Савет Міністраў Беларусі 15 студзеня вызначыў парадак прызнаньня сацыяльна небясьпечнага становішча дзяцей, піша Pravo.by.
Якія крытэры сацыяльна небясьпечнага становішча?
- Незадавальненьне бацькамі асноўных жыцьцёвых патрэбаў дзіцяці (пакіданьне бяз ежы, перашкоды атрыманьня абавязковай агульнай базавай адукацыі, сыстэматычнае невыкананьне рэкамэндацый мэдыкаў па дыягностыцы, лячэньню ці мэдычнай рэабілітацыі, што пагражае яго жыцьцю і здароўю і іншыя);
- Незабесьпячэньне бацькамі нагляду за паводзінамі дзіцяці і яго ладам жыцьця, праз што дзіця зьдзяйсьняе правапарушэньні;
- Вядзеньне бацькамі амаральнага ладу жыцьця, злоўжываньне сваімі правамі ці жорсткае стаўленьне да дзіцяці, якія нясуць небясьпеку жыцьцю і здароўю дзіцяці.
Пастановай Савету Міністраў таксама рэгулююцца працэсы:
- Выяўленьня дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы;
- Арганізацыі і правядзеньня сацыяльнага расьсьледаваньня (вывучэньне становішча і абсьледаваньне ўмоваў жыцьця і выхаваньня дзіця);
- Прыняцьця рашэньня аб прызнаньні дзіця зьмешчаным у сацыяльна небясьпечнае становішча, кантроль за яго выкананьнем і абскарджаньне такога рашэньня;
- Рэалізацыі мерапрыемстваў, накіраваных на ліквідацыю сацыяльна небясьпечнага становішча і забесьпячэньне кантролю за ўмовамі ўтрыманьня, адукацыі дзяцей.
У 2018 годзе пасьля крытыкі Аляксандра Лукашэнкі Міністэрства ўнутраных спраў адмовілася ад падрыхтоўкі закону «Аб супрацьдзеяньні хатняму гвалту». Кіраўнік Беларусі заяўляў, што гэта «дурасьць, узятая з Захаду», а там «мужык з мужыком жэніцца, дзяцей няма каму нараджаць».