Сям’і з Лоева вярнулі 3-месячнага сына. Дзяўчынцы з рэдкай генэтычнай хваробай сабралі грошы на апэрацыю і яна пайшла ў школу. Вяскоўцы адстаялі свайго кіраўніка, якога хацелі звольніць улады. Анкапацыэнтку пасьля пасьпяховага лячэньня ўладкавалі на працу. Мэханізатарцы вярнулі трактар, спачатку падораны, а пасьля адабраны ўладамі. Зьняволенага японскага мастака нечакана вызвалілі з турмы. У беднай сям’і не адабралі дзяцей. Менскі праспэкт Незалежнасьці вернуць у беларускі Сьпіс ЮНЭСКА
У гэтыя сьвяточныя дні згадаем пра добрыя справы, якія адбыліся дзякуючы публікацыям журналістаў Радыё Свабода.
Сям’і з Лоева, на дапамогу якой зрабілі складкі беларусы, аддалі 3-месячнага сына
Сёлета ў жніўня Алесі Фаміных і Андрэю Коўзіку з Лоева вярнулі 3-месячнага Максіма. Малога ў прытулак забрала дзяржава — празь беднасьць бацькоў. Пасьля артыкулу на Свабодзе неабыякавыя арганізацыі і беларусы дапамаглі сям’і. Патрабаваньні камісіі ў справах непаўналетніх — адрамантаваць хату, правесьці ваду, замяніць газавую пліту, назапасіць дроў былі выкананыя.
На правядзеньне водаправоду грошы пералічыла дабрачынная каталіцкая місія «Карытас-Міласэрнасць». Грамадзкае аб’яднаньне Rotary Club Minsk Сity прывезла для сямʼі больш за 100 кіляграмаў дапамогі — прадукты, адзеньне для дзіця і бацькоў, сродкі гігіены, посуд. Неабыякавыя беларусы пералічылі сямʼі грошы. Жыхары Менску абʼядналіся ў групу «УКантакце» і чатыры разы завозілі дапамогу (пампэрсы, сухія сумесі для дзіця, цацкі) у Лоеў. Усё гэта стала вынікам шырокага розгаласу пасьля публікацыі Свабоды.
Як ажыцьцявілася мара 7-гадовай дзяўчынкі з рэдкай хваробай касьцей
Кіра Ламейка нарадзілася зь няпростым генэтычным захворваньнем — незавершаным остэагенэзам. Яе бацькі і родны брат здаровыя, а ў Кіры здарылася генэтычная мутацыя. Косьці ў дзяўчынкі вельмі крохкія, і яна часта ламае рукі і ногі. У свае 7 гадоў яна перажыла ўжо больш за 20 пераломаў канцавін. Кіра марыла сама пайсьці ў школу, але шматлікія пераломы не дазвалялі ёй нармальна рухацца. На апэрацыю ў Харватыі сям’я ня мела грошай.
Пасьля выхаду сюжэту на Свабодзе і розгаласу міжнародны дабрачынны фонд «ЮніХэлп» дапамог сабраць грошы і аплаціць апэрацыю. 1 верасьня 2018 году Кіра Ламейка пайшла ў школу.
На Гомельшчыне вяскоўцы адстаялі свайго кіраўніка, якога ўлады хацелі звольніць
Жыхары вёскі Валосавічы Акцябрскага раёну Гомельскай вобласьці зладзілі страйк на знак пратэсту супраць намеру ўладаў звольніць кіраўніка сельскай гаспадаркі Васіля Лаханскага. Пасьля публікацыі Свабоды пра страйк, якая атрымала шырокі розгалас, улады паабяцалі, што Лаханскі застанецца на сваёй пасадзе.
Жанчына перамагла рак і апынулася на мяжы жабрацтва. Пасьля публікацыі Свабоды яна атрымала працу
42-гадовая Тацяна Пракапенка зь Петрыкаўскага раёну летась захварэла на рак. Да хваробы жанчына працавала на сьвінакомплексе, мела добры заробак. Пасьля апэрацый і хіміятэрапіі атрымала інваліднасьць і безьліч абмежаваньняў, з прычыны якіх ня можа знайсьці працу.
Дзякуючы публікацыі Свабоды пра яе праблему, ёй удалося атрымаць працу на тым жа сельскагаспадарчым прадпрыемстве — «Палесьсе — Аграінвест» адкуль яе звольнілі. Аддзел працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Петрыкаўскага райвыканкаму выдаткаваў ёй і матэрыяльную дапамогу.
«Чыноўнікам далі па шапцы». Мэханізатарку з Крыўску аднавілі на працы, вярнулі ёй трактар
Адна з найлепшых трактарыстак Гомельшчыны Галіна Кажанава на леташніх «Дажынках» за працоўныя посьпехі атрымала імянны трактар. Праз канфлікт з кіраўніцтвам гаспадаркі «Крыўск» (Буда-Кашалёўскі раён) і звальненьне яна засталася бяз тэхнікі. Мясцовыя чыноўнікі сьцьвярджалі, што трактар — на балянсе гаспадаркі «Крыўск». Галіна даводзіла: тэхніку ўручылі менавіта ёй і ня мелі права забіраць.
