Дзярждума Расеі забараніла адстрэл жывёлаў на вуліцы. А што ў Беларусі?

Ілюстрацыйнае фота.

Дзяржаўная Дума Расеі ў канчатковым чытаньні прыняла закон аб адказным абыходжаньні з жывёламі. У прыватнасьці, ён абавязвае гаспадароў прыбіраць за сабакамі падчас прагулак.

Закон таксама забараняе адстрэльваць жывёлаў на вуліцы — для іх будуць стварацца «спэцыяльныя прытулкі», заявіў старшыня камітэту Дзярждумы па экалёгіі і ахове навакольнага асяродзьдзя, дэпутат фракцыі «Адзіная Расея» Уладзімір Бурматаў.

«Забараняюцца баі з удзелам жывёлаў, уводзіцца забарона на пазбаўленьне ад жывёлаў без перадачы іх новаму ўладальніку і зьмяшчэньня ў прытулак, уводзіцца забарона на ўтрыманьне жывёл у барах, рэстаранах, прапаганду жорсткага абыходжаньня з жывёламі», — дадаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністэрства экалёгіі Ўкраіны прапануе адмовіцца ад дзікіх жывёлаў у цырку

Закон таксама ўводзіць поўную забарону на ўтрыманьне дзікіх жывёлаў у кватэрах і прыватных дамах.

***

У Беларусі дагэтуль няма закону, накіраванага на гуманнае абыходжаньне зь бяздомнымі жывёламі. Законапраект «Аб абыходжаньні з жывёламі» ня могуць прыняць ужо больш за дзесяць гадоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сьвятлана Алексіевіч пра сваіх сабак, зварот Бардо да Лукашэнкі і зьдзекі з жывёлаў

Беларусь не далучылася да эўрапейскіх канвэнцый аб абароне жывёлаў. Калі гэта адбудзецца, то давядзецца мяняць унутранае заканадаўства і прымаць закон аб абароне жывёлаў. У беларускім заканадаўстве не прапісана, што такое «жорсткае абыходжаньне і зьдзек з жывёлаў». Гэта запавольвае судовае рашэньне па многіх справах.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адсутнасьць закону і дзяржпраграмы. 10 галоўных праблемаў зоаабаронцаў у Беларусі

Статус жывёлы дагэтуль вызначаецца ў Грамадзянскім кодэксе (артыкул 137) як маёмасьць. Гэта правакуе выключна спажывецкі падыход да ўсіх жывёлаў. Гэта значыць, калі жывёла ня мае ўладальніка, то зьяўляецца дзяржаўнай уласнасьцю.

У Беларусі няма дзяржаўнай праграмы стэрылізацыі вулічных жывёлаў. Бяздомных жывёл адлоўліваюць і зьнішчаюць альбо адстрэльваюць на месцы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як зьявіўся ліст Брыжыт Бардо да Аляксандра Лукашэнкі

28 лістапада француская актрыса Брыжыт Бардо апублікавала на сайце свайго фонду адкрыты ліст, адрасаваны Аляксандру Лукашэнку. Бардо папрасіла Лукашэнку зрабіць захады, каб сродкі, якія выдзяляюцца на адлоў і забойства жывёл, накіравалі на праграмы стэрылізацыі ў супрацоўніцтве зь мясцовымі зоаабаронцамі, а таксама на прытулкі-лячэбніцы. Актрыса паведаміла, што гатовая накіраваць у Беларусь прадстаўніка свайго фонду, каб «патлумачыць і ўкараніць канцэпцыю рэгуляцыі залішняй колькасьці сабак і катоў бяз болю і пакутаў».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Каб у Сьвятланы Алексіевіч быў сабачка з прытулку, гэта б добра падзейнічала»

Аляксандар Лукашэнка на прэс-канфэрэнцыі для расейскіх СМІ паабяцаў адказаць на адрасаваны яму ліст Брыжыт Бардо пра абарону жывёлаў. «Рыхтуем ёй адказ. Брыжыт Бардо — велічыня, мала таго — вельмі важную тэму ўзьняла», — сказаў Лукашэнка.