У гандлі людзьмі, выкарыстаньні нявольніцкай працы, а таксама вымагальніцтве вінавацяць 24-гадовага Аляксея Юзепчука з Магілёва. Паводле сьледзтва, ён завэрбаваў 8 чалавек, якія былі ў цяжкім матэрыяльным становішчы, і змусіў іх жабраваць ля крамаў і цэркваў. Сабраныя грошы яны аддавалі яму.
2 кастрычніка Кастрычніцкі суд Магілёва пачаў разглядаць справу супраць Юзепчука. Яму пагражае 12 гадоў калёніі.
Дэталі справы
Незаконнай дзейнасьцю Юзяпчук займаўся са студзеня 2017 па красавік 2018 году ў Менску, Гомельскай, Менскай і Магілёўскай абласьцях. За гэты час яму нажабравалі 47 тысяч 380 рублёў. Яму выстаўленае абвінавачаньне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Ён пад вартай. Прызнаў сябе вінаватым у вымагальніцтве.
Выкрылі дзейнасьць Юзепчука пасьля скаргі жанчыны, якую ён змушаў жабраваць.
У матэрыялах справы фігуруюць восем пацярпелых. Адна зь іх цяпер у турме. Астатнія ў суд не зьявіліся.
Пацярпелыя — гэта тыя, каго Юзяпчук вэрбаваў нібыта на будоўлю, але, як высьветлілася пазьней, для жабраваньня. Кожны з завэрбаваных быў беспрацоўным і меў матэрыяльныя нягоды. Яны з плякатамі стаялі пад крамамі і цэрквамі ды прасілі ў мінакоў міласьціну быццам на мэдычную дапамогу для сябе і блізкіх. Паводле пацярпелых, Юзяпчук іх запалохаў, таму і баяліся зьбегчы ад яго.
Пацярпелая: за дзень зьбіралі па 100 і болей рублёў
У першы дзень суд заслухаў паказаньні пацярпелай, якая заявіла ў міліцыю на Юзепчука.
27-гадовая магіляўчанка пазнаёмілася зь ім у прыяцелькі летась у красавіку. Ён прапанаваў ёй папрацаваць на будоўлі — клеіць шпалеры ў Менску. Тады яна была беспрацоўнай і пагадзілася. Чым папраўдзе ёй давядзецца займацца, жанчына даведалася дарогаю. Разам зь ёю ехалі яшчэ двое завэрбаваных. Пашпарт у яе Юзяпчук не забіраў. Мабільны тэлефон з інтэрнэтам быў таксама пры ёй. У менскай трохпакаёвай кватэры жылі яшчэ завэрбаваныя мужчына і жанчына, а таксама Юзяпчук і яго сужыцелька.
Паводле жанчыны, яна зьбірала грошы для Юзепчука ў Менску, Жодзіне ды Барысаве чатыры месяцы. У яе быў плякат з просьбай дапамагчы дзіцяці. З падобнымі плякатамі каля буйных крамаў з 11-й да 20-й гадзіны стаялі і іншыя завэрбаваныя.
Са словаў пацярпелай, міліцыянты бачылі, як яна стаяла з плякатам, але не рэагавалі. Час ад часу некаторыя мінакі страшылі яе, што пазвоняць у міліцыю. Сама жанчына стаяла моўчкі, і людзі ёй кідалі ў торбу грошы.
«За дзень выходзіла 100 і больш рублёў. Іх мы аддавалі Юзепчуку. Сваім завэрбаваным час ад часу ён даваў па 20-30 рублёў на закупы», — расказала яна.
Разам зь яшчэ адной завэрбаванай яна абмяркоўвала магчымасьць уцёкаў. Паводле пацярпелай, гутарку падслухаў Юзяпчук і прыгразіў расправай.
«Ён крычаў на нас, пагражаў, — казала жанчына. — Нам было страшна. Палохаў: як зьбяжым, то зловіць ды ногі і рукі пераломіць. Мяне палохаў, што раскажа маці, чым я займалася. Мне было сорамна».
На пытаньне дзяржаўнага абвінаваўцы, ці не магла пацярпелая адразу адмовіцца ад такога занятку, яна адказала: «Ён тлумачыў, што на такой рабоце мы болей заробім».
Прасіў тысячу даляраў за дазвол жыць з маладым чалавекам
Пасьля двух месяцаў працы Юзяпчук завёз жанчыну ў Васілевічы, дзе ў яе быў малады чалавек. Празь месяц ён прыехаў па яе і, пабіўшы, «вярнуў на працу». Яна адпрацавала яшчэ два месяцы. Потым сказала, што ёй трэба ў Магілёў, бо «гора ў маці». Юзяпчук адвёз яе да маршруткі. Больш да яго не вярнулася.
Празь некалькі месяцаў, паводле жанчыны, Юзяпчук запатрабаваў ад яе і ейнага маладога чалавека адну тысячу даляраў за тое, што яны будуць разам жыць у Васілевічах. Пасьля пагрозаў ужыць гвалт жанчына паскардзілася ў міліцыю. Тэлефонныя гутаркі зь Юзепчуком яна запісвала і перадала запісы міліцыі.
На суворым пакараньні Юзепчука пацярпелая не настойвае. Пазоўных патрабаваньняў да яго ня мае. «Ён ужо даволі пасядзеў — і я яму даравала. У яго ж дзеткі», — сказала яна ў судзе. У падсуднага трое дзяцей. Сталага занятку ён да арышту ня меў.
Ад словаў падтрымкі падсудны расчуліўся і заплакаў
Аповед пацярпелай Юзяпчук слухаў з усьмешкай. Нават быў засьмяяўся. Судзьдзя Дзяніс Кічыгін прыгразіў, што можа пазбавіць яго права прысутнічаць на працэсе. Падсудны папрасіў прабачэньня.
Калі скончылася пасяджэньне, ад словаў падтрымкі родзічаў Юзяпчук расчуліўся і заплакаў. Гаварыць з журналістамі сваякі падсуднага адмовіліся, назваўшы працэс «сваволяй».
Працэс працягнецца 8 кастрычніка. У справе больш за тры тамы матэрыялаў.