Няма лідэра, няма адзінага цэнтру, шмат эмоцый, недавер да СМІ і ўладаў, апора на сацыяльныя сеткі — усё гэта стварае сярод «жоўтых камізэлек» ідэальныя ўмовы для разгулу фэйкавых навінаў і інфармацыйных маніпуляцый.
- «Плошча, поўная жоўтых камізэлек!» — цешыцца аўтар паста. На самай справе, здымак зроблены летась перад фіналам Чэмпіянату Эўропы па рэгбі (C News, Францыя).
- «Вось відэа, дзе чалавек у масцы прадстаўляецца вайскоўцам. Яго паглядзелі 3 мільёны чалавек. Але не, на суботнюю дэманстрацыю не заклікалі наймітаў, гэта фэйк. Ніхто не прыцягваў і бэльгійскую армію» (RTL, Францыя).
- «Мы ня можам падлічыць колькасьць фэйкаў. Нават палітыкі, буйныя палітычныя фігуры, рэпосьцяць фальшыўкі» (France 2, Францыя).
Галоўнае пытаньне палягае ў тым, ці зьяўляюцца фальшыўкі натуральным чынам або іх запускаюць для маніпуляваньня грамадзкай думкай.
Вэрсія № 1: «Рука Крамля»
Амэрыканскія СМІ паведамляюць: Альянс за бясьпеку дэмакратыі сачыў за 600 твітэр-акаўнтамі, зьвязанымі з Расеяй (гэта і тролі, і проста актыўныя карыстальнікі). У дні пратэстаў самымі папулярнымі хэштэгамі ў іх былі «жоўтыя камізэлькі» (#giletsjaunes), «Макрон» і «Францыя».
Падобныя дадзеныя прыводзіць і брытанская Times.
- "Па дадзеных кампаніі New Knowledge, якая займаецца кібэрбясьпекай, гэтыя акаўнты выкарыстоўвалі фатаграфіі параненых людзей зь іншых месцаў, каб даказаць "зьверствы «францускай паліцыі» (The Times, Вялікабрытанія).
Шмат увагі «жоўтым камізэлькам» надаюць мясцовыя аддзяленьні расейскага Sputnik і RT, якія Эмануэль Макрон публічна называў агентамі ўплыву.
У натоўпе дэманстрантаў мільгае сьцяг так званай «ДНР», а каля яго — скандальныя актывісты, зьвязаныя з Расеяй, якія часта зьяўляюцца ў эфірах RT.
Усяго гэтага дастаткова, каб улады Францыі пачалі расьсьледаваньне магчымага расейскага ўмяшаньня. Але бясспрэчных доказаў пакуль няма, Масква катэгарычна адмаўляе.
- «Ну і ўжо па традыцыі: калі ў Амэрыцы ці ў Эўропе нешта ідзе ня так, у гэтым абавязкова шукаюць расейскі сьлед» (НТВ, Расея).
- «Як пісаў Маякоўскі, калі зоркі запальваюць, значыць, гэта камусьці трэба. І калі быць дакладным, то гэта хутчэй за ўсё трэба Крамлю» (Россия 24, Расея).
Вэрсія № 2: «Гэта Фэйсбук»
Калі не Крэмль, то, магчыма, вінаватыя сацыяльныя сеткі — мяркуюць СМІ. Больш за ўсё падазрэньняў наконт Фэйсбуку. Ён і раней спрыяў стварэньню груп па інтарэсах, недаступных для пабочных асобаў, а пасьля нядаўняй рэформы яшчэ і накіраваўся на лякальныя навіны.
- «Экспэрты кажуць, што зьмены ў альгарытме дапамаглі стварэньню "групаў гневу" зь дзесяткамі тысяч карыстальнікаў, як, напрыклад, у Нармандыі» (The Local, Францыя).
- «Сацыяльная сетка падлівала масла ў агонь, які гарэў у Францыі зь першых дзён прэзыдэнцтва Макрона» (Buzzfeed, ЗША).
Нягледзячы на саступкі ўладаў, пратэсты ў Францыі працягваюцца. Усе спробы мясцовых журналістаў спыніць хвалю фэйкаў ня маюць плёну.