Абяцаў да 300% даходу. Асудзілі махляра, які стварыў фінансавую піраміду з 900 чалавек

Уладзіслаў Шавяленка ў судзе, архіўнае фота

Жыхару Мазыра Ўладзіславу Шавяленку прысудзілі 8 гадоў калёніі з канфіскацыяй маёмасьці. Ён стварыў фінансавую піраміду і прыцягнуў звыш 760 тысяч рублёў ад больш як 900 чалавек.

Прысуд вынес Горадзенскі абласны суд 28 сьнежня. Ён яшчэ не ўступіў у законную сілу.

Хто фігурант справы?

Уладзіславу Шавяленку 23 гады. Ён з Мазыра.

Калі арганізаваў фінансавую піраміду?

Піраміда дзейнічала зь лютага 2015 да красавіка 2016 году.

Чым завабліваў?

Паводле сьледчых, Шавяленка стварыў праект New Assets Union («Новы саюз актываў»), які нібыта добра зарабляў на ўдзеле ў бінарных апцыёнах і букмэкерскіх біржах, аптовых продажах тавараў з Кітаю і здачы ў арэнду нерухомасьці.

У праект ён завабліваў абяцаньнямі даходу да 300 працэнтаў у месяц. За прыцягненьне новых укладчыкаў абяцаў узнагароды. За 100 чалавек — iPhone, за 500 — MacBook, за 1000 — 10 тысяч даляраў.

Як насамрэч працавала схема?

Як клясычная фінансавая піраміда — працэнты папярэднім удзельнікам выплачваліся з грошай наступных. У рэчаіснасьці «Новы саюз актываў» ня вёў ніякай гаспадарчай дзейнасьці.

Але, каб стварыць бачнасьць актыўнасьці і сфармаваць станоўчы імідж праекту, малады чалавек

  • разьмяшчаў інфармацыю пра нібыта зробленыя выплаты адсоткаў укладчыкам;
  • праводзіў індывідуальныя і групавыя сустрэчы, сэмінары ў Менску, Магілёве і Горадні;
  • запрашаў людзей у арандаваны офіс на праспэкце Пераможцаў у цэнтры Менску, кавярні і канфэрэнц-залі вядомых гатэляў;
  • заключаў дамовы ад імя кампаніі New Assets Union LP, зарэгістраванай у Вялікай Брытаніі ў лістападзе 2015-га.

Грошы інвэстараў пералічваліся на рахункі ў Беларусі і Латвіі, адкрытыя на Шавяленку і іншых людзей, якія кажуць, што ня ведалі пра злачынную схему.

Хто пацярпеў?

Каля 900 чалавек, пераважна моладзь, большасьць — з Горадзенскай і Берасьцейскай абласьцей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка памілаваў бізнэсоўца Казьбека Япрынцава, затрыманага пасьля заявы Чыжа