«Будзем патрабаваць, каб парлямэнт проста разагналі», — кажа Тацяна Канеўская з ініцыятывы «Наша права», якая прадстаўляе сваякоў зьняволеных па «антынаркатычным» 328-м артыкуле.
Зьмены ў заканадаўства прадугледжвалі зьмякчэньне пакараньня для некаторых катэгорый абвінавачаных. Іх прыняцьце магло б непасрэдна адбіцца на лёсе яе сына. Ён асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі. Па словах Тацяны, у ягонай справе — 3 набытыя грамы марыхуаны. Абвінавачаньне ўдалося перакваліфікаваць з ч.3 артыкула на ч.2, дзе ніжні парог пакараньня — 5 гадоў. Як успрымуць непрыняцьце законапраекту зьняволеныя, Тацяне цяжка падумаць.
«Для іх гэта ўсіх удар, разумееце, — кажа жанчына. — Дэкрэт ужо даўно дзейнічае, многія адседзелі ўжо па 4 гады. У некаторых былі тэрміны 8 гадоў, у некаторых 5. Спадзяваліся, што максымум летам тысячы маладых людзей ужо былі б дома. Я адчула гэта на сабе. Два з паловай гады ён ужо адседзеў. Калі б яму зьнялі 2 гады, ён летам быў бы дома. Мне сёньня сын павінен тэлефанаваць, і я ня ведаю, што яму казаць».
«Мы толькі з прычыны гэтага законапраекту спынілі галадоўку»
Пытаньне «Аб унясеньні зьменаў і дапаўненьняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь» меліся разгледзець у Палаце 19 сьнежня. Аднак, паводле словаў дэпутата Васіля Чэкана, камісія па нацыянальнай бясьпецы прыняла рашэньне выключыць зьмены да 328 артыкула Крымінальнага кодэксу. Нібыта ў гэтым законапраекце застаюцца супярэчнасьці зь некаторымі дзяржаўнымі структурамі адносна мэтазгоднасьці зьмякчэньня пакараньня. Па-другое, магчыма, трэба будзе перагледзець ня толькі 2 і 3 часткі артыкула, але і іншыя. Таму камісія прыняла рашэньне працягнуць працу.
Законапраект, прыняты ўжо ў першым чытаньні, будзе разгледжаны толькі на наступнай сэсіі Палаты, якая пачнецца 2 красавіка 2019 году. На 2018 год Палата сваю працу завяршыла.
Учора жанчыны каля 5 гадзін правялі ў Палаце прадстаўнікоў, абураныя непрыняцьцем зьменаў у артыкул КК. Яны патрабавалі сустрэчы са старшынём Палаты Ўладзімерам Андрэйчанкам, але той да іх так і ня выйшаў. «Гэта крыўда, нас проста падманваюць», — кажа Тацяна Канеўская.
«Дзеяньні за апошнія два дні былі настолькі незразумелыя. Склалася ўражаньне, што яны ведалі, што яны ня будуць прымаць законапраект, а проста дурылі нам галаву, адцягвалі час, — кажа жанчына. — А прыняць яго было важна, бо хваля нэгатыву схлынула б, зьявіўся б давер да парлямэнту. А так нэгатыву стала яшчэ больш. Мы адразу запісаліся на прыём да Качанавай і будзем патрабаваць, каб парлямэнт проста разагналі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму міліцыі выгадны «наркаманскі» артыкул 328Паводле яе слоў, законапраект быў ініцыяваны Саветам міністраў. Гэта, кажа яна, давала надзею. Група сваякоў мае і свой падрыхтаваны праект зьменаў, але на 90% яны былі ўпэўненыя, што саўмінаўскі праект будзе прыняты. Жанчыны даведаліся пра яго існаваньне на прыёме ў кіраўніцы Адміністрацыі прэзыдэнта Натальлі Качанавай, куды трапілі неўзабаве пасьля пачатку галадоўкі ў траўні.
«Яна сказала, што законапраект ёсьць, мы над ім працавалі, яму засталося прайсьці ўзгадненьне і крыміналістычную экспэртызу. 11 траўня, праз 9 дзён пасьля сустрэчы, законапраект ужо ўзгоднены, прайшоў экспэртызу і трапіў у Палату прадстаўнікоў. І толькі з гэтай прычыны мы спынілі галадоўку! Мы зразумелі, што нам пайшлі насустрач!» — абураецца Тацяна.
