Хочаш камэнтаваць артыкул — пакінь свой нумар. Карэспандэнт Свабоды дасьледаваў, як папраўкі ў закон «Аб СМІ», якія ўступілі ў сілу 1 сьнежня 2018 году, паўплывалі на актыўнасьць інтэрнэт-камэнтатараў.
З 1 сьнежня, каб напісаць камэнтар на сайце, трэба там зарэгістравацца, пакінуўшы свой нумар тэлефону. Гэта вынікае з паправак у закон «Аб СМІ», якія ўступілі ў дзеяньне.
«Менш мацюкоў, але і менш камэнтароў»
На партале Tut.by зь 1 сьнежня працуе рэгістрацыя карыстальнікаў форуму праз тэлефон. Рэгіструесься, пішаш нумар тэлефона, табе прыходзіць SMS, і пасьля можна камэнтаваць. Рэдактары форуму сьведчаць, што камэнтароў цяпер пакідаюць меней, але пішуць больш ветліва.
«Асабліва нічога не зьмянілася, у карыстальнікаў ёсьць цікавасьць самім паглядзець, наколькі іх стала менш. Людзі пазбаўляюцца да старых акаўнтаў і ствараюць новыя, каб не прывязваць свой нумар тэлефона да тых парушэньняў, якія ў іх маглі быць раней. Тэндэнцыя добрая, стала менш мацюкоў і зьнявагі, людзі пачалі пісаць больш культурна. Можа, на 10% камэнтароў стала менш, але гэта ня масава», — расказала карэспандэнту Свабоды адміністратар форуму talks.by Вольга Сыцько.
«Фактар самацэнзуры пакуль ня выявілі»
На Onliner.by, дзе за месяц фіксуюць больш за сотню тысяч камэнтароў, пакуль не заўважылі адтоку карыстальнікаў з форуму. Людзі камэнтуюць навіны рознай тэматыкі, як і раней, кажа галоўны рэдактар парталу Мікалай Казловіч:
«Пакуль рана рабіць высновы, але субʼектыўна менш іх ня стала. Фактару самацэнзуры таксама пакуль не заўважылі. Людзі камэнтуюць як лёгкія сюжэты, так і матэрыялы пра базу дармаедаў, напрыклад. Гэты крок ня зьменшыць нам працы, бо гэта затраты».
«Наша ніва» арганізавала клюб чытачоў
«Наша ніва» 3 сьнежня запусьціла на сваім сайце клюб чытачоў. Ён патрэбен, каб мець магчымасьць пакідаць камэнтары пад артыкуламі. І калі для рэгістрацыі ў самім клюбе даваць нумар тэлефона ня трэба, то яго трэба ўводзіць, каб пакідаць камэнтары. Допісы ад чытачоў будуць праходзіць прэмадэрацыю.
На сайце «Нашай нівы» паведамілі, што ў пэрспэктыве ўдзел у клюбе можа стаць платным, а яго сябры будуць мець доступ да пашыранай вэрсіі кантэнту.
Частка сайтаў беларускіх СМІ наогул закрылі магчымасьць пакідаць камэнтары карыстальнікам пад артыкуламі. Гэтая опцыя недасяжная на сайтах «Эўрарадыё» і naviny.by.
На сайце Свабоды па-ранейшаму камэнтаваньне магчымае праз «Фэйсбук».
Што варта ведаць пра папраўкі ў закон аб СМІ
Палата прадстаўнiкоў 14 чэрвеня прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. Зьмены набудуць моц з 1 сьнежня.
Дакумэнт утрымлівае шэраг новаўвядзеньняў, у прыватнасьці:
- пашырэньне пераліку інфармацыі, распаўсюджваньне якой забаронена;
- абавязковая ідэнтыфікацыя інтэрнэт-карыстальнікаў;
- абмежаваньне ўдзелу іншаземцаў у беларускай інфапрасторы.
Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ
Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў заяўлялі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўсталяваць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.
Прадстаўнікоў мэдыясупольнасьці запрасілі на дапрацоўку зьменаў у закон аб СМІ, але на канчатковы варыянт законапраекту гэта не паўплывала.
Большасьць прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, у законе не былі зафіксаваныя.