Беларускае прыватнае выданьне «Наша ніва», якое нядаўна адмовілася ад папяровай вэрсіі газэты і пачало выдаваць папяровы часопіс «Наша гісторыя», 17 сьнежня ўвяло плату за прагляд некаторых матэрыялаў. Адзін платны матэрыял каштуе тры рублі, падпіска на месяц — шэсьць рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша ніва» стала часткова платнай. Як гэта працуеНавошта гэта робіцца
Галоўны рэдактар Nn.by Ягор Марціновіч расказаў Свабодзе, што платная падпіска ўводзіцца «каб падвысіць фінансавую ўстойлівасьць, разнастаіць свае даходы, не залежаць ад кагосьці аднаго».
«Наша ніва» зьяўляецца прыватным выданьнем, якое дэкляруе, што «цьвёрда захоўвае незалежнасьць ад уладаў і роўнааддаленасьць ад палітычных сілаў і бізнэс-колаў».
Ці былі спробы з боку бізнэс-колаў запатрабаваць не пісаць нешта пад пагрозай спыніць фінансаваньне?
«Не, — кажа Марціновіч. — Я не магу ўявіць у беларускіх рэаліях такую сытуацыю, бо любы салідны бізнэс разумее: калі інфармацыя, што былі такія спробы і прэцэдэнты, трапіць або на нашыя старонкі, або ў іншыя СМІ, то гэта будзе такім магутным ударам па іміджы, што лепш і не пачынаць такіх захадаў».
За што трэба плаціць
Навіны — тэксты ад сваіх журналістаў і перадрукі зь іншых СМІ — па-ранейшаму бясплатныя, пацьвярджае Марціновіч. Платнымі сталі артыкулы з часопіса «Наша гісторыя» (тэксты з папяровага часопісу цяпер зьяўляюцца на старонцы History.nn.by), а таксама некаторыя архіўныя матэрыялы. Грамадзка значныя расьсьледаваньні (як, напрыклад, пра катэджы ў Драздах) будуць, прынамсі пакуль, выдавацца бясплатна. Цяперашні падзел на платныя і бясплатныя матэрыялы, магчыма, не канчатковы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша Ніва» выдала ілюстраваны гістарычны часопіс: «Нават расейцы і ўкраінцы такога ня маюць»«Сытуацыя такая: нават калі паглядзець на досьвед іншых краінаў, іншых СМІ, якія патроху рабіліся платнымі, там было безьліч экспэрымэнтаў, стратэгіяў, шукалася такая, якая будзе адпавядаць канкрэтнаму рынку і аўдыторыі, — расказвае Марціновіч. — Нешта аналягічнае, дапускаю, адбудзецца і ў нас».
Хто расказаў, як такое рабіць
«Пралічыць такое ў беларускай сытуацыі немагчыма, — кажа Марціновіч пра стратэгію з платным кантэнтам.— Ніводнае СМІ падобнага кшталту экспэрымэнтаў ня ставіла. Ніводнага мэдыяэкспэрта, які сказаў бы, што ў „Нашай нівы“ такое папрэ, а ў іншых не папрэ, няма.
Мы чулі ад некаторых прадстаўнікоў рынку, што рынак ужо ў прынцыпе гатовы да сыстэмы такіх мікраплацяжоў. Таму мы і запускаем свой платны доступ. Але я дапускаю, што нешта мы будзем карэктаваць па дарозе ў залежнасьці ад таго, як адрэагуе аўдыторыя.
Прыемна, што першыя плацяжы ўжо пайшлі. Пры гэтым самы першы плацеж быў самым буйным. Ён прыйшоў з-за мяжы — зь Нямеччыны, здаецца».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Час, калі паміраюць газэты