Прэзыдэнт Армэніі прызначыў Пашыньяна прэм’ер-міністрам

Нікол Пашыньян

Прэзыдэнт Армэніі Армэн Саргсьян падпісаў указ аб прызначэньні Нікола Пашыньяна прэмʼер-міністрам краіны. Адпаведны дакумэнт апублікавалі на сайце прэзыдэнта.

Пашыньян стаў прэмʼерам Армэніі ў траўні гэтага года пасьля масавых акцый пратэсту. Дэманстрацыі былі выкліканыя незадаволенасьцю праўленьнем Сэржа Саргсьяна і яго партыі, а таксама тым, што Саргсьян, які два тэрміны быў прэзыдэнтам, паспрабаваў застацца ва ўладзе на трэці тэрмін, стаўшы прэмʼерам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы польскі пасол у Менску падказаў беларусам, з каго браць прыклад


У сярэдзіне кастрычніка Пашыньян падаў у адстаўку, а ў пачатку лістапада прэзыдэнт Армэніі распусьціў парлямэнт і падпісаў указ аб пазачарговых выбарах. Пакуль Пашыньян узначальваў урад, ён пасьпеў замяніць усіх губэрнатараў у краіне, пачаў антыкарупцыйную кампанію і дамогся павелічэньня падатковых паступленьняў.

9 сьнежня мінулага года ў краіне прайшлі пазачарговыя парлямэнцкія выбары. Перамогу на іх атрымаў блок Пашыньяна «Мой крок», які набраў 70,43% галасоў. Былая кіруючая Рэспубліканская партыя Армэніі экс-прэзыдэнта Сэржа Саргсьяна ў парлямэнт не прайшла — яна не змагла пераадолець барʼер у 5%, атрымаўшы толькі 4,7% галасоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Растуць цэны на кватэры, бо армяне вяртаюцца з-за мяжы». Што Пашыньян зрабіў з Армэніяй за паўгода