Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго дыскрэдытуюць фэйкавыя сабачыя паркі


За той час, што я вучылася на філязофскім аддзяленьні БДУ, мне давялося безьліч разоў слухаць адны і тыя ж нясьмешныя жарты і скаргі на спэцыфічны паняткава-катэгарыяльны апарат філязофіі. З закідамі накшталт «філёзафы прыхоўваюць банальны зьмест за мудрагелістымі словамі» я сутыкаюся і цяпер. Людзі, якія вінавацяць філязофію у наяўнасьці так званай «птушынай мовы», проста шукаюць апраўданьне для сваёй нелюбові да гэтай галіны ведаў.

Вельмі падобны мэханізм спрацаваў і ў гісторыі, калі некалькі навукоўцаў дасылалі фэйкавыя артыкулы, нібыта зьвязаныя з дасьледаваньнямі ў вобласьці сацыяльнай несправядлівасьці, у навуковыя часопісы, і тыя іх прымалі. Цяпер, калі пра экспэрымэнт стала вядома шырокай публіцы, СМІ пішуць пра яго як пра доказ, што гендэрныя дасьледаваньні — гэта ілжэнавука, поўная незразумелых словаў, якімі насамрэч можна жангліраваць у адвольным парадку.

Калі гаворка ідзе пра фэйкі ў мэдычных, фізычных альбо астранамічных дасьледаваньнях, наяўнасьць ілжэдасьледаваньняў не спрабуюць выдаць за «разьвенчваньне ілжэнавукі».

Людзі радасна дзеляцца тэкстамі пра гэты экспэрымэнт, пакідаюць зьедлівыя камэнтары і ўпарта ігнаруюць два факты: па-першае, свая «птушыная мова» ёсьць у кожнай галіне ведаў, і гэта нармальна, а па-другое, фэйкавыя дасьледаваньні пэрыядычна зьяўляюцца ў межах самых розных дысцыплін. Праўда, калі гаворка ідзе пра фэйкі ў мэдычных, фізычных альбо астранамічных дасьледаваньнях, наяўнасьць ілжэдасьледаваньняў не спрабуюць выдаць за «разьвенчваньне ілжэнавукі». У такіх сытуацыях кажуць пра індустрыю навуковых дасьледаваньняў, пра яе слабыя месцы, пра прадажнасьць асобных часопісаў.

Вось апублікаваны артыкул пра новыя мэтады барацьбы з міжгаляктычнымі паразытамі, заснаваны на мультсэрыяле «Рык і Морці». А вось матэрыял, які быў створаны праграмай-генэратарам квазінавуковых тэкстаў, перакладзены на расейскую мову і падпісаны імем выдуманага асьпіранта, які працаваў у выдуманым інстытуце. Тэкст нібыта прайшоў рэцэнзаваньне і быў ухвалены для публікацыі ў ВАКаўскім часопісе ў Расеі. А «аўтар» вось гэтага артыкулу, таксама створанага праграмай-генэратарам, быў нават запрошаны на канфэрэнцыю па ядзернай фізыцы.

Калі быць пасьлядоўнымі, дык варта заявіць, што фармацэўтыка і ядзерная фізыка — гэта несапраўдныя навукі.

Калі быць пасьлядоўнымі, дык варта заявіць, што фармацэўтыка і ядзерная фізыка — гэта несапраўдныя навукі. Але масавых сумневаў у тым, што фармацэўтычныя дасьледаваньні маюць права на існаваньне, не ўзьнікала. Гэта ж відавочна: праблема ў канкрэтных «жартаўніках» і тых часопісах, чые правілы публікаваньня артыкулаў робяць такія жарты магчымымі.

Але ўсё зьмяняецца, калі прадметам дасьледаваньня становіцца нешта зьвязанае з сацыяльнай несправядлівасьцю. Першапачатковая перадузятасьць вымушае людзей бачыць толькі пацьверджаньні сваіх ідэяў: калі я не люблю філязофію, дык незразумеласьць тэрмінаў пацьвярджае, што гэта дурасьць нейкая, а не галіна ведаў. А калі гендэрныя дасьледаваньні мне падаюцца спробай пабудаваць Новы Райх, дык фэйкавыя дасьледаваньні толькі даказваюць, што так яно і ёсьць.

Публікацыі фэйкавых дасьледаваньняў даказваюць толькі тое, што некаторыя часопісы гатовыя друкаваць любую лухту

Але публікацыі фэйкавых дасьледаваньняў даказваюць толькі тое, што камэрцыялізацыя навукі мае пабочны эфэкт — дзеля прыбытку некаторыя часопісы гатовыя друкаваць любую лухту. У 2005 годзе два амэрыканскія дасьледчыкі «напісалі» артыкул, у якім проста паўтараліся словы «Прыбярыце мяне з вашага грэбанага сьпісу рассылак», і Міжнародны часопіс прасунутых кампутарных тэхналёгій прыняў яго да публікацыі. Безумоўна, гэтая камічная гісторыя не пацягнула за сабой безьліч зьедлівых публікацый пра недарэчнасьць так званых кампутарных навук.

Фэйкавы артыкул «Рэакцыя людзей на культуру гвалту і праяўленьне нетрадыцыйнай сэксуальнай арыентацыі ў сабачых парках Портлэнду, ЗША» не дыскрэдытуе галіну гендэрных дасьледваньняў, зьвязаных з тэмай культуры гвалту, так жа як і «артыкул» з просьбай прыбраць аўтара са сьпісу рассылак не дыскрэдытуе кампутарныя навукі. Гэта жартаўлівыя рэчы, якія добра паказваюць, да якіх абсурдных наступстваў можа прывесьці палітыка «калі за артыкул заплацілі, яго варта друкаваць».

Але ідэйныя праціўніцы і праціўнікі гендэрных, расавых іншых дасьледаваньняў, зьвязаных з сацыяльнай несправядлівасьцю, вельмі яскрава зрэагавалі на слова-раздражняльнік і сталі фактычна падцягваць аргумэнты пад загадзя зробленую выснову.

Мне за такія маніпуляцыі ў школе зьніжалі адзнакі. І, я думаю, мелі рацыю.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG