У Літве затрымалі шэраг палітыкаў за шпіянаж на карысьць Расеі

Літоўскі сьцяг

Праваахоўныя органы Літвы затрымалі па падазрэньні ў шпіянажы на карысьць Расеі шэраг асобаў, зьвязаных зь некалькімі непарлямэнцкімі партыямі. Пра гэта паведамляе партал Delfi.lt са спасылкай на літоўскага генпракурора Эвалдаса Пашыліса.


Дакладная колькасьць затрыманых за супрацоўніцтва з расейскімі спэцслужбамі не называецца. Вядома, што сярод іх ёсьць былы старшыня прарасейскай партыі «Сацыялістычны народны фронт» Альгірдас Палецкіс.

​Па словах генпракурора Эвалдаса Пашыліса, падазраваныя на працягу працяглага часу выконвалі заданьні расейскай выведкі. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра збор інфармацыі аб палітычнай сытуацыі ў Літве.

Адзін з затрыманых — грамадзянін Расеі Валерый Іваноў, які жыве ў Вільні. У часе ператрусу ў яго дома сьледчыя знайшлі зброю. Іваноў у ліпені 1997 году быў асуджаны за паклёп на ахвяраў 13 студзеня 1991 году. У кнізе «Літоўская турма» ён сьцьвярджаў, што ахвяры 13 студзеня — гэта фальсыфікацыя, а савецкая армія ў Вільні не забіла ніводнага абаронцу. Ён быў прысуджаны да году зьняволеньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Аўстрыі затрымалі падазраванага ў шпіянажы на карысьць Расеі

На пачатку сьнежня паведамлялася пра высылку са Славаччыны расейскага дыплямата, якога абвінавацілі ў супрацоўніцтве з ваеннай выведкай РФ. У адказ на гэтыя дзеяньні Расея абвясьціла пэрсонай нон грата супрацоўніка пасольства Славаччыны ў Маскве.

Месяцам раней у Вене былі затрыманыя адстаўны палкоўнік аўстрыйскай арміі і супрацоўнік Фэдэральнага ведамства па абароне Канстытуцыі: па зьвестках спэцслужбаў краіны, яны займаліся шпіянажам на карысьць Расеі.