Гамяльчук Яўген Катляроў, вядомы ў сацсетках як «Евгений Какойта», заявіў, што выдумаў гісторыю з затрыманьнем у навагоднюю ноч актывіста Мікіты Канцавога — як і самога актывіста. Катляроў раней правакаваў абаронцаў Курапатаў на канфлікты і спрабаваў зьбіраць кампрамат на гомельскіх журналістаў і апазыцыйных актывістаў.
Яўген Катляроў прызнаўся, што стварыў фальшывую старонку Канцавога ў Фэйсбуку, зь якой і паведаміў пра яго затрыманьне ля Курапатаў.
Як расказаў Свабодзе адзін з абаронцаў Курапатаў Анатоль Навумовіч, з той старонкі каля тыдня таму «Канцавы» пачаў прасіцца ў сябры да іншых абаронцаў Курапатаў, але старонка здалася ім падазронай — актывісты вырашылі не дадаваць сябра.
Пра затрыманьне «актывіста Канцавога» паведаміла інфармацыйнае агенцтва БелаПАН. Катляроў сьцьвярджае, што з выданьня зьвязаліся зь ім і атрымалі камэнтар, але абураецца тым, што выданьне ня спраўдзіла затрыманьне ў міліцыі.
На фэйк адрэагавала газэта адміністрацыі прэзыдэнта «СБ. Беларусь сегодня»: аўтар Андрэй Мукавозчык заяўляе, што журналісты «нават не задумаліся» праверыць факт затрыманьня (а ён нібыта асабіста праверыў гісторыю пра гэтае канкрэтнае затрыманьне, хоць раней газэта не пісала пра затрыманьні абаронцаў Курапатаў), з чаго робіць выснову, што беларускі чытач ня верыць журналістам незалежных СМІ, якія займаюцца «ганарарным сачыняльніцтвам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Советская Белоруссия» заявіла, што Tut.by — не журналістыУлетку 2018 году Яўген Катляроў ня раз наведваў рэстаран «Поедем поедим», дзе правакаваў абаронцаў Курапатаў на канфлікты і здымаў гэта на відэа.
У міліцыі не адказалі, ці быў у навагоднюю ноч затрыманы Мікіта Канцавы
У той жа дзень, калі зьявілася навіна пра «актывіста Канцавога», сапраўды затрымалі трох абаронцаў Курапатаў.
У пошуках зьвестак пра затрыманьне 1 студзеня Мікіты Канцавога карэспандэнт Свабоды зьвяртаўся ў Бараўлянскае аддзяленьне міліцыі, РУУС Менскага раёну і ў ізалятар часовага ўтрыманьня на вуліцы Скарыны, куды зьмяшчаюць правапарушальнікаў зь Менскага раёну.
Нідзе нам не пацьвердзілі, што чалавек з такім імем быў затрыманы. Праўда, беларускія міліцыянты нярэдка заяўляюць журналістам, што нейкага затрыманага ў іх няма, калі чалавек на самой справе знаходзіцца ў аддзяленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ролік зь беларусам, дзе той выдае сябе за ўкраінца, зрабіла кампанія былога журналіста БТ