50 год таму, 19 студзеня 1969 году, у адным з праскіх шпіталяў ад апёкаў памёр Ян Палах — 20-гадовы чэскі студэнт, які трыма днямі раней на знак пратэсту супраць савецкай акупацыі Чэхаславаччыны выйшаў на Вацлаўскую плошчу, абліў сябе бэнзінам і падпаліў. Увесь сьвет скалануўся ад самаахвярнага ўчынку маладога хлопца. Пра яго выказваліся папа Рымскі, прэзыдэнты заходніх дзяржаў. Усясьветныя мэдыі былі запоўненыя паведамленьнямі з Прагі. А што пра гэта дазволена было ведаць жыхарам савецкай Беларусі?
Нядзельная раніца 19 студзеня 1969 году была ў Менску марозная і сьнежная. З газэтаў, якія выйшлі ў гэты дзень, жыхары Беларусі маглі даведацца, што ў сьвеце напярэдадні адбыліся дзьве важныя падзеі: вярнуліся на Зямлю касманаўты «Саюзу-4» і «Саюзу-5», якія «ўпершыню ў сьвеце правялі стыкоўку і пераход з аднаго карабля ў другі»; і — партыя за паўтара года распачала маштабную падрыхтоўку да 100-годзьдзя Леніна. Адпаведна — большая частка газэтаў амаль на ўсіх старонках стракацела патаснымі загалоўкамі:
- «Заданьне Радзімы выканана: чацьвёрка адважных зноў на Зямлі»
- «Абнімаем вас, зорныя волаты!»
- «На ленінскай вахце»
- «Зрабіць 1969 год годам ленінскай ударнай работы»
- «І ў космасе, і на Зямлі жыць і змагацца па Ільічу».
Ці можна было даведацца пра падзеі ў Чэхаславаччыне зь беларускіх савецкіх газэт? Часткова — так. Праўда, хутчэй не даведацца, а здагадацца. У «Звяздзе» за 19 студзеня 1969 г. у разьдзеле міжнародных навін — звыклая для таго часу палітычная карыкатура: хцівыя імпэрыялісты (чамусьці ў чорных акулярах і рагатых касках) сквапна пазіраюць на памежны слуп з надпісам «ЧССР», а над імі — амэрыканскія вайсковыя самалёты.
Побач — паведамленьне ТАСС пра пленум Кампартыі Чэхаславаччыны, зь якога, праўда, ні пра якія канкрэтныя факты даведацца немагчыма. (Першы сакратар ЦК КПЧ А.Дубчэк заявіў пра неабходнасьць «умацаваньня адзінства дзеяньняў і арганізацыйнага адзінства партыі» і г.д.).
Гартаючы старыя газэтныя падшыўкі, я быў амаль перакананы, што імя Яна Палаха ў іх не знайду. Але, выявілася — памыляўся. Празь некалькі дзён пасьля сьмерці студэнта «Звязда» надрукавала пераказ выступу па тэлебачаньні прэзыдэнта ЧССР Людвіка Свобады. У паведамленьні згадвалася, што прэзыдэнт «выказаў жаль у сувязі з самазабойствам студэнта Яна Палаха, асудзіў спробы выкарыстаньня гэтага трагічнага эпізоду з антысацыялістычнымі мэтамі і заклікаў перашкодзіць злоўжываньню чалавечымі пачуцьцямі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У вас бредовые идеи!» Як гісторык Сідарэвіч трапіў у псыхушку за крытыку савецкага ўварваньня ў Чэхаславаччыну«Камуністы-імпэрыялісты, прэч з Прагі!»
Многія савецкія грамадзяне, як вядома, умелі чытаць камуністычныя газэты паміж радкоў і нават з прапагандысцкіх тэкстаў вывуджваць праўдзівую інфармацыю. Дапамагалі і заходнія радыёстанцыі, у тым ліку «Свабода». Караткахвалевыя прымачы напрыканцы 60-х гадоў былі ўжо ў многіх беларускіх сем’ях. КДБ БССР, які пільна сачыў за рэальнай сытуацыяй у грамадзтве, фіксаваў у той час «нездаровыя размовы і настроі». Сярод тых, хто асуджаў савецкую агрэсію ў Чэхаславаччыне, былі, паводле зьвестак органаў бясьпекі, менскі «прадпрымальнік» Л.Клянцоў, тэхноляг з Магілёва В.Максіменка, гадзіньнікавы майстар зь Берасьця Ф.Шыдлоўскі, менскі інжынэр А.Грынберг, вілейскі рабочы Пірожнікаў, пісьменьнік Ф.Яфімаў, журналіст і гісторык А.Сідарэвіч. Уначы на 22 жніўня Мікалай Якімовіч раскідаў у цэнтры Менску пісаныя рукой друкаванымі літарамі ўлёткі такога зьместу: «Камуністы-імпэрыялісты, прэч з Прагі. Іхняя свабода сёньня — гэта наша свабода заўтра. Зброя нэасталіністаў — хлусьня».
