На сайце Petitions.by просяць абараніць нацыянальную бясьпеку, захаваць сувэрэнітэт і падвысіць дэмаграфічную бясьпеку.
1 студзеня была апублікаваная пэтыцыя з просьбай паставіць помнік «аднаму з галоўных сымбаляў гораду Менску і ўсёй краіны — аўтазаку», у якім «пабывала вялікая частка беларусаў», на Кастрычніцкай плошчы ці вуліцы Зыбіцкай у Менску. Пэтыцыя створаная ад імя актывіста Крысьціяна Шынкевіча, які раней ствараў пэтыцыі супраць прымусовага разьмеркаваньня выпускнікоў ВНУ, прапаганды «георгіеўскай» стужкі і «згубнага ўплыву БРСМ», за адстаўку старшыні Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзіі Ярмошынай ды іншыя. На момант публікацыі пад пэтыцыяй 5 подпісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску паставілі помнік карове за 135 тысяч даляраў. ФОТАТаксама 1 студзеня створаная пэтыцыя з «прапановамі падвышэньня дэмаграфічнай бясьпекі» – пад ёй пакуль толькі 1 подпіс. Аўтар прапануе «ўмацаваць інстытут сям’і», абмежаваўшы аборты, «павысіць узровень здароўя насельніцтва» праз зьмяншэньне хатніх заданьняў школьнікам, разьвіваць сельскую гаспадарку і аптымізаваць міграцыйныя плыні. Як менавіта рэалізаваць кожны з пунктаў, у пэтыцыі ня згадваецца.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У інтэрнэт па аборт: як жанчыны ў розных частках сьвету абыходзяць забароны30 і 28 сьнежня былі створаныя дзьве пэтыцыі на блізкія тэмы: адна — з просьбай адказаць, ці плянуюць вышэйшыя службовыя асобы скасаваць сувэрэнітэт Беларусі (і калі не, што мяркуюць рабіць для ўмацаваньня сувэрэнітэту), другая — з патрабаваньнем «у апэратыўным парадку ацаніць бягучы стан бясьпекі» ў палітычнай, эканамічнай, інфармацыйнай і сацыяльнай сфэрах, а таксама ўнесьці Аляксандру Лукашэнку прапановы ў гарантаваньні нацыянальнай бясьпекі. Першая пэтыцыя на момант публікацыі мела 12 подпісаў, другая — 18.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці зьяўляецца Лукашэнка гарантам незалежнасьці? Аргумэнты «за» і «супраць»У рэкамэндацыях па напісаньні зваротаў на Petitions.by засьцерагаюць ад напісаньня «занадта размытых і эмацыйных» тэкстаў. Аўтарам пэтыцыяў прапануюць сфармуляваць тэкст з апісаньнем:
- канкрэтнай праблемы, якую трэба вырашыць;
- прапановы ў рашэньні праблемы і чаканых вынікаў;
- дадатковых зьвестак, якія пацьвярджаюць актуальнасьць праблемы.