Свабода зрабіла падборку зь дзесяці абяцаньняў улады ў 2018 годзе, якія не былі выкананыя.
1. Паводле прагнозу сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі на 2018 год, рост валавога ўнутранага прадукту павінен быў скласьці ня менш за 3,5%.
Што атрымалася. У рэальнасьці гэты паказьнік вырас за студзень—лістапад 2018 году толькі на 3,2%.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ня больш за 5% інфляцыі, ня менш за 4% ВУП. Лукашэнка паставіў задачы на 2019 год ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Экспэрты паставілі пад сумнеў пляны Лукашэнкі наконт росту ВУП у 2019 годзе2. Шмат разоў Аляксандар Лукашэнка патрабаваў, даваў заданьне давесьці сярэдні заробак у краіне ў 2018 годзе ня менш як да 1 тысячы рублёў за месяц.
У жніўні 2017 году падчас знаходжаньня ў Берасьці ён даручыў: «Прадпрыемствы зь нізкім заробкам неабходна ў 2018 годзе падцягнуць да ўзроўню 1 тысячы рублёў. Калі гэтае даручэньне будзе выканана, сярэдняя заработная плата па краіне ў 2018 годзе можа дасягнуць 1,5 тысячы рублёў»...
У лістападзе 2017 году Лукашэнка казаў пра наступны год: «ІІ, ІІІ, ІV кварталы мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 рублёў хоць крышку».
З выступу Лукашэнкі на нарадзе 2 сакавіка 2018 году: «Эканомце на чым хочаце, але тысячу рублёў сярэдняга заробку забясьпечце!.. Да канца першага кварталу ваша задача — аднавіць тысячу рублёў, а на працягу году — перасягнуць гэты паказчык».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самы часты памер заробкаў беларусаў — 394,5 рубляЯшчэ раней 21 сьнежня 2016 году кіраўнік Беларусі патрабаваў ад кіраўніцтва Адміністрацыі прэзыдэнта — Натальлі Качанавай і Максіма Рыжанкова — забясьпечыць беларусам сярэдні заробак у памеры 500 даляраў. «Украдзіце, адкапайце, знайдзіце — што заўгодна, але 500 даляраў павінна быць выканана», — казаў тады Лукашэнка.
Што атрымалася. Насамрэч сярэдні заробак па Беларусі за 2018 год складзе, паводле прагнозаў, каля 940 рублёў. У лістападзе ён дасягнуў 994 рублёў. У пераліку да сярэднеўзважанага курсу даляра гэта 471 даляр.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лістападзе сярэдні заробак зьменшыўся — да 1000 не хапіла 6 рублёў3. Неаднаразова Аляксандар Лукашэнка выказваў патрабаваньне, каб заробкі расьлі толькі пры ўмове павялічэньня прадукцыйнасьці працы. Так, на нарадзе 2 сакавіка 2018 году ён адзначыў: «У эканоміцы і нават у грамадзтве зьяўляюцца дыспрапорцыі, якія трэба ліквідаваць. Гэта ня значыць, што заробак не павінен расьці. Ён павінна расьці. Але пры гэтым апераджальнымі тэмпамі павінна расьці прадукцыйнасьць працы».
2 траўня 2018 году Лукашэнка заявіў: «Я не патрабую зарплаты як «зряплаты».
Што атрымалася. Насамрэч за студзень—лістапад 2018 году рэальныя заробкі вырасьлі на 12,3%, а прадукцыйнасьць працы павялічылася толькі на 3,9%. Розьніца ў чатыры разы. Нацыянальны банк выказвае занепакоенасьць і адзначае, што такая сытуацыя «фармуе рызыкі паскарэньня інфляцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рэальныя заробкі вырасьлі ўдвая меней за сярэднія ў 2017 годзе4. На нарадзе 2 сакавіка 2018 году Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў ад ураду скараціць замежны доўг. «Сёньня нам трэба максымальна пазбавіцца ад вонкавых даўгоў. Яны скоўваюць нашы магчымасьці, асабліва сацыяльныя, — заявіў ён. — Аддаваць каля 10% валавога ўнутранага прадукту толькі на абслугоўваньне дзяржаўнага доўгу — недазваляльная раскоша».
Што атрымалася. У сапраўднасьці замежны дзяржаўны доўг Беларусі з пачатку году вырас на 42,7 мільёна долараў, або на 0,3%. Агульны дзяржаўны доўг Беларусі з пачатку году павялічыўся на 2,9 мільярда рублёў, або на 6,9%, дасягнуўшы 45,1 мільярда рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністар фінансаў: Дзяржаўны доўг, за які нас крытыкуюць, не празьмерны5. Улады абяцалі ў 2018 годзе свабоду бізнэсу. У канцы 2017 году Лукашэнка падпісаў 10 прэзыдэнцкіх дэкрэтаў і ўказаў па эканамічнай лібэралізацыі і спрашчэньні ўмоў вядзеньня бізнэсу. Афіцыйныя асобы, прадстаўнікі ўраду назвалі гэтыя заканадаўчыя акты рэвалюцыйнымі, закліканымі «разьняволіць» бізнэс. Яны адзначалі, што нарэшце дзяржава паварочваецца тварам да прадпрымальніцтва, бачыць у ім драйвэра разьвіцьця эканомікі, здымае ўсе абмежаваньні ў яго працы, і нарэшце да нас пацякуць замежныя інвэстыцыі.