Праз шырокі мэдыйны розгалас пра канфлікт даведаліся ў адміністрацыі прэзыдэнта. Галіне Кажанавай вярнулі імянны трактар і папрасілі вярнуцца на працу.
«Зьяжджаю з пачуцьцём удзячнасьці да беларусаў». Вызвалены з калёніі японскі мастак вярнуўся дахаты
Свабода першай даведалася пра зьняволенага ў беларускай вязьніцы японскага мастака. У 2016 годзе Даічы Ёшыда вылецеў з Кіева ў Токіё маршрутам з транзытнымі перасадкамі ў аэрапортах Менску і Абу-Дабі. У Менску Даічы Ёшыда быў затрыманы, а ў красавіку 2017-га асуджаны на 4 гады 6 месяцаў зьняволеньня за незаконны правоз і перамяшчэньне празь дзяржаўную мяжу Рэспублікі Беларусь агнястрэльнай зброі.
Даічы Ёшыда павінен быў правесьці ў калёніі 4 гады 6 месяцаў, але быў нечакана вызвалены паводле рашэньня Вярхоўнага суду 22 траўня 2018 году. Вярхоўная калегія ВС зьмяніла прысуд, прызнаўшы яго «празьмерна строгім».
Карэспандэнтка Свабоды Аляксандра Дынько адсочвала ўсе навіны ў справе зьняволенага японца, кантактавала з роднымі мастака. Яе публікацыі набылі вялікі розгалас у Беларусі і сьвеце, што сярод іншага паспрыяла вызваленьню Даічы Ёшыда.
Менскі праспэкт Незалежнасьці вернуць у беларускі Сьпіс ЮНЭСКА
3-кілямэтровы адрэзак праспэкту Незалежнасьці ў Менску вернуць у беларускі папярэдні сьпіс Усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Пасьля адпаведнай пастановы Савету міністраў у 2019 годзе ў Беларусі можа зьявіцца новы аб’ект сусьветнай спадчыны.
Рабочая група з чыноўнікаў і экспэртаў прыняла дарожную карту, паводле якой праспэкт Незалежнасьці будзе ўносіцца ў беларускі папярэдні сьпіс сусьветнай спадчыны. Гэты працэс зрушыўся пасьля таго, як Свабода апублікавала вялікае дасьледаваньне пра Праспэкт Незалежнасьці, які быў у беларускім сьпісе з 2004 году, і невядома зь якой прычыны быў выключаны з гэтага сьпісу ў 2015-м.
Тры гады Нацыянальная камісія ЮНЭСКА чакала, каб Менгарвыканкам як уласьнік аб’екта падаў заяўку на ўключэньне ў беларускі папярэдні сьпіс наноў. Паводле нашых крыніцаў менавіта публікацыя Свабоды паўплывала на тое, каб гэтае рашэньне было прынятае.
Добрая справа, якая адбылася дзякуючы Свабодзе, але мы пра яе не напісалі
У 2018 годзе адной з найбольш вострых тэмаў, якія асьвятлялі карэспандэнты Свабоды, была спрэчная практыка рэалізацыі дэкрэту № 18 «Пра абарону дзяцей у праблемных семʼях», паводле якога ўлады могуць забраць дзяцей зь семʼяў, якія палічыць праблемнымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апаленыя дэкрэтам № 18. За што могуць адабраць дзіцяДа Свабоды зьвярнулася жанчына з Магілёву, якая жыве ў інтэрнаце з двума дзецьмі, і якая апынулася ў цяжкой жыцьцёвай сытуацыі. Яна апублікавала ў сацыяльных сетках зварот з просьбай дапамагчы яе сямʼі, на што адрэагавалі органы апекі і сацыяльныя службаў. Жанчыну выклікалі на камісію ў справах непаўналетніх і ўзьнікла рызыка, што дзяцей могуць абабраць празь беднасьць, як і ў выпадку ў Лоеве.
Карэспандэнт Свабоды пачаў высьветляць акалічнасьці справы, зьвяртацца па тлумачэньні да чыноўнікаў, у выніку жанчыну пакінулі ў спакоі і дзеці засталіся зь ёй, за што яна была вельмі ўдзячная Свабодзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Чалавек Свабоды – 2018» Сьвятлана Коржыч: «Гэты характар у мяне ад прабабкі» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Улады думалі, што пакажуць, наколькі мы ўбогія». Арганізатары #БНР100 зрабілі «Ўчынак году» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 50 найлепшых публікацый Свабоды ў 2018-м ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Найлепшыя кнігі 2018-га: Някляеў, Арлоў і Бартосік ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускае «Слова 2018 году» — БНР