Тысячы беларускіх сем’яў адчулі ўплыў чэхаславацкіх падзеяў на сабе. У жніўні і верасьні 1968 году сотні і сотні маладых беларускіх рэзэрвістаў зь ліку былых мотастралкоў, танкістаў і дэсантнікаў атрымалі позвы з ваенкаматаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Даруй, Яне! Успаміны беларуса, які ў складзе савецкай арміі акупаваў ЧэхаславаччынуКірзавыя боты для заваяваньня Чэхаславаччыны
Мой дзядзька з Горадні Генрых Матусэвіч, які тады таксама быў мабілізаваны, потым на працягу многіх гадоў любіў успамінаць, як яму ўдалося пазьбегнуць адпраўкі ў Чэхаславаччыну. Казаў: тое, што накіроўваюць у ЧССР, ведалі ўсе. Што там робіцца і ці давядзецца страляць — ня ведаў ніхто. Дзядзьку, у якога на той час было двое малых дзяцей і маладая жонка, такія пэрспэктывы зусім ня радавалі. Ну, але пра жаданьні ў маладых рэзэрвістаў, зразумела, ніхто не пытаўся. Перад адпраўкай усіх накіравалі па абмундзіраваньне. А дзядзька быў мужчына мажны, пад два мэтры росту, і адпаведна — з унушальным памерам нагі. Мундзір яму не бязь цяжкасьці знайшлі, а вось з ботамі ніяк не выходзіла. Якую пару ні прынясуць — цесныя. Апошняя пара — 48-га памеру — ужо больш-менш пасавала, але тут я, — успамінаў дзядзька, — вырашыў схітраваць. Падкурчыў пальцы і кажу: і гэтыя цесныя, нясіце 49-ы памер. Шукалі ўсю ноч — на ніводным складзе не знайшлі. Раніцай адпусьцілі дахаты: не накіроўваць жа салдата на вайну ў цывільных сандалетах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брэжнеў у Менску: «Пётра Міронавіч налівае, а ня п’е! Куды гэта гадзіцца?»«Ужо амаль у кожным трэцім доме калгасьніка ёсьць тэлевізар»
Пра рэальныя жыцьцёвыя турботы, якімі жылі беларусы 50 год таму, з газэтаў ад 19 студзеня 1969 году даведацца складана. У савецкім друку, як вядома, любілі ў асноўным хваліцца. «Звязда» паведамляла, што ў сельгасарцелі «Ленінскае жыцьцё» Рагачоўскага раёну «ўжо амаль у кожным трэцім доме калгасьніка ёсьць тэлевізар», а жывёлаводы пасьля работы «зьбіраюцца ля тэлевізара ў чырвоным кутку на фэрме». Калі нехта ў маёй роднай вёсцы Красна Шчучынскага раёну прачытаў у той дзень гэтую заметку, то, напэўна, вельмі пазайздросьціў працаўнікам рагачоўскай сельгасарцелі «Ленінскае жыцьцё». У нашай вёсцы тады не было ніводнага тэлевізара. А калі б і быў, то глядзець яго было б немагчыма: у вёсцы да сярэдзіны 1969 году не было электрычнасьці. Адна з самых запамінальных рэчаў майго маленства, якое прыпала на тыя гады, — керасінавая лямпа над сталом пад закуранай драўлянай бэлькай. Пад гэтай лямпай я якраз у той час, у чатырохгадовым узросьце, вучыўся чытаць — у асноўным па газэтах, бо дзіцячых кніжак у хаце не было. Напэўна, мог прачытаць і гэтую заметку са «Звязды» ад 19 студзеня 1969 году: «У Купяціцкай васьмігадовай школе Пінскага раёну дзеці праслухалі даклад настаўніцы Еўдакіі Кравец „Два дзяцінствы“ — аб цяжкім мінулым дзяцей да Вялікай Кастрычніцкай рэвалюцыі, а таксама ў час гаспадараньня ў Заходняй Беларусі польскіх паноў. Пра сваё шчасьлівае дзяцінства расказвалі самі школьнікі».
Як Макар Пасьлядовіч застаўся без вады
І яшчэ за адну кароткую публікацыю таго нумара «Звязды» зачапілася вока. У рубрыцы «Пісьмо ў рэдакцыю» надрукавана невялікая заметка «За што мяне вінавацяць?» аўтарства Макара Пасьлядовіча (магчыма, гэта поўны цёзка вядомага ў той час пісьменьніка, хоць, хутчэй за ўсё, сам пісьменьнік і ёсьць). У адну зь першых пятніц новага 1969 году ў аўтара здарылася камунальная бяда: прарвала трубу з гарачай вадой. Зь вялікімі цяжкасьцямі ўдалося знайсьці сантэхніка. Той прыйшоў, паглядзеў на дзіравую трубу:
— Сёньня нічога не магу зрабіць. У канторы нікога няма. А заўтра і пасьлязаўтра — выхадныя дні. У панядзелак прымем меры.
Толькі ў панядзелак увечары Макар Пасьлядовіч нарэшце дачакаўся майстра:
«Ён, быццам абухом, аглушыў такой навіной: домакіраўніцтва ўзбуджае судовую справу супраць мяне за тое, што я, нібыта, наўмысна заліў вадой сваіх суседзяў. Спытаў суседзяў, мажліва, яны паскардзіліся. Аказалася, што нават і ня думалі, бо разумеюць, што не мая віна, ня я праламаў трубу.
Паказаў сьлесару няспраўны бачок у ванным пакоі. Ён пагадзіўся, што яго сапраўды трэба мяняць. А потым сказаў:
— Запасных бачкоў у нас няма, таму мы зусім адключым у вас ваду...»
...З таго часу мінула паўстагодзьдзя. З ботамі, тэлевізарамі, электрычнасьцю, дзіцячымі кнігамі, сантэхнікамі і зьліўнымі бачкамі ў былым Савецкім Саюзе за гэты час стала куды лепш. А вось з асваеньнем космасу, будаўніцтвам камунізму і дамінаваньнем Масквы ва Ўсходняй Эўропе — зусім наадварот. Хоць, як ні дзіўна, і сёньня нямала тых, хто ня хоча памятаць, як было ў СССР са зьліўнымі бачкамі, і горка шкадуе, што цяпер ужо немагчыма паехаць у Прагу на танку.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пратэст коштам уласнага жыцьця: 50 гадоў таму спаліў сябе Ян Палах