці квоту на беларускамоўных настаўнікаў з адпаведнай сэртыфікацыяй — 50%;
- замяніць хаця б кожны дзясяты білборд у Гомлі «Я люблю Беларусь» на «Вядзецца набор у беларускамоўную групу садку №...» з нумарам тэлефона;
«Больш увагі, кантролю як з боку грамадзтва, так і з боку ўлады над сытуацыяй — і ўсё ў нас атрымаецца», — упэўнена старшыня гарадзкой філіі ТБМ.