Што атрымалася. Рэальна радыкальных зьменаў у стаўленьні ўладаў да бізнэсу не адбылося. Не праведзена дэкрыміналізацыі заканадаўства. Працягваліся «пасадкі» бізнэсоўцаў. Нават першы віцэ-прэм’ер Аляксандар Турчын у інтэрвію тэлеканалу «Беларусь 1» 27 жніўня заявіў, што бізнэсоўцы за нявыплату падаткаў не павінны адпраўляцца ў турму, падобная практыка мусіць мець адзінкавы характар.
На патрабаваньне Лукашэнкі ўзяты курс на манапалізацыю дзяржавай алькагольнага рынку.
Адбылася нацыяналізацыя Аршанскага авіярамонтнага заводу, які належаў украінскай фірме «Матор Січ». Зьявіўшыся на завод 11 ліпеня 2018 году, Лукашэнка заявіў: «Гэта дзяржаўнае прадпрыемства зь сёньняшняга дня... Якая розьніца, каму належаць гэтыя акцыі». Прычым, нацыяналізацыя адбылася нават не ў выніку прэзыдэнцкага ўказу, дэкрэту або якога-небудзь іншага заканадаўчага акту (указ зьявіўся пазьней), ужо не кажучы пра рашэньне суду. Завод адабралі ва ўласьніка вусным указаньнем кіраўніка дзяржавы. Варта заўважыць, што ўласнасьць адабралі ў украінскай кампаніі, то бок «кінулі» замежнага інвэстара. Відавочна, які нэгатыўны эфэкт гэта аказала на замежных інвэстараў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аршанскі авіярамонтны завод афіцыйна нацыяналізавалі. Як загадваў Лукашэнка6. У ходзе кампаніі барацьбы з дармаедамі ўлады абяцалі вельмі ўважліва паставіцца да непрацоўных людзей, каб не паўтараць папярэдніх памылак. Тады, у 2017 годзе, пасьля акцый пратэстаў, Лукашэнка папікаў чыноўнікаў: «Ад балды накіравалі прыкладна 500 тысяч „лістоў шчасьця“. У вас там павінны быць гэтыя сьпісы лайдакоў, якіх трэба прымусіць працаваць. А сумленных людзей ня трэба было чапаць увогуле».
І вось цяпер улады абяцалі вельмі дасканала падыйсьці да падрыхтоўкі сьпісаў працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы. 31 студзеня 2018 году начальнік упраўленьня палітыкі занятасьці Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Алег Токун даводзіў, што ў такую базу трапяць каля 250 тысяч чалавек.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што ўрад зьмяніў у рэалізацыі «дэкрэту аб дармаедах». СьціслаШто атрымалася. Насамрэч, паводле міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касьцевіч, у базу дадзеных працаздольных грамадзян, не занятых у эканоміцы, уключылі каля 500 тысяч чалавек. Больш, чым раней! Улады падышлі да справы фармальна, вырашылі ўключыць у гэты ганебны сьпіс як мага больш людзей. Яны зыходзілі зь лёгікі, што, маўляў, няхай гэтыя людзі потым ходзяць і даказваюць, што яны не дармаеды. Няхай пазьбіраюць неабходныя дакумэнты, пасядзяць у чарзе, папросяць. Атрымліваецца, адносна грамадзян у дзяржаве дзейнічае прэзумпцыя вінаватасьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як даведацца, што вы «дармаед», і як даказаць адваротнае7. 21 красавіка 2017 году, выступаючы са штогадовым пасланьнем парлямэнту і беларускаму народу, Лукашэнка даручыў «падняць з руінаў і попелу ў найбліжэйшы час» населеныя пункты Барань, Балбасава і Оршу. Ураду было даручана цягам году істотна палепшыць сытуацыю ў Аршанскім раёне, зрабіць яго ўзорна-паказальным. Каб затым на гэтым прыкладзе распрацаваць плян аднаўленьня іншых тэрыторый Беларусі. Такім чынам, Аршанскі раён павінен быў стаць лякаматывам рэгіянальнага разьвіцьця краіны.
У чэрвені 2017-га ўрадам быў прыняты комплексы плян першачарговых захадаў у разьвіцьці Аршанскага раёну. Для гэтага былі выдзелены немалыя грошы. Паводле кіраўніка Віцебскай вобласьці Мікалая Шарстнёва, сума датацый дзесяці раёнаў вобласьці роўная абʼёму датацый Аршанскага раёну. Лукашэнка паабяцаў рэгулярна асабіста кантраляваць рэалізацыю гэтага праекту.
