«Даць права ўзьяднацца» і «акармляць „русским ­миром“», — расейскія дэпутаты пра Беларусь

Пётар Талстой (справа), архіўнае фота

Расейскі тэлеканал «Дождь» спытаў дэпутатаў і сэнатараў Расеі пра лёс беларуска-расейскіх стасункаў пасьля перамоваў Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі 25 сьнежня.

Адказы дэпутатаў на гэтым відэа з 53:36.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка і Пуцін зноў сустрэнуцца да Новага году
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тактыка Менску — зацягнуць расейцаў у беларускае перамоўнае балота

«Прэзыдэнты дакладна дамовяцца, — пераконваў дэпутат-камуніст Леанід Калашнікаў. — Вы памятаеце, мінулым разам тое самае было напярэдадні Новага году. Справа нават не ў цане на газ. Сярод дружных дзяржаваў заўсёды ёсьць пэўныя саступкі адзін аднаму, але гэтыя саступкі ўзаемнымі маюць быць, гэта ня можа быць дарога з аднабаковым рухам».

«Беларусія ў нашым сэрцы, — казаў дэпутат зь «Единой России», намесьнік старшыні Дзяржаўнай думы, былы тэлевядоўца Пётар Талстой. — Таксама як Украіна, Казахстан, рэспублікі Прыбалтыкі. Усе яны — нашыя суседзі, частка нашага сусьвету. І, безумоўна, яны маюць патрэбу ў акармленьні „русским ­миром“».

«Цалкам магчыма, што народ хоча ўзьяднаньня з Расеяй, — разважаў дэпутат з ЛДРП Міхаіл Дзегцяроў. — Чаму ня даць такое права выказацца? Будаваць „саюзную дзяржаву“ менавіта на прынцыпах ня нейкіх, якія не працуюць ужо 20 гадоў, а на іншых прынцыпах. Спытаць народ, як вы хочаце жыць з Расеяй у „саюзнай дзяржаве“. Мо народ хоча гэтаксама, як крымчане, узьяднацца».

Нягледзячы на ўпэўненасьць дэпутата Калашнікава, Пуцін і Лукашэнка не дамовіліся пра нешта значнае – толькі пра дату наступнай сустрэчы. На наступны дзень прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў пацьвердзіў: пра кампэнсацыю Беларусі стратаў ад расейскага «падатковага манэўру» пакуль не ўдалося дамовіцца, нязгода захавалася, размова будзе працягнутая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Коммерсантъ» пра памочніцу Лукашэнкі: «Спадніца, вядома, была караткаватая»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь і Расея створаць працоўную групу па інтэграцыі, а пра газ вызначацца з 2020 году, — расейскі віцэ-прэм’ер