У справе фігуруюць 8 чалавек. 21-гадовы хлопец пад вартай, шасьцёра прыйшлі на паседжаньне самі. На момант затрыманьня ў жніўні 2018-га чацьвёра зь іх былі непаўналетнімі.
Усім фігурантам прад’яўленае абвінавачаньне па частцы 1 арт. 328 (незаконны абарот наркатычных рэчываў). Справа разглядаецца судом Першамайскага раёну Менску. Судзьдзя — Аляксандар Сяргей.
Падставай справы стала затрыманьне маладых людзей 4 жніўня 2018 году. Паводле абвінавачаньня, кампанія разам набыла і ўжывала небясьпечнае наркатычнае рэчыва — МДМА. 19-гадовая дзяўчына пасьля гэтага памерла, крымінальны перасьлед у дачыненьні да яе спынены.
Усе абвінавачаныя пражываюць з бацькамі. Сярод іх студэнты прэстыжных навучальных установаў, прадавачка, некаторыя наведваюць адукацыйныя курсы. Адна дзяўчына сваёй віны не прызнала. Двое з абвінавачаных віну прызнаюць часткова — яны ня згодныя з колькасьцю набытага рэчыва і з тым, што знаходзіліся зь іншымі падазраванымі ў «злачыннай змове», як кажа абвінавачаньне. Усе астатнія з абвінавачаньнем пагадзіліся цалкам.
Судзьдзя Першамайскага суду адхіліў хадайніцтва адвакатаў пра тое, каб весьці працэс у закрытым рэжыме. Таксама адхіленае хадайніцтва пра зьмяненьне меры стрыманьня адзінаму падазраванаму, які цяпер у ізалятары. Ён найстарэйшы з абвінавачаных, яму 21 год.
Ч. 1 арт. 328 прадугледжвае абмежаваньне волі на тэрмін да 5 гадоў альбо пазбаўленьне волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў.
Абвінавачаныя М. і А. раcпавялі Свабодзе, што сабраліся на дзень нараджэньня. Падчас судовага працэса было агучана, што ў кампаніі ўжывалі псыхатроп. У нейкі момант, распавялі маладыя людзі, гаспадыні кватэры стала кепска, і яе адвялі ў іншы пакой.
«У дзяўчыны здарыўся прыступ, які вельмі нагадваў эпілептычны прыпадак. Калі яна перастала рухацца, мы аднесьлі дзяўчыну ў ванну, каб прывесьці яе да прытомнасьці. Цела несьлі як дошку. Яно было нібы з воску. Рукі на грудзях не разагнуць. Вочы — шырока расплюшчаныя. Дзяўчыну паклалі ў ванну і пачалі апырскваць халоднай вадой», — кажа М.
Па словах абвінавачаных, кампанія выклікала хуткую. Да прыезду размаўлялі з апэратарам, ім тлумачылі, як аказаць дапамогу.
«Калі дзяўчыне рабілі штучную вэнтыляцыю лёгкіх, з рота пайшла сьлізь. Падчас размовы з апэратарам хуткай яна перастала дыхаць, і мы закрычалі разам: „Якога чорта вы нікога не прыслалі? Яна ўжо ня дыхае. Што нам рабіць?“», — кажа М.
Калі хуткая прыехала, дзяўчына яшчэ была жывая. Лекары яшчэ гадзіну спрабавалі яе адратаваць. Але ўрэшце дыягнаставалі сьмерць.
«На наступны дзень нас па адным сталі выклікаць у Сьледчы камітэт», — кажа А.
Расьследаваньне абставінаў сьмерці дзяўчыны працягваецца.
«Расьсьледаваньне крымінальнай справы па частцы 5 артыкула 328 па факце сьмерці дадзенай 19-гадовай дзяўчыны працягваецца. На цяперашні момант асоба, якая падлягае прыцягненьню да адказнасьці, не ўстаноўленая. Па справе працягваецца правядзеньне апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, накіраванае на ўстанаўленьне асобы, якая збыла кампаніі студэнтаў-школьнікаў забароненае рэчыва, у выніку спажываньня якога адна з удзельніц вечарынкі памерла. Ёсьць заключэньне судова-мэдычнай экспэртызы, вынікі якой пацьвярджаюць, што сьмерць наступіла ў выніку спажываньня забароненага рэчыва», — паведаміла Радыё Свабода прадстаўніца Сьледчага камітэту Юлія Ганчарова.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тысячы маладых людзей маглі б вызваліцца з турмаў ужо ўлетку», — што азначае непрыняцьце зьменаў у «антынаркатычны артыкул» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Турма, мужчына і жанчына. Наркаманская зона ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паша, Саша, спайс і легалайз