Калі папяровыя газэты зьнікнуць, я буду шкадаваць, як шкадаваў, калі сышлі ў нябыт пісьмовыя машынкі. Газэт будзе не хапаць, як ровараў, калі яны таксама зьнікнуць. Але цікава, што сёньня іх становіцца толькі больш. Хоць, здаецца, ровары таксама выглядаюць даволі архаічна на фоне сучасных аўтамабіляў. Гэта значыць, што й з прэсай ня ўсё так проста. Пэўны рэнэсанс магчымы, але ў дэмакратычнай Беларусі. Як стала магчымым вяртаньне (праўда, за мяжой) папулярнасьці вінілавых кружэлак.
А ў Польшчы ўсё ня так
Я міжволі ўсё параўноўваю з суседняй Польшчай, дзе даводзіцца бываць. Так, і там газэты пастаянна змагаюцца за тое, каб быць тым, чым яны ёсьць, каб працягваць існаваць. Але ёсьць дзьве асаблівасьці. Там няма дзяржаўных выданьняў і прымусовай падпіскі на іх. Тое, што гэта ўсё працягвае існаваць з савецкіх часоў у РБ, скажае карціну, ставіць яе дагары нагамі. У краіне няма сапраўднага газэтнага рынку. Прынамсі, што да грамадзка-палітычных выданьняў.
Яшчэ важнае адрозьненьне. У Польшчы сымпатыі, напэўна, большай часткі выбаршчыкаў падзеленыя паміж дзьвюма палітычнымі сіламі. А газэты, прэса трымаюцца, як на сланах, на спаборніцтве, якое адбываецца на палітычным рысталішчы. Гэта іхны хлеб. Хоць многія і «жаўцеюць», прагнуць на першай старонцы мець абавязкова штось выключна «сэнсацыйнае».
Дзякуючы жывой палітычнай канкурэнцыі ў Польшчы існуе таксама пачак грамадзка-палітычных штодзёньнікаў, часопісаў. З сумам узгадваю, як Ігар Гермянчук некалі спрабаваў раскруціць такі часопіс у нас, свой «Кур’ер». Не атрымалася нават са штомесячным выпускам... У Беларусі такое выданьне ў цяперашніх умовах будзе заўжды на хісткай глебе. Будзе мець праблемы з атрыманьнем рэклямы. Урэшце, у краіне няма дастаткова чытачоў для такога часопіса.
Такім чынам: польскія газэты заўсёды маюць пра што пісаць. У Польшчы ёсьць палітыка, у Беларусі яе замяняе гаечны ключ, якім усё закручана намёртва. Ёсьць толькі «гаспадарчая», але гэта палітыка толькі аднаго чалавека, у якога «ўсё схоплена». Фармальна гэта — выдатны шанец для існаваньня малалікіх выданьняў, апошніх з магіканаў, накшталт «Народнай Волі» або «Свободных новостей плюс», — як крыніц альтэрнатыўнай інфармацыі. Аднак людзі, якіх натхніла адраджэньне пачатку 1990-х, паміраюць. У многіх астатніх паапускаліся рукі. І ў газэце звычайна не прачытаць радасных навінаў, ад якіх можна адчуць уздым у душы. На цяперашняй браме краіны, здаецца, цалкам можна напісаць славэтнае — «Оставь надежду всяк сюда входящий».
Так што ня дзіва, што нашы любімыя газэты аджываюць свой век. Хай не пад молатам, але пад дамоклавым мячом, пад пастаянным ціскам. Дыскрымінаваныя ня раз. Асабліва цяжка, калі выходзяць на беларускай мове, як «Наша Ніва».
Што да астатніх, дзяржаўных, многія сталі лепей выконваць асноўную функцыю — інфармаваць чытача. Але разам з тым ператварыліся ў тое, чым былі заўсёды са сталінскіх часоў, — у рупары. Мне давялося нядаўна перагартаць гадавік «Гродненской правды» часоў Брэжнева. Якое ўсё заімшэлае, зашпіленае на гузікі!
У рэдакцыі «Пагоні» прадаюць падушкі
На факультэце журналістыкі я быў у газэтнай групе. Большасьць сярод нас рыхтаваліся ў газэтчыкі. Такая падрыхтоўка лічылася больш грунтоўнай, мы гэта самі адчувалі. Група радыётэлежурналістаў была невялікая: і адзін толькі хлопец, паэт. І пазьней, бывала, просіцца чалавек з радыё ў газэту. А напісаць нічога, апроч інфармацыйнай нататкі, ня можа, толькі мучыцца.
У маёй біяграфіі пяць газэт, чатыры зь якіх былі закрытыя судом. Трэба прызнаць, што ў тых умовах гэтыя выданьні таксама не былі «беззаганнымі». У тым сэнсе, што апроч галоўнай функцыі — інфармаваць, абавязкова былі трыбунамі для барацьбы. За свабоду, за дэмакратыю, за беларускую Беларусь. Ня выйшла.
Нестабільна сябе адчуваеш, калі па чарзе закрываюць тры газэты, у штаце якіх працуеш. «Свабоду», «Навіны», «Нашу Свабоду». Кожны раз у трывозе: што будзе далей?
Суд спыніў і «Пагоню», якую я пачынаў. Сёньня там, дзе была рэдакцыя, прадаюць падушкі. Па іншым адрасе, апошнім для «Пагоні», рамантуюць таномэтры, ціск вымяраць і пульс.
Газэта жыве адзін дзень
Газэта жыве адзін дзень, казалі нам, але жыве. Яна — тавар штодзённага попыту, але з кароткім тэрмінам прыдатнасьці. Сёньня навіны ў сеціве абнаўляюцца цягам гадзіны. Гэта — набытак, але гэта і страта грунтоўнасьці, трывалай глебы пад нагамі. Мы нібы на дрогкай зямлі, дзе адну і тую ж Амэрыку адкрываюць па некалькі разоў на дзень.
Мне падабалася рэкляма: тоўстая газэта, добрыя акуляры, кубак кавы. Якасныя, сапраўдныя рэчы. Няважна, што кава выпіта, можна замовіць яшчэ. За мяжой яшчэ можна заўважыць у вулічнай кавярні чалавека з газэтай, у нас — не. Бо кавярні такія зьявіліся вельмі позна, калі людзям ужо адбілі ахвоту чытаць газэты. Большасьць зь якіх да таго ж прыкрылі. А ўявіць чыноўніка за столікам з «СБ» і кубкам кавы? Бадай нерэальна.
Каб існаваў дзень газэт, як існуе дзень музэяў альбо тэатру, гэта быў бы мой дзень. Бо тое, што ты перш газэтчык, застаецца з табою назаўсёды.