Савет дэпутатаў Саяногорску ў Хакасіі пазбавіў шэрагу льготаў 17 ганаровых грамадзянаў гораду, сярод якіх бізнэсовец Алег Дзерыпаска. Ганаровыя грамадзяне мелі права на бясплатны праезд у транспарце і вызваленьне ад платы за жыльлёва-камунальныя паслугі ў межах сацыяльнай нормы, паведамляе «Інтэрфакс».
«Гэтая мера ёсьць вымушанай, ні ў кога няма мэты неяк ушчамляць нашых ганаровых грамадзянаў. Я думаю, калі сытуацыя зьменіцца, можна вярнуцца да гэтага пытаньня», — пракамэнтаваў такое рашэньне намесьнік кіраўніка Саяногорску ў ЖКГ і транспарце Сяргей Барысаў.
Ён растлумачыў, што тыя органы мясцовага самакіраваньня, у бюджэтах якіх доля датацый перавышае 20%, ня маюць права выконваць расходныя абавязаньні, не зьвязаныя з выкананьнем муніцыпальных паўнамоцтваў. У гэтую катэгорыю з 2019 году трапляе Саяногорск.
Дзерыпаска — ганаровы грамадзянін Саяногорску з 2000 году. У горадзе працуюць тры заводы ягонай кампаніі «Русал» — Хакаскі і Саяногорскі алюмініевыя заводы, а таксама прадпрыемства «Саянал».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ФБР спрабавала завэрбаваць расейскага алігарха Дзерыпаску, — The New York TimesАлег Дзерыпаска стаў ключавой фігурай у стасунках ЗША з Расеяй. Адзін з найбагацейшых людзей Расеі, блізкі да прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна, ён меў дзелавыя сувязі з мэнэджэрам выбарчай кампаніі прэзыдэнта Трампа Пола Манафорта. Як сьцьвярджае «The New York Timеs», Пол Манафорт падчас прэзыдэнцкай кампаніі 2016 году ў ЗША нібыта прапанаваў Дзерыпаску прыватныя брыфінгі пра кампанію Дональда Трампа.
У пачатку 2018 году расьсьледаваньне Фонду барацьбы з карупцыяй расейскага апазыцыянэра Аляксея Навальнага выкрыла сувязі намесьніка расейскага ўраду Сяргея Прыходзькі з алігархам Алегам Дзерыпаскам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бабруйская эскортніца «спаліла» сувязі расейскіх чыноўнікаў з алігархаміНавальны выйшаў на гэтую тэму праз інстаграм беларускі Насьці Рыбкі (Настасьсі Вашукевіч). Улетку 2016 году алігарх і чыноўнік, плаваючы разам на яхце, нібыта абмяркоўвалі ўмяшаньне ў амэрыканскія выбары. На гэтай яхце ў ліку іншых дзяўчат з эскорт-агенцтваў была і Насьця Рыбка. Пазьней яна расказала, што адбывалася на Дзерыпаскавай яхце, у сваёй кнізе і сацыяльных сетках.
6 красавіка 2018 году ЗША ўвялі санкцыі супраць Дзерыпаскі і падкантрольных яму кампаній у адпаведнасьці з законам аб супрацьстаяньні праціўнікам Амэрыкі, указаўшы на блізкасьць бізнэсоўцы да Крамля. Пазьней у Вашынгтоне заявілі, што гатовыя разгледзець зьняцьце санкцый. У якасьці адной з умоваў называлася зьніжэньне долі Дзерыпаскі ў капітале кампаній.
20 сьнежня ЗША вырашылі зьняць санкцыі з кампаній з групы кампаній En + Group, UC Rusal («Русал») і EuroSibEnergo (ААТ «Евросибэнерго»), якія належаць Дзерыпаску, але не самога расейскага алігарха.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША вырашылі зьняць санкцыі з кампаній Дзерыпаскі, але не самога расейскага алігарха