Паводле зьвестак Белстату, намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў лістападзе склаў 996 рублёў.
Гэта на 5,7 рубля менш за заробкі ў кастрычніку, калі ў сярэднім беларусы атрымалі 999,7 рубля. Ад пачатку году заробкі беларусаў вырасьлі на 1,3 рубля.
Калі ж параўноўваць зь лістападам 2017 году, то налічаны сярэдні заробак павялічыўся на 157,1 рубля. А рэальны сярэдні заробак вырас на 12,7%.
За лістапад працоўным Менску ў сярэднім налічылі 1375,3 рубля. Гэта самы вялікі паказьнік у краіне. Найменшы — у Магілёўскай вобласьці: 836,3 рубля.
У лістападзе 2015 году Аляксандар Лукашэнка дапускаў, што на пачатку 2018 году заплянаваных раней заробкаў па 1000 рублёў можа не атрымацца празь «вялікую колькасьць выходных», а з ІІ кварталу «мы павінны ўжо пераўзыходзіць 1000 рублёў хоць крышачку».
Лукашэнка ўжо больш за 10 гадоў абяцае беларусам заробкі «па пяцьсот» даляраў (апошнім часам кажа «па тысячы рублёў»). Але ў 2017 годзе ня толькі рэальныя, а і налічаныя сярэднія заробкі не дасягнулі 1000 рублёў. «Па пяцьсот» даляраў пакуль атрымлівае не адзін сярэднестатыстычны беларус, а адна сярэднестатыстычная беларуская сям’я.