У Менску зьявіліся ўлёткі супраць Эўрапейскіх гульняў. Актывісты патлумачылі, на што спадзяюцца

Стыкер супраць Эўрапейскіх гульняў у Менску

У сацсетках зьявіліся фота налепак, улётак і графіці супраць Эўрапейскіх гульняў, якія маюць прайсьці ў Менску летам 2019 году. Свабода спытала актывістаў кампаніі «F*ck Euro Games 2019», хто яны і чаму пратэстуюць.

У сваіх матэрыялах актывісты называюць гэтыя спаборніцтвы «гульнямі з крыві жабракоў», яны засьцерагаюць ад пачатку новых палітычных рэпрэсіяў і прэвэнтыўных затрыманьняў, паўтарэньня «дабраахвотна-прымусовых» загонаў на спаборніцтвы; лічаць, што мільёны рублёў будуць змарнаваныя. Яны перакананыя, што спорту «ня можа быць там, дзе ёсьць спаборніцтвы фармацэўтычных карпарацыяў у стварэньні допінгу».

Ананімны прадстаўнік F*ck Euro Games 2019 паведаміў Свабодзе: праект цалкам аўтаномны, створаны суполкай актывістаў, якія не адносяць сябе да іншых рухаў і партыяў. Актывісты зь Беларусі, але маюць падтрымку «ад розных міжнародных групаў, у асноўным анархічных».

«Нам і не патрэбна скасаваньне гэтых гульняў»

Актывісты разумеюць, што арганізатары не адмовяцца ад гульняў толькі таму, што нехта пратэстуе.

«Мы хочам зьвярнуць увагу грамадзтва на гэтую праблему і максымальна сарваць ўсе дэкарацыі, выбудаваныя перад ёй, — так актывісты адказалі Свабодзе на пытаньне пра мэты пратэсту. — Нам патрэбна ўвага да таго, што адбываецца да і падчас іх. Да рэпрэсіяў супраць нязгодных і да вялізнага марнаваньня грошай у той час, калі эканамічная сытуацыя ў краіне заганяе людзей у рабства.

І, вядома, нашыя акцыі не абмяжоўваюцца аднымі толькі улёткамі, стыкерамі і графіці. Будуць і іншыя фарматы. У канчатковым выніку мы хочам сабраць масавую пратэставую дэманстрацыю, але атрымаецца гэта толькі ў тым выпадку, калі да кампаніі далучыцца вялікая колькасьць нязгодных. Дзеля таго сёньня і трэба займацца агітацыяй».

Прадстаўнік актывістаў тлумачыць, што суполка утварылася адмыслова супраць Эўрагульняў, бо гэта «найбліжэйшая важная для дзяржавы падзея», таму прыярытэт надаюць ёй, а не, напрыклад, «мерапрыемствам БРСМ», а «будуць выбары — будзем пратэставаць і супраць іх таксама».

***

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскія гульні, выбары, рост камуналкі. Чаго чакаць беларусам у 2019 годзе

ІІ Эўрапейскія гульні заплянаваныя на чэрвень. Змагацца за 200 камплектаў узнагарод будуць 4 тысячы спартоўцаў з 50 краінаў, аднак наймацнейшых атлетаў чакаць ня варта — спаборніцтвы ня лічацца ані прэстыжнымі, ані высокарэйтынгавымі.

На Эўрапейскія гульні ў Менск чакаюць 30 тысяч замежных турыстаў. Для параўнаньня, на чэмпіянат сьвету ў хакеі ў Менск прыехалі 80 тысяч іншаземцаў.

Грошы на Эўрапейскія гульні закладзены ў бюджэт Беларусі на 2019 год — больш за 70 мільёнаў даляраў. Да таго ж на падрыхтоўку з прэзыдэнцкага фонду ўжо выдаткавалі 77 мільёнаў рублёў. Толькі цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця Эўрагульняў будуць каштаваць 12 мільёнаў даляраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Колькі будуць каштаваць Эўрагульні для Беларусі