Прэм’ер-міністарка Брытаніі Тэрэза Мэй, спрабуючы ўгаварыць палату абшчын вывесьці сытуацыю з Брэксытам з тупіку і прагаласаваць за праект дамовы аб выхадзе з Эўразьвязу, адхіліла заклікі правесьці другі рэфэрэндум наконт членства ў ЭЗ і нічога не сказала пра магчымасьць сваёй адстаўкі і пазачарговых выбараў, паведамляе расейская служба Бі-Бі-Сі.
У сваёй прамове ў панядзелак у парлямэнце Тэрэза Мэй двойчы паўтарыла, што прапанова аб другім рэфэрэндуме, на яе думку, не набірае большасьці ў Палаце абшчын, і самая рэалістычная магчымасьць пазьбегчы «абвальнага» выхаду з ЭЗ у канцы сакавіка — гэта прагаласаваць за дамову аб выхадзе, узгодненую яе ўрадам і ЭЗ.
У панядзелак прэм’ер-міністарка Брытаніі фармальна зноў унесла гэтую дамову на галасаваньне ў Палату абшчын. На мінулым тыдні парлямэнт рэкорднай большасьцю адхіліў гэты праект.
Фармальна парлямэнт абавязаў Мэй прапанаваць яму новы варыянт дамовы, але фактычна гэта немагчыма хоць бы таму, што Эўразьвяз неаднаразова і цьвёрда заяўляў, што не зьбіраецца пераглядаць гэты дакумэнт.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Плян Мэй праваліўся. Што будзе далей з Брэксытам?Новае галасаваньне па праекце пагадненьня аб выхадзе Брытаніі з ЭЗ прызначана на 29 студзеня. Тэрэза Мэй паабяцала, што ў астатнім часе будзе весьці перамовы з усімі партыямі, а затым з Брусэлем.
У прамове Тэрэзы Мэй, якая апісала розныя варыянты разьвіцьця сытуацыі, адсутнічаў адзін пункт: магчымасьць яе адстаўкі і пазачарговых выбараў пасьля другога (ці, магчыма, трэцяга) правалу дамовы з ЭЗ у Палаце абшчын.
Між тым гэты варыянт — з адначасовым пераносам фармальнага выхаду з ЭЗ — актыўна абмяркоўваецца і брытанскімі палітыкамі, і палітычнымі камэнтатарамі. Да адстаўкі Мэй і пазачарговых выбараў заклікае лідэр апазыцыйнай лейбарысцкай партыі Джэрэмі Корбін.
Перад гэтым галасаваньнем дэпутаты Палаты абшчын маюць намер разгледзець некалькі праектаў рашэньняў, сэнс якіх — адкласьці фармальны выхад з ЭЗ і перадаць кантроль над Брэксытам Палаце абшчын.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўныя спонсары Брэксыту выказалі сумнеў, што ён адбудзеццаАдтэрміноўка, рэфэрэндум і яшчэ пяць варыянтаў
У адным з гэтых законапраектаў прапануецца адкласьці выхад з 29 сакавіка да канца гэтага году і надаць Палаце абшчын права загадваць ураду, што менавіта рабіць на перамовах з ЭЗ.
У двух іншых прапануецца правесьці новы рэфэрэндум аб членстве ў Эўразьвязе.
Аўтар яшчэ аднаго праекту прапануе правесьці сэрыю «індыкатыўных галасаваньняў» па сямі розных варыянтаў дзеяньняў — ад выхаду без пагадненьня да другога рэфэрэндуму — каб высьветліць, які з гэтых варыянтаў набірае хаця б адносную большасьць дэпутацкіх галасоў.
«На працягу наступных тыдня-двух тым або іншым с посабам будуць вывучаныя іншыя варыянты, і калі прэм’ер-міністарка адмовіцца пасунуць свае «чырвоныя лініі , то [...] парлямэнт паспрабуе ўзяць кантроль над працэсам у свае рукі», — сказаў у інтэрвію Бі-Бі-Сі ценявы міністар Брэксыту, лейбарыст Кір Стармэр.
«Да абвальнага выхаду не гатовыя»
Сам Стармэр выступае за другі рэфэрэндум і за тое, каб Брытанія засталася ў Эўразьвязе, але Лейбарысцкая партыя ў цэлым у асобе яе кіраўніцтва пакуль патрабуе ня новага рэфэрэндуму, а афіцыйнай адмовы ад выхаду з ЭЗ без пагадненьня.
«Да 29 сакавіка застаецца ўсяго 68 дзён, — сказаў у нядзелю Стармэр, — а мы зусім не гатовыя. Гэта будзе катастрофа».
На працягу другой паловы мінулага тыдня Тэрэза Мэй і члены яе кабінэту вялі перамовы з апазыцыйнымі партыямі, спрабуючы знайсьці якія-небудзь кампрамісы і ўсё ж сабраць большасьць за праект дамовы з ЭЗ.
Аднак, мяркуючы з выказваньняў апазыцыянэраў, якія ўдзельнічалі ў гэтых кансультацыях, жаданага Тэрэзай Мэй выніку яны не далі.
Лідэр лейбарыстаў Джэрэмі Корбін наогул не пайшоў на Даўнінг-стрыт. Ён запатрабаваў, каб да пачатку перамоваў зь ім прэм’ер-міністарка афіцыйна абавязалася не дапусьціць «абвальнага» выхаду з ЭЗ. Аднак Тэрэза Мэй адмаўляецца гэта рабіць.