У красавіку дэпутаты Палаты прадстаўнікоў разгледзяць законапраект «Аб правах інвалідаў і іх сацыяльнай інтэграцыі». Свабода разам з экспэртамі разабралася, якія зьмены ён нясе і ў чым праект варта было б дапрацаваць.
Што дае законапраект
Падрыхтоўка такога законапраекту — гэта працяг падпісаньня Беларусьсю Канвэнцыі аб правах людзей з інваліднасьцю. Гэты міжнародны дакумэнт быў падпісаны яшчэ ў 2016 годзе, а новы законапраект беларускія дэпутаты будуць разглядаць сёлета ў красавіку. Калі яго прымуць, дакумэнт мае гарантаваць людзям з інваліднасьцю:
- 3% працоўных месцаў у любой арганізацыі, апроч тых, якія ва ўласнасьці аб’яднаньняў людзей з інваліднасьцю. Месцы могуць быць любыя: ад пасады прэзыдэнта да прыбіральшчыка. У гэты працэнт не ўключаюцца пасады са шкоднымі ці небясьпечнымі ўмовамі працы;
- забарону на дыскрымінацыю і абарону ад дыскрымінацыі;
- самастойны лад жыцьця і ўключэньне ў грамадзкую і сацыяльную дзейнасьць;
- кваліфікаваную дапамогу зь перакладам на мову жэстаў;
- індывідуальную мабільнасьць;
- адукацыю;
- права на рэабілітацыю і абілітацыю (здабыцьцё пэўных уменьняў і навыкаў);
- права на адаптацыю да працоўнай дзейнасьці;
- даступнасьць транспарту, грамадзкіх месцаў, жыльля.
Што засталося нявырашаным
Праблемы новага законапраекту пачынаюцца зь яго назвы. На гэта ў размове з карэспандэнтам Свабоды зьвяртае ўвагу праваабаронца зь арганізацыі «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю» Сяргей Драздоўскі.
«У назьве фігуруе слова „інвалід“. Усе арганізацыі настойвалі на тым, каб закон назвалі „Аб правах людзей з інваліднасьцю...“, каб ён адпавядаў ангельскай назьве канвэнцыі, але катэгарычна ўперліся, каб казаць „інвалід“. У гэтым няма ніякага практычнага сэнсу, проста сымбалічная барацьба».
Сяргей Драздоўскі пералічвае наступныя праблемы законапраекту.
- Мэханізм абароны правоў пералічваецца адным пунктам: «У выпадку парушэньня правоў зьвяртайцеся ў суд». Для гэтага, на думку Драздоўскага, можна было б не падпісваць Канвэнцыю, бо суд і так існуе.
- Дзяржава захоўвае за сабой поўную манаполію на ўплыў на жыцьцё людзей з інваліднасьцю. Вырашаць, якую ступень інваліднасьці прысвоіць чалавеку, будзе Мінздароўя, апекавацца яго працаўладкаваньнем і іншымі праблемамі будзе дзяржава.
Паводле Сяргея Драздоўскага, праблему інклюзіўнасьці для людзей з інваліднасьцю законапраект вырашае ня цалкам.
«Гэты законапраект павінен зрабіць роўнымі людзей з інваліднасьцю і іншых. Інклюзія — гэта тое, як чалавек удзельнічае ў жыцьці. У законе дыскрымінацыя — гэта асобны артыкул, і гэта добра. Але яна слаба зьвязаная зь іншымі нормамі. Напрыклад, законапраект дае права абіраць, але не апісвае, як быць абраным. Закон абыходзіць пытаньне працаздольнасьці, а гэта наагул глябальная праблема. У закон трапілі адпрацаваныя рэчы, якія ёсьць і цяпер», — кажа кіраўнік «Офісу па правах людзей з інваліднасьцю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жанчына-інвалід пабудавала пандус і атрымала за гэта штрафПлюсы
Азін з асноўных момантаў у законапраекце, на думку Драздоўскага, — гэта квота 3% абавязковых месцаў у наймальніка. У гэтую квоту могуць уваходзіць і кіраўнічыя пасады. Магло б быць і больш, але, прыкладам, 5% месцаў наўрад ці ўдалося б запоўніць, лічыць экспэрт.
Агульны плюс — тое, што такі закон зьявіўся, ён адпавядае менавіта цяперашняму часу, але варта, каб ён быў разьлічаны і на будучыню, падсумоўвае Сяргей Драздоўскі.
«У тым выглядзе, у якім законапраект ёсьць цяпер, — гэта мінімальна тое, што патрэбна на сёньняшні момант. Гэтыя зьмены трэба захаваць, і як мінімум гэты праект мусіць прайсьці. Калі ў яго ўнясуць пазытыўныя дапаўненьні дэпутаты — будзе толькі лепш».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алімпіяда, чырвоныя валасы, новыя ножкі. Як за год памянялася жыцьцё «Людзей Свабоды — 2017»