Такі ліст з подпісам першай намесьніцы кіраўніка адміністрацыі Маскоўскага раёну Менску Таццяны Калядкі атрымалі 7 сьнежня ў шэрагу арганізацый.
Кіраўнікам прадпрыемстваў прапануюць павысіць сваім супрацоўнікам заробак у сьнежні, паведамляе Эўрарадыё.
Ліст Таццяны Калядка мае загаловак «Аб росьце заработнай платы».
«Дзеля выкананьня мэтавага заданьня росту заработнай платы па раёнах і г. Менску ў 2018 г., зацьверджанага рашэньнем Менскага гарадзкога выканаўчага камітэту ад 22.02.2018 № 577, адміністрацыя Маскоўскага раёну просіць разгледзець магчымасьць павышэньня ўзроўню заработнай платы і ажыцьцяўленьня стымулюючых выплат работнікам вашай арганізацыі ў сьнежні 2018 году», — гаворыцца ў лісьце.
У кастрычніку сёлета сярэдні налічаны заробак у Беларусі склаў 999 рублёў, у Менску — 1370 рублёў, паведаміў Белстат. Аляксандар Лукашэнка неаднойчы патрабаваў, каб сярэдні заробак быў эквівалентны 500 далярам ЗША. Пакуль гэта атрымалася толькі ў Менску.
Паводле Агульнарэспубліканскага банку вакансіяў, рабочаму ў розных рэгіёнах цяпер прапануюць ад 300 да 480 рублёў на месяц, настаўніку ад 320 да 500 рублёў, лекару ад 200 да 850 рублёў. Заробак, вышэйшы за 500 даляраў, маюць кіраўнікі і іхныя намесьнікі, начальнікі аддзелаў, токары, сьлесары, машыністы цяжкагабарытнай тэхнікі.