Амбасадар Украіны ў Беларусі Ігар Кізім 17 сьнежня патлумачыў сытуацыю вакол адкрыцьця ўкраінскага тэлеканалу ў Беларусі.
Паводле яго, усе тэхнічныя работы скончыліся ў лютым 2018 году. Аднак на той момант яшчэ не было пагадненьня паміж кіраўніцтвам дзьвюх краін аб адкрыцьці гэтага каналу. Пасьля беларускі бок пачаў казаць пра зьмены ў законе аб СМІ, і пытаньне фактычна зацягнулася.
Цяпер сытуацыя выглядае адваротнай той, што была ў лютым: ёсьць дамовы аб адкрыцьці каналу на ўрадавым узроўні, але няма тэхнічнага пагадненьня — зьявіўся новы тэлеапэратар, з гэтым і зьвязаная затрымка.
Што за канал?
Украінскі канал, які, як мяркуецца, пачне вяшчаньне ў Беларусі, UA:TV, мае эфіры на ўкраінскай, расейскай, крымскататарскай, ангельскай і арабскай мовах.
Кізім назваў UA:TV памяркоўным каналам зь невялікім інфармацыйным блёкам, пераважна з навінамі культуры.
Беларускія ўлады зьбіраліся ў 2014 годзе стварыць беларуска-ўкраінскі тэлеканал, але так і не зрабілі гэтага. Сёлета ў кастрычніку прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заяўляў, што запуск украінскага каналу ў Беларусі адбудзецца «неўзабаве».