Сустрэча з Качанавай, кажа яна, пераканала жанчын у тым, што зьмены будуць прынятыя. Кіраўніцы адміністрацыі прэзыдэнта яны шчыра паверылі.
«Калі чалавек кажа, што яны (дэпутаты Палаты прадстаўнікоў. — РС) ня сыдуць з сэсіі, пакуль ня прымуць законапраект, як можна не паверыць! — кажа яна. — Гэта ж ня проста чалавек міма праходзіў і сказаў: „Так, Таня, усё будзе добра“. Гэта кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта сказала. Вышэй толькі Аляксандар Рыгоравіч. Яна ж ня можа дзейнічаць па сваёй указцы. Я так зразумела, што ўсе словы, сказаныя ёю, узгадняюцца з Аляксандрам Рыгоравічам нейкім чынам».
«Мы прызнаём памылкі сваіх дзяцей. А ўрад сваіх памылак не прызнае»
Сваякоў зьняволеных найбольш абурае правапрымяняльная практыка па 328 артыкуле — тое, як яго выкарыстоўваюць праваахоўныя органы і суды.
«Калі сядзіць 17 тысяч (зьняволеных па 328 артыкуле. — РС), і яны (МУС. — РС) кажуць, што па другой і трэцяй частцы сядзіць 80%, і практычна зь іх само МУС кажа, што 60% — гэта спажыўцы», — тлумачыць Тацяна.
Канеўская прыводзіць у прыклад справу свайго сына. Паводле яе слоў, адзін выпадак набыцьця цыгарэты з марыхуанай падчас сьледзтва быў разьбіты на два эпізоды. «Сьледчы зрабіў так, што ён нібыта схадзіў набыў сабе марыхуану, а пасьля вярнуўся, узяў грошы ў сябра і схадзіў купіў яму. Гэта называецца „паўторнасьць дзеяньня“, і ён атрымаў 8 гадоў! — кажа Канеўская. — Вельмі шмат спраў, калі двое сяброў скінуліся разам грашыма, пайшлі браць закладку. Адзін вышэйшы, ён дастаў — ён ідзе як распаўсюднік па трэцяй частцы. Другі, які стаяў побач, — па першай частцы. Гэта абсурдна! І такіх выпадкаў вельмі шмат».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Зялёныя біркі». Споведзі былых вязьняў з атраду для наркаманаўНа думку жанчын з ініцыятывы «Наша права», сытуацыя з прымяненьнем артыкула 328 зразумелая ўсім.
«Але, на жаль, так здарылася, што наш урад ня ўмее прызнаць сваіх памылак, — кажа Тацяна Канеўская. — Мы прызнаем памылкі нашых дзяцей. Кажам, што нашыя дзеці сапраўды вінаватыя. Але не настолькі і не на такія тэрміны!»
Супраць ініцыятывы наконт зьменаў у 328 артыкул нібыта, па словах саміх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, выступаюць МУС і Вярхоўны суд.
«Дык яны заўжды былі супраць, — кажа Канеўская. — І ў Качанавай я задавала гэтае пытаньне: „Вы ж ведаеце, што і Шуневіч, і Сукала супраць“. На што мне яна дакладна сказала: „Яны ня ўсё вырашаюць“. І Аляксандар Рыгоравіч кажа, што перастаньце садзіць драбнату, пачынайце садзіць буйную рыбу, а пры гэтым працягваюць садзіць і спыніць ня могуць. На двух чалавек няма ўправы ва ўсёй дзяржаве?»
Хоць Тацяна Канеўская мяркуе, што законапраект ня быў прыняты наўмысна, сваякі ўсё ж спадзяюцца, што дэпутаты Палаты прадстаўнікоў споўняць сваё абяцаньне і на наступнай сэсіі прымуць нарэшце тыя зьмены.
«Я думаю, што яны чакаюць і хочуць у год выбараў парлямэнта зрабіць такі „падарунак“, — выказвае здагадку Тацяна. — Гэта маё асабістае меркаваньне, што прымуць, але пазьней. Нечага яны чакаюць».
Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць
- У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
- Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
- «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
- 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.