Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік АНТ пра 44% расейскага кантэнту: У іх вельмі добрыя міжнародныя агляды


Камэра тэлеканала АНТ
Камэра тэлеканала АНТ

Доля расейскага кантэнту ў вяшчаньні беларускага тэлеканалу АНТ складае 44%. Пра гэта ў інтэрвію «Звяздзе» паведаміў старшыня праўленьня ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал» Марат Маркаў.

Паводле яго, сёння АНТ — «мікс з інфармацыйна-палітычнага складніка, у асноўным ён беларускі, і самых рэйтынгавых, цікавых забаўляльных праектаў расійскага Першага канала».

«Але д’ябал у дэталях: насамрэч усе каналы, якія працуюць у нашай краіне, у тым ліку цалкам беларускія, у той ці іншай ступені выкарыстоўваюць замежны кантэнт. Доля кантэнту, які АНТ бярэ ад Першага канала, складае 44 % ад усяго абʼёму вяшчаньня, што цалкам параўнальна з доляй замежнага кіна- і сэрыяльнага паказу на іншых каналах», — сказаў Маркаў.

Паводле яго, гэта аптымальная прапорцыя.

Марат Маркаў
Марат Маркаў

«Захоўваецца адзін расійскі выпуск навін — проста для таго, каб трымаць шчыльную сувязь з краінай-партнэрам па Саюзнай дзяржаве і атрымліваць інфармацыю з першакрыніцы. Тым больш Першы канал вельмі добра робіць міжнародныя агляды навін. Усе астатнія навіны — нашы, беларускія, і гэта зьвязка добра працуе», — лічыць Маркаў.

Ён дадаў, што тэлеканал «сьвядома ідзе» па шляху нарошчваньня абʼёму ўласнага кантэнту.

Па словах Маркава, усе праекты АНТ «як мінімум рэнтабэльныя» і акупляюцца «за кошт рэклямы, партнэрства з бізнэс-структурамі і гэтак далей».

АНТ (ЗАТ «Другі нацыянальны тэлеканал») — адзін з асноўных дзяржаўных тэлеканалаў краіны. Яго заснавальнікі — Міністэрства інфармацыі, «Беларусбанк» і кампанія «Фабрыка інфармацыйных тэхналёгій». У сакавіку 2017 на зьмену Рыгору Кісялю, які ўзначальваў АНТ 15 год, прыйшоў намесьнік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Марат Маркаў.

Колькі грошай ідзе зь бюджэту на дзяржаўныя мэдыя

На ўтрыманьне дзяржаўных СМІ ў 2019 годзе з рэспубліканскага бюджэту заплянавана выдаткаваць амаль 63 млн эўра (151211151 рублёў). Гэта вынікае з праекту Закона «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2019 год», які выклала на сваёй старонцы Facebook дэпутатка Ганна Канапацкая.

Гэта на чвэрць больш, чым было выдзелена на дзейнасьць дзяржаўных мэдыя ў 2018 годзе.

На тэлебачаньне і радыёвяшчаньне з агульнай сумы прадугледжана выдаткаваць каля 53,9 млн эўра (129 699 385,0 руб), на пэрыядычны друк і выдавецтвы – каля 2,8 млн эўра (6 799 298,0 руб), на «іншыя пытаньні ў галіне СМІ» – 6,1 млн эўра (14 712 468,0 руб).

Па дадзеных Беларускай асацыяцыі журналістаў, на 2018 год у бюджэце для дзяржаўных СМІ было прадугледжана каля 48 млн эўра (каля 113 млн рублёў), 2017 – каля 47 млн эўра, 2016 – каля 45 млн эўра, 2015 – каля 60 млн эўра, 2014 – каля 52 млн эўра, 2013 – каля 60 млн эўра, 2012 – каля 45,5 млн эўра, 2011 – каля 54 млн эўра, 2010 – каля 40 млн эўра, 2009 – каля 64 млн эўра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG