Хрысьціянская поўнаэвангельская царква «Новае жыцьцё», што ў былой вёсцы Сухарава, зноў пад пагрозай зносу. На яе месцы зьбіраюцца пабудаваць сярэднюю школу больш як на тысячу вучняў і басэйн.
16 студзеня ў 6-й школе па вуліцы Янкоўскага, 23 пройдзе грамадзкае абмеркаваньне пляну забудовы.
Галоўная архітэктарка раёну: «Ня будзем прысьпешваць падзеі»
На сайце адміністрацыі Фрунзенскага раёну Менску ўжо апублікавалі дэталёвы плян забудовы гэтай тэрыторыі.
Зь яго вынікае, што царкву «Новае жыцьцё» зьнясуць, а замест яе будзе новая школа на 1241 вучня і басэйн (аб’екты пазначаныя нумарамі 3 і 3.1). Побач — абʼект № 6 у форме крыжа, але ў расшыфроўцы да ПДП яго няма.
Паводле начальніцы ўпраўленьня архітэктуры і будаўніцтва адміністрацыі Фрунзенскага раёну Натальлі Пілецкай, праект дэталёвага плянаваньня вёскі Сухарава канчаткова яшчэ не адкарэктаваны і знаходзіцца на дапрацоўцы ў Менскпраекце.
«У нас на руках няма ад Менскпраекту канчаткова скарэктаванага ПДП вёскі Сухарава. Ня будзем прысьпешваць падзеі. Калі ён зьявіцца, мы яго вывесім на сайце і будзем разам вывучаць, абмяркоўваць і ўносіць прапановы», — сказала Натальля Пілецкая.
Паводле ж іншай працаўніцы гэтага ж упраўленьня, у пляне ўсё як мае быць.
«Там нічога не прапушчана. Усё, што трэба, пазначана. Дзеля таго мы і праводзім прэзэнтацыю 16 студзеня».
Яна адмовілася паведаміць, што за аб’ект пад нумарам 6 пабудуюць побач са школай і басэйнам на месцы царквы «Новае жыцьцё».
«Будзе камісія, будзе праектавальнік — людзі, якія складалі гэты плян, і яны адкажуць на ўсе пытаньні зацікаўленых грамадзян», — сказала архітэктарка.
Яна толькі пацьвердзіла, што на месцы царквы «Новае жыцьцё» сапраўды плянуецца пабудаваць школу з басэйнам.
Пастар Ганчарэнка: «Молімся, каб уладаносцы ўсё ж адумаліся»
Старэйшы пастар царквы «Новае жыцьцё» Вячаслаў Ганчарэнка чуў пра грамадзкае абмеркаваньне ПДП, але ня ведае, што плянуюць пабудаваць на месцы ягонага прыходу.
«Шчыра кажучы, мы самі пакуль дакладна ня ведаем, што яны задумалі. Бо калі мы сустракаліся апошні раз у адміністрацыі Маскоўскага раёну ў лістападзе, чыноўнікі казалі, што ёсьць канкрэтныя пляны. Раней чулі пра школу, дзіцячы садок, а цяпер нібыта ўжо нейкая мэдычная ўстанова. 16 студзеня быццам бы будзе грамадзкае абмеркаваньне ў школе на Янкоўскага.
Мы зьбіраемся на гэтае абмеркаваньне. Спадзяёмся на Божую дапамогу. Бо ў нас царква вялікая — 1600 прыхаджан, працуюць нядзельныя школы, праводзяцца адукацыйныя заняткі.
Молімся, каб адстаяць, каб уладаносцы ўсё ж такі адумаліся», — сказаў Вячаслаў Ганчарэнка.
Будынак царквы «Новае жыцьцё», гісторыя супрацьстаяньня
У 2002 годзе царква «Новае жыцьцё» выкупіла занядбаны кароўнік на ўскрайку гораду, адрамантавала яго, і з 2004 году там адбываюцца набажэнствы.
У 2005 годзе гарадзкія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстаньня зямельным участкам, які раней быў выдзелены царкве бестэрмінова.
У 2006 годзе, каб прыцягнуць увагу да праблемаў царквы, вернікі правялі галадоўку-пост, якая доўжылася каля месяца. Сытуацыя вакол царквы набыла шырокі грамадзкі розгалас і міжнародны рэзананс.
У 2009 годзе суд пазбавіў абшчыну права ўласнасьці на будынак царквы па вуліцы Кавалёва, 72.
У ліпені 2010 году менскі гаспадарчы суд аштрафаваў царкву больш як на 85 тысяч даляраў (у пераліку) «за забруджваньне навакольнага асяродзьдзя». Вернікі палічылі дзеяньні ўлады незаконнымі і вырашылі штраф не плаціць.
Цяперашні ўласьнік будынку, ЖРЭА Маскоўскага раёну Менску, ня раз зьвяртаўся ў эканамічны суд з патрабаваньнем прымусіць царкву «Новае жыцьцё» вызваліць памяшканьне. Аднак царква дзейнічае дагэтуль.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асмалоўка, Трактарны пасёлак і ня толькі. Як уратаваць Менск ад «архітэктурнага галакосту»?