Ці мог Аляксандар Лукашэнка вучыць Домрачаву хадзіць на лыжах? Ці праўда, што грамадзкасьць супраць «дошкі БНР» у Менску? Каб правяраць спрэчныя заявы і выяўляць фэйкі, Свабода запускае новы праект — «Фактограф».
Гэта новы інструмэнт праверкі фактаў на Свабодзе. Калі зьяўляюцца навіны, якім мала даверу, мы правяраем іх на праўдзівасьць. Праз «Фактограф» будзем прапускаць чуткі і стэрэатыпныя меркаваньні. Да кожнае навіны прыкладаем «шкалу праўдзівасьці» і паказваем, якая доля маны ў ёй.
Чаму цяпер? Бо фэйкавыя навіны сталі галоўным выклікам для мэдыяў ва ўсім сьвеце. Эўракамісія дамаўляецца з кампаніямі Google і Facebook, каб разам супрацьстаяць дэзынфармацыі. Amnesty International стварае службу са 100 чалавек з усяго сьвету, каб правяраць праўдзівасьць відэа ў сацыяльных сетках.
Сачыце за «Фактографам», шліце нам спрэчныя факты на праверку. Выяўляйма фэйкі і няпраўду разам.