У горадзе Тэлаві на ўсходзе Грузіі, на месцы царскай рэзыдэнцыі дому Багратыдаў, адбылася цырымонія інаўгурацыі пятага прэзыдэнта краіны Саламэ Зурабішвілі. Яна перамагла на выбарах у лістападзе ў выніку двух тураў галасаваньня.
Выступаючы пасьля прысягі, прэзыдэнтка нагадала, што яна ёсьць нашчадкам грузінскіх эмігрантаў, выгнаных з Грузіі ў 1921 годзе ў выніку «уварваньня расейскай арміі». Зурабішвілі назвала цяперашнія дзеяньні Расеі ў самаабвешчаных рэспубліках Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі «акупацыяй» і заклікала да прымірэньня з «абхаскімі і асэтынскімі братамі». Галоўнымі прыярытэтамі сваёй палітыкі прэзыдэнтка назвала ўступленьне Грузіі ў NATO і Эўразьвяз.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Новая прэзыдэнтка Грузіі заявіла, што ня бачыць магчымасьці супрацоўнічаць з РасеяйЗ моманту прынясеньня прысягі новай прэзыдэнткай уступіла ў сілу новая канстытуцыя краіны. Згодна з дакумэнтам, грузінская дзяржава канчаткова трансфармуецца ў парлямэнцкую рэспубліку.
Адначасова з цырымоніяй інаўгурацыі, за некалькі кілямэтраў ад Тэлаві адбываліся сутычкі паміж паліцыяй і прыхільнікамі «Аб’яднанай апазыцыі». Апазыцыянэры спрабавалі прарвацца да месца інаўгурацыі, каб зладзіць мітынг пратэсту. Паліцыя перакрыла ўсе падыходы да гораду, і калёны дэманстрантаў не змаглі прарваць паліцэйскія кардоны. Паліцыя не ўжывала спэцсродкі, ніводзін удзельнік апазыцыйнага шэсьця не затрыманы.