На афіцыйным сайце Сьледчага камітэту Беларусі былі апублікаваныя адказы старшыні СК Івана Наскевіча пра 2018 год. Адказы апублікавалі як фота папяровых блянкаў з гербам СК.
Некаторыя з адказаў можна назваць нечаканымі:
- Галоўная падзея 2018 году? — «Мерапрыемствы Году малой радзімы»;
- Галоўная выснова за 2018 год? — «Няма нічога немагчымага»;
- Што не пасьпелі зрабіць у 2018 годзе? — «Тое, што дакладна пасьпею ў 2019-м»;
- Якая задача ў Сьледчым камітэце ў 2019 годзе мае стаць прыярытэтнай? — «Ісьці ў нагу з часам, а яшчэ лепей — апярэджваць яго»;
- Самая запамінальная працоўная паездка летась? — «Візыт у Вашынгтон»;
- Якая падзея 2018 году пакінула самыя цяжкія ўражаньні? — «Усе здарэньні, у якіх пацярпелі дзеці»;
- Самая важная падзея мінулага году ў жыцьці Сьледчага камітэту? — «Запуск паўнавартаснага друкаванага выданьня — часопіса „Предварительное следствие“»;
- Я ганаруся… — «…сваёй сям’ёй»;
- Чый новы будынак лепшы: УСК Гомельскай вобласьці ці пракуратуры Берасьцейскай вобласьці? — «Галоўнае, каб добра працавалі»;
- Пінск, Берасьце ці Менск? — «Пінск»;
- Найлепшы гандбаліст Беларусі 2018 году? — «Сэзон аказаўся ня самым удалым, таму вызначым найлепшага ў 2019 годзе».
У адказах Наскевіч не згадаў шматлікія карупцыйныя справы, якімі займаліся ягоныя падначаленыя ў 2018 годзе, у тым ліку маштабную «справу мэдыкаў», суды ў «справе Коржыча» і іншых справах аб дзедаўшчыне ў войску, крымінальны перасьлед галоўнай рэдактаркі самага чытанага інтэрнэт-парталу краіны, выпадкі затрыманьня падазраваных з ужываньнем агнястрэльнай зброі і абвінавачваньні ў неапраўданым гвалце, загадкавае «самагубства» ў міліцэйскай машыне…
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 падзеяў, якія ўзрушылі беларусаў у 2018 годзе