Што атрымалася. 13 жніўня 2018 году кіраўнік Беларусі прыехаў у Оршу, каб паглядзець, як гэты населены пункт, паводле яго рашэньня, ператварыўся ў горад-сад. Высьветлілася, што практычна ўсе прадпрыемствы раёну праблемныя. «Усё было зроблена саматужна, на хуткую руку, а значыць, няякасна... Ня зроблена практычна нічога... Пакуль гэтае ідыёцкае стаўленьне да майго даручэньня... Катаржныя людзі працуюць за $ 200 у месяц!», — заявіў Лукашэнка на месцы. І ацаніў працу на двойку зь мінусам.
На нарадзе 14 жніўня старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Леанід Анфімаў канстатаваў, што шэраг паказчыкаў у Аршанскім раёне, нават ніжэй, чым сярэднеабласныя. Вынікам аршанскіх разборак стала зьмена складу ўраду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб сыстэма не пахіснулася» — Лукашэнка зьмяніў кіраўніцтва ўраду ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не выконваюць даручэньняў». Лукашэнка раскрытыкаваў і новы склад ураду8. Улады цьвёрда абяцалі лібэралізаваць 328-ы «наркатычны» артыкул Крымінальнага кодэксу. Папраўкі абмеркавалі ў першым чытаньні 29 чэрвеня, плянавалі завяршыць гэтую працэдуру ў сьнежні.
Што атрымалася. Аднак 19 сьнежня, у перадапошні дзень восеньскай сэсіі, Палата прадстаўнікоў прыняла шэраг паправак да Крымінальнага кодэксу, выключыўшы, аднак, зь іх 328-ы артыкул. Дэпутат Васіль Чэкан, які прадстаўляў дакумэнт, патлумачыў такі крок тым, што «застаюцца супярэчнасьці зь некаторымі дзяржаўнымі структурамі наконт мэтазгоднасьці зьмякчэньня пакараньня». Тым самым прызнаўшы, што Палата прадстаўнікоў не зьяўляецца самастойным органам улады і цалкам залежыць ад выканаўчых структур.
Да таго ж адмова ўносіць такія папраўкі зьяўляецца парушэньнем закону. Паводле прафэсара Міхаіла Пастухова, «калі нешта абмеркавалі ў першым чытаньні (а менавіта так адбылося з 328 артыкулам), то дэпутаты абавязаныя працягнуць працэс і разглядаць гэта ў другім і апошнім чытаньні».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Тысячы маладых людзей маглі б вызваліцца з турмаў ужо ўлетку», — што азначае непрыняцьце зьменаў у «антынаркатычны артыкул»9. Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімір Макей у інтэрвію тэлеканалу Euronews 24 сакавіка заявіў: «Мы запусьцілі дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю... Дзяржава ўжо выказала гатоўнасьць пачаць гэты дыялёг... Сёньня дзяржава ўпершыню працягнула руку сваім апанэнтам».
А што насамрэч. Папраўдзе дыялёг выглядаў вельмі дзіўна. У асноўным як рэпрэсіі палітычных апанэнтаў.
Зімовыя выбары ў мясцовыя саветы прайшлі паводле традыцыйнага беларускага сцэнару. Па ўсёй краіне ўлады прапусьцілі толькі аднаго апазыцыянэра ў сельскі савет.
Улады заблякавалі сайт «Хартыі». Прынялі новы, больш жорсткі закон аб СМІ. Пачалі перасьлед гендырэктара інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алеся Ліпая, які неўзабаве памёр. Увесь год цягнуліся рэпрэсіі супраць журналістаў «Белсату». Потым была «справа прафсаюзаў РЭП», «справа БелТА».
Яскравай ілюстрацыяй да ідэі дыялёгу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасьцю стаў абразьлівы адказ намесьніка міністра інфармацыі Паўла Лёгкага на прапанову Беларускай асацыяцыі журналістаў аб парадку акрэдытацыі СМІ пры міністэрстве. У ім значылася: «У пасярэдніцтве розных грамадзкіх арганізацый, якімі б паважанымі яны ні былі, пры выстройваньні ўзаемадзеяньня Міністэрства інфармацыі з прадстаўнікамі як дзяржаўных, так і недзяржаўных СМІ ні той, ні другі бок ня маюць патрэбы».
10. 28 лістапада 2017 Аляксандар Лукашэнка падчас сустрэчы зь віцэ-прэзыдэнтам Вэнэсуэлы Рыкардам Мэнэндэсам заявіў: «Ужо ў найбліжэйшы час, у 2018 годзе, падчас майго візыту ў Вэнэсуэлу, мы зможам значна рушыць наперад у нашых адносінах».
29 сьнежня 2017 году, размаўляючы з журналістамі, беларускі кіраўнік казаў, што налета мае намер зрабіць шэраг візытаў у краіны амэрыканскага кантынэнту: «Мы дакладна пабываем у Амэрыцы. Там у нас ёсьць нямала пытаньняў, нас запрашаюць мінімум пяць дзяржаў. І мы абавязкова там павінны пабываць, каб перш за ўсё наладзіць гандлёва-эканамічныя дачыненьні, якія заўсёды зьяўляюцца падмуркам».
Што атрымалася. У Амэрыцы Лукашэнка так і не пабываў. Ці то ўсе пяць дзяржаў адклікалі свае запрашэньні, ці проста не знайшлося часу.