Адна з найлепшых трактарыстак Гомельшчыны Галіна Кажанава, якая праз канфлікт з кіраўніцтвам сельскагаспадарчага прадпрыемства «Крыўск» страціла працу і імянны трактар «ад Лукашэнкі», дамаглася «аднаўленьня справядлівасьці».
На леташніх «Дажынках» жанчына за працоўныя посьпехі атрымала імянны трактар. Праз канфлікт з кіраўніцтвам гаспадаркі «Крыўск» (Буда-Кашалёўскі раён) і звальненьне яна засталася бяз тэхнікі. Мясцовыя чыноўнікі сьцьвярджалі, што трактар — на балянсе гаспадаркі «Крыўск». Галіна даводзіла: тэхніку ўручылі менавіта ёй і ня мелі права забіраць.
Праз шматлікія публікацыі ў мэдыя пра канфлікт даведаліся ў адміністрацыі прэзыдэнта. Галіне Кажанавай вярнулі імянны трактар і папрасілі вярнуцца на працу.
Адна з крыніц у органах улады распавяла карэспандэнту Свабоды, што гомельскім чыноўнікам «далі па шапцы» з адміністрацыі прэзыдэнта.
«Ім было несалодка, скажам так», — заўважыў суразмоўца.
Да Галіны Кажанавай у Крыўск цугам пацягнуліся дэлегацыі з раёну і вобласьці.
«Быў старшыня Буда-Кашалёўскага райвыканкаму Андрэй Гарбачоў і намесьнік старшыні Гомельскага аблвыканкаму Аляксандр Мікалуцкі. Прасілі памірыцца, забыць мінулыя крыўды і вярнуцца працаваць», — распавядала Свабодзе Галіна Кажанава.
Яна пагадзілася. Але знайшла свой трактар у неналежным стане.
«Я так не дамаўлялася, што мой трактар разьбяруць! Так і сказала дырэктару гаспадаркі: „Што гэта такое? Я ж па-чалавечы да вас паставілася, вы мяне прасілі выйсьці на працу!“ У хуткім часе прыехаў з аблвыканкаму Аляксандр Мікалуцкі, абяцаў, што трактар будзе адрамантаваны, ён на гарантыі. І прыехалі майстры, давялі яго да толку», — зазначыла трактарыстка.
13 чэрвеня яна пачала працаваць на прэс-падборшчыку. Кажа, што на поле назіраць за яе працай прыяжджалі начальнікі на трох аўтамабілях.
«Але я ім даказала, што ўмею працаваць — і з плугамі, і на камбайне, і з прэсам! Бо дырэктар гаспадаркі спытаўся: „А вы хоць умееце з прэсам працаваць?“ Я кажу яму: для чаго так мяне прыніжаеце? Я на ўсім магу працаваць!», — перадае размовы Галіна Кажанава.
Дырэктар сельскагаспадарчага прадпрыемства «Крыўск» Андрэй Зубараў пацьвердзіў, што трактарыстка выйшла на працу 12 чэрвеня. Ён таксама пакуль застаецца кіраваць гаспадаркай.