На канфэрэнцыі аб рэформе вышэйшай адукацыі ў Беларусі, якую ладзіў Цэнтар Астрагорскага, сярод іншых былі прэзэнтаваныя папярэднія вынікі дасьледаваньня «Плягіят у беларускіх ВНУ: прычыны, наступствы, спосабы рашэньня» дырэктара Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў (BISS) Пятра Рудкоўскага і аналітыка Вадзіма Мажэйкі.
Дасьледаваньне пакуль прадстаўленае ў папярэдняй рабочай вэрсіі, мае быць дапоўненае пасьля канфэрэнцыі.
Адзін з пунктаў дасьледаваньня — ананімнае апытаньне 126 студэнтаў беларускіх ВНУ, якое ладзілася ў сьнежні 2016 году і студзені 2017-га. У апытаньні студэнты прызналіся, што:
- 74% здавалі спампаваныя з інтэрнэту чужыя работы (49% зь іх рабілі гэта больш за адзін раз);
- 61% капіявалі чужыя тэксты без пазначэньня крыніцы (38% больш за раз);
- 45% здавалі работу іншага студэнта;
- 32% перакладалі тэкст з замежнай мовы і выдавалі за свой;
- 30% замаўлялі за грошы тэксты, якія здавалі як свае.
Каля паловы апытаных казалі, што зьвяртаюцца да плягіяту праз «адсутнасьць практычнай вартасьці» заданьняў (56% апытаных) і «састарэласьць і непатрэбнасьць» тэмаў заданьняў (46%). Значна меней апытаных казалі, што прычынай плягіяту было тое, што ў час навучаньня не набылі навыкаў акадэмічнага пісаньня і дасьледчыцкай культуры (29%), што існуе цярпімасьць да плягіяту сярод студэнтаў і выкладчыкаў (22%) ці што няма мэханізмаў барацьбы з парушэньнем акадэмічнай сумленнасьці (20%).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускія ВНУ здалі пазыцыі ў рэйтынгу ўнівэрсытэтаў сьветуШто думаюць выкладчыкі
Яшчэ адзін пункт дасьледаваньня — інтэрвію з 11 выкладчыкамі, зь якіх зрабілі высновы, што ёсьць прынамсі некаторыя зь іх, хто даруюць частковы плягіят (або плягіят, не распазнаны кампутарнай праграмай); што шмат выкладчыкаў не караюць за нязначны плягіят, што «міжмоўны плягіят і ідэйны плягіят увогуле абмінаюцца».
Выкладчыкі адзначылі, што фактары такога распаўсюду плягіяту зьвязаныя і са студэнтамі, і зь імі самімі. Яны адзначалі, што студэнты ня маюць неабходных навыкаў падрыхтоўкі пісьмовых работ, упэўненыя ў адсутнасьці або нязначнасьці пакараньня, ня маюць дастатковай матывацыі вучыцца ў ВНУ і не зацікаўленыя ў вывучэньні дысцыплін, ад якіх ня бачаць карысьці для будучай працы.
Таксама выкладчыкі разважаюць пра нізкія прахадныя балы ва ўнівэрсытэты і праблему таго, што пры паступленьні праз цэнтралізаванае тэставаньне большасьць унівэрсытэтаў пазбавілася магчымасьці ўплываць на тое, хто да іх паступае.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У беларускіх школах вучаць, што паўстаньне Каліноўскага было польскімСамі выкладчыкі прызнаюцца, што ня маюць дастаткова часу на асабістую працу са студэнтамі, маюць нізкія заробкі і як вынік нізкую матывацыю працаваць ды й бачаць нізкую матывацыю студэнтаў, што зьнеахвочвае іх саміх. Акрамя таго, сыстэма адукацыі не выкарыстоўвае магчымасьцяў праграмаў «антыплягіяту», мае слабую акадэмічную культуру і наогул зацікаўленая ў выкананьні плянаў па прыбытках ад студэнтаў.