Кастрычніцкі суд Магілёва прызнаў вінаватым 24-гадовага Аляксея Юзепчука ў выкарыстаньні нявольніцкай працы і вымаганьні. Яго асудзілі да трох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму і штрафу ў 7 350 рублёў.
Суд не знайшоў віны Юзепчука ў «вярбоўцы і ўтойваньні чалавека дзеля эксплюатацыі пад пагрозай гвалту». Пастанавіў, што паводле 181 артыкулу Крымінальнага кодэксу (гандаль людзьмі) няма складу злачынства.
Справу разглядаў судзьдзя Дзяніс Кічыгін.
Юзяпчук, як высьветліла сьледзтва, ня маючы сталых крыніц для існаваньня, завэрбаваў 8 чалавек, якія былі ў цяжкім матэрыяльным становішчы, і змусіў іх жабраваць ля крамаў і цэркваў. Са студзеня 2017-га па красавік 2018 году яны назьбіралі для яго больш за 47 тысяч рублёў. Віны ў інкрымінаваным злачынстве паводле 181-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Гандаль людзьмі») Юзяпчук не прызнаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 8 чалавек нажабравалі для магілёўца больш за 47 тысяч рублёў. Яго судзяцьПадсудны, акрамя таго, вымагаў 1000 даляраў у жанчыны, якая працавала на яго, каб ёй дазволіў жыць з маладым чалавекам. Віну паводле 208-га артыкулу Крымінальнага кодэксу («Вымаганьне») Юзяпчук прызнаў.
Як вэрбаваў і прымушаў жабраваць
Незаконнай дзейнасьцю Юзяпчук займаўся ў Менску, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласьцях. Выкрылі яго пасьля скаргі жанчыны, якую ён прымушаў жабраваць.
У матэрыялах справы фігуруюць восем пацярпелых. Гэта тыя, каго Юзяпчук вэрбаваў нібыта на будоўлю, але, як высьветлілася пазьней, для жабраваньня. Кожны з завэрбаваных быў беспрацоўным і меў матэрыяльныя нягоды. Яны з плякатамі стаялі пад крамамі і цэрквамі ды прасілі ў мінакоў міласьціну быццам на мэдыцынскую дапамогу для сябе і блізкіх.
Паводле паказаньняў пацярпелых, за дзень для Юзепчука ім удавалася нажабраваць па 100 і болей рублёў. Яны сьцьвярджалі, што той іх запалохаў, таму баяліся зьбегчы ад яго. Пра тое, чым яны займаюцца, не адважваліся расказаць сваім родным, бо ім было сорамна. За «працу» Юзяпчук абяцаў расплаціцца, але гэтага не рабіў. Даваў грошы на кішэнныя расходы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як і чаму людзі пачынаюць жабраваць. ФОТАПагражаў гвалтам
Жанчына, якая паскардзілася на Юзепчука міліцыі, мелася заплаціць яму 1000 даляраў за сужыцьцё з маладым чалавекам у пасёлку Васілевічы, што на Гомельшчыне. Калі яна тое ня зробіць, зламысьнік пагражаў ужыць гвалт. Спробы знайсьці паразуменьне не далі плёну. Тады жанчына запісала тэлефонную гутарку зь Юзепчуком і перадала запіс міліцыі. Раней Юзепчук пабіў яе, каб вярнуць «на працу», таму ягоныя пагрозы яна ўспрыняла сур’ёзна.
Пакуль вялося сьледзтва, абвінавачаны ўтрымліваўся ў ізалятары. У судзе сядзеў у клетцы. На пасяджэньні суду падтрымаць зьняволенага прыходзілі ягоныя родзічы. Сваякі назвалі працэс назвалі «сваволяй», але адмовіліся патлумачыць чаму.
У сваім апошнім слове абвінавачаны заклікаў суд не «пазбаўляць яго волі, бо ў яго маленькія дзеці». Сказаў, што нікога не змушаў жабраваць і нікому ня хлусіў. У Юзепчука трое дзяцей.