Амбасада Беларусі ў Расеі не атрымлівала афіцыйнага паведамленьня пра затрыманьне ў Маскве грамадзянаў Беларусі Анастасіі Вашукевіч (Рыбкі), Аляксандра Кірылава (Алекса Лэсьлі) і Андрэя Жэшкі, паведаміла Свабодзе інфармаваная крыніца. Пакуль што амбасада атрымлівае інфармацыю пра Рыбку і іншых затрыманых са СМІ.
Абноўлена: расейскі бок паведаміў амбасадзе Беларусі пра затрыманьне грамадзян Беларусі (імёны амбасада не ўдакладніла). У консульскім аддзеле амбасады абяцаюць сустрэцца з Вашукевіч у бліжэйшы час, піша Tut.by.
Анастасію Вашукевіч і іншых грамадзянаў Беларусі затрымалі ў аэрапорце Шарамецьева прыкладна а 19-й гадзіне ў чацьвер, 17 студзеня на 48 гадзін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што беларускія палітыкі і праваабаронцы кажуць пра затрыманьне Насьці РыбкіПаводле дыпляматычнай практыкі расейскі бок павінен быў паведаміць беларускаму боку пра затрыманьне грамадзянаў Беларусі цягам 72 гадзін.
У суботу, 19 студзеня Нагацінскі суд Масквы працягнуў тэрмін затрыманьня Анастасіі Вашукевіч, Аляксандра Кірылава і Андрэя Жэшкі на трое сутак. Судовае паседжаньне аб вызначэньні меры стрыманьня для Рыбкі і астатніх адкладзена да 22 студзеня.
Ні амбасада Беларусі ў Расеі, ні Міністэрства замежных спраў Беларусі пакуль афіцыйна не камэнтуюць сытуацыю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Разам з Насьцяй Рыбкай можа быць затрыманы яшчэ адзін грамадзянін БеларусіЧаму мы пішам пра Насьцю Рыбку?
Насьця Рыбка стала вядомая пасьля расьсьледаваньня расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага пра магчымыя карупцыйныя сувязі мільярдэра Алега Дзерыпаскі і намесьніка кіраўніка ўраду Расеі Сяргея Прыходзькі.
Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней пра тое, што адбывалася на яхце Дзерыпаскі, яна расказала ў сваёй кнізе і ў сацыяльных сетках.
Анастасія Вашукевіч, Аляксандар Кірылаў і яшчэ 7 чалавек былі затрыманыя ў Патаі ў канцы лютага 2018 году. Паводле ўладаў, яны арганізоўвалі «сэкс-трэнінгі», ня маючы дазволу працаваць у Тайляндзе. Большасьць удзельнікаў сэмінараў былі мужчыны.
Аляксандар Кірылаў заяўляе, што супраць яго і Анастасіі Вашукевіч была праведзеная сакрэтная апэрацыя. Паліцыя распавяла The New York Times, што «замежны шпіён» быў у канфэрэнц-залі падчас трэнінгу і што гэты шпіён кантактаваў з афіцэрамі, якія чакалі пачатку апэрацыі па затрыманьні ўдзельнікаў «трэнінгу».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турму для Рыбкі замовіў расейскі мільярдэр: доказы Навальнага