Пэўныя колы ў беларускай уладзе ўсьведамляюць пагрозу, якая зыходзіць ад расейскай прапаганды ў беларускіх СМІ, заявіў старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ) Андрэй Бастунец 26 сьнежня ў відэаінтэрвію для сайту асацыяцыі, падчас якога ён адказваў на пытаньні сяброў БАЖ, паведамляе БелаПАН.
Бастунец адзначыў, што нават намесьнік міністра інфармацыі ў свой час казаў: звыш 60% прадукцыі, якую трансьлюе беларуская нацыянальная тэлевізія, выраблена ў Расеі.
«Відавочна, што беларускія ўлады, ва ўсялякім разе пэўныя колы ў ёй, разумеюць гэтую пагрозу, Міністэрства інфармацыі таксама сёньня гэта разумее. Але тыя крокі, якія робяцца, каб яе пераадолець, вельмі кароткія. Калі кажуць, што беларускі кантэнт мусіць дасягнуць 30%, гэта вельмі мала і ня надта мяняе тую лічбу ў 60%. Кіраўнік АНТ казаў, што на ягоным канале 44% расейскай прадукцыі. Мне здаецца, што гэта вельмі шмат», — адзначыў кіраўнік БАЖ.
Ён дадаў, што з 9 каналаў, якія ўваходзяць у абавязковы для распаўсюду кантэнт, 4 заснаваныя на прадукцыі, вырабленай у Расеі, астатнія таксама выкарыстоўваюць яе вельмі шмат.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 пунктаў хлусьні пра Беларусь у расейскай прапагандзеБеларуская тэлевізія, паводле Бастунца, навучылася «блякаваць нэгатыўныя сюжэты» ў расейскіх навінах, якія тычацца Аляксандра Лукашэнкі. Але агульны погляд айчынных тэлеканалаў на сьвет — гэта «погляд з Крамля», і беларусы, якія іх глядзяць, «на жаль, прызвычаіліся бачыць сьвет праз крамлёўскія акуляры».
Кіраўнік БАЖ мяркуе, што «з прапагандай нельга змагацца контрапрапагандай», але і пытаньне татальнай забароны расейскіх каналаў яму здаецца спрэчным.
«Як паказваюць усе вымярэньні, найменшы ўплыў расейская прапаганда аказвае на тых, хто размаўляе на сваёй мове — украінскай, беларускай, грузінскай, армянскай. (...) Таму першы крок — павелічэньне долі праграмаў на беларускай мове», — падкрэсьліў кіраўнік журналісцкай асацыяцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік АНТ пра 44% расейскага кантэнту: У іх вельмі добрыя міжнародныя аглядыУ Беларусі не павінна застацца дзяржаўных мэдыя
Андрэй Бастунец лічыць, што ў Беларусі не павінна застацца дзяржаўных сродкаў масавай інфармацыі, бо яны «так ці інакш будуць выконваць волю тых, хто стаіць за іх плячыма, — за кошт падаткаплатнікаў».
«Я лічу, што дзяржаўных мэдыя наогул ня мусіць быць, і гэта ня толькі мой, а агульны погляд, прыняты ў дэмакратычным сьвеце», — адзначыў старшыня БАЖ.
Паводле яго, уладныя друкаваныя органы могуць існаваць толькі ў выглядзе бюлетэняў, дзе публікуюцца нарматыўныя акты таго ці іншага дзяржаўнага органа.
«Могуць быць не дзяржаўныя, а грамадзкія мэдыя. Паміж імі і дзяржавай мусіць стаяць пэўная назіральная рада, уплыў на якую з боку дзяржавы мусіць быць мінімальным. Але тое, што тычыцца рынку сродкаў масавай інфармацыі, тут дзяржаўных мэдыя не павінна быць наагул», — падсумаваў кіраўнік журналісцкай асацыяцыі.
Дзяржава не зьбіраецца аслабляць кантроль інфармацыйнай прасторы
У той час, як ва ўсім сьвеце акрэдытацыя «ёсьць стварэньнем найлепшых умоваў для журналіста, для таго, каб ён мог выконваць сваю працу», у Беларусі практыка ўжываньня акрэдытацыі зьяўляецца палітычным рашэньнем і «разумеецца пэўнымі коламі як дазвол на журналісцкую працу», лічыць Андрэй Бастунец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Так нельга абыходзіцца з журналістамі!» 7 балючых пытаньняў Жаньне ЛітвінойЁн адзначыў, што перашкоды, зь якімі сутыкаюцца журналісты ў сваёй дзейнасьці, «ня вынік нейкіх памылак ці няведаньня з боку дзяржаўных службоўцаў, а наступства мэтанакіраванай палітыкі дзяржавы ў гэтым кірунку».
«Я хутчэй прадбачу, што сьмяротнае пакараньне будзе адмененае ці ўведзены мараторый, чым зьменіцца пазыцыя дзяржавы да сродкаў масавай інфармацыі, кантроль дзяржавы за інфармацыйнай прасторай. Але гэта ня значыць, што нічога ня трэба рабіць», — заявіў Бастунец.
Ці трансьляваць украінскі канал у Беларусі, павінны вырашаць апэратары сетак, а не прэзыдэнты
Сытуацыя, калі пытаньне пра зьяўленьне ўкраінскага тэлеканалу ў Беларусі вырашаецца на ўзроўні прэзыдэнтаў, выглядае проста сьмешнай, лічыць Андрэй Бастунец. Паводле яго, гэта пытаньне мусяць вырашаць апэратары кабэльных сетак ды іншыя распаўсюднікі тэлепрадукцыі.
«Тое, што гэта вырашаецца на ўзроўні прэзыдэнтаў, паказвае, наколькі вялікая ступень дзяржаўнага кантролю за мэдыяпрасторай. Вось у гэтай парадыгме размаўляць наогул ня бачу ніякага сэнсу, бо ўсё будзе залежаць ад таго, калі нехта дасьць адмашку. Я ня думаю, што гэтая адмашка будзе раней, чым завершацца перамовы паміж прэзыдэнтамі Беларусі і Расеі», — дадаў Бастунец.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Амбасадар Украіны расказаў, што замінае адкрыцьцю ўкраінскага каналу ў Беларусі