Міністар фінансаў Беларусі Максім Ермаловіч расказаў БелТА пра ацэнку бюджэтных стратаў Беларусі праз расейскі падатковы манэўр: 630 млн беларускіх рублёў за 2019 год. На момант публікацыі гэта каля 296,2 млн даляраў.
Агульныя страты да 2024 году пры гэтым ацэньваюць у 8–12 млрд даляраў. Паводле міністра, сума іх залежыць ад цэнаў на нафту. Ермаловіч дадаў, што беларускі дзяржаўны бюджэт на 2019 год сфармаваны «паводле пэсымістычнага сцэнару» і «ўлічвае нэгатыўны ўплыў падатковага манэўру на бюджэт».
Беларускія ўлады разьлічваюць на кампэнсацыю падатковага манэўру ад Расеі. Пакуль дамовіліся на пералічэньне ў беларускі бюджэт каля 405 млн даляраў. Паводле непацьверджаных зьвестак, Расея ня хоча гаварыць пра нафту і газ без палітычных саступак Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ня хоча гаварыць пра нафту і газ без палітычных саступак Беларусі. Што гэта значыць?Што важна ведаць пра расейскі падатковы манэўр
Нафтавы падатковы манэўр у Расеі — паступовая замена спагнаньня экспартнага мыта падаткам на здабычу карысных выкапняў (ПЗКВ). Экспартнае мыта будзе зьмяншацца адначасова з павелічэньнем ПЗКВ.
- Расея пачала рэалізацыю падатковага манэўра зь 2019 году.
- Да канца 2018 году экспарт сырой нафты ў Расеі абкладаўся экспартным мытам у памеры 30% ад цаны. Мыта не спаганялася з паставак на ўнутрырасейскі рынак і ў межах квоты ў Беларусь.
- У 2017-2018 гадах квота на пастаўкі бязмытнай расейскай нафты для Беларусі складала 24 млн тон (18 млн тон перапрацоўвалі беларускаія НПЗ, 6 млн тон ішлі на рээкспарт).
- Беларусь мела права абкладаць экспартным мытам свае нафтапрадукты, вырабленыя з расейскай бязмытнай нафты, якія прадавала ў трэція краіны. Беларускае мыта ішло ў беларускі бюджэт.
Страты і кампэнсацыя
- У сьнежні 2018 г. у адміністрацыі Лукашэнкі сьцьвярджалі, што за 3 апошнія гады Беларусь недаатрымала $3,6 млрд, а за наступныя 4 гады недаатрымае $11 млрд пры найгоршым разьвіцьці падзей.
- Паводле падлікаў рэйтынгавага агенцтва Fitch, наўпроставыя страты беларускай эканомікі складуць $10,6 млрд цягам 2019–2024 гг.
- Дырэктар дасьледніцкага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык падлічыў, што страты для бюджэту Беларусі ў 2019 годзе склалі $272,3 млн.
- У кастрычніку 2018 Расея абяцала пералічыць у бюджэт Беларусі каля $405 млн у якасьці аплаты экспартнага мыта за нафту. Пазьней у кампэнсацыі адмовілі.
- 18 сьнежня 2019 расейскі партал РБК паведаміў са спасылкай на свае крыніцы, што Расея кампэнсуе Беларусі страты ад манэўра праз зваротны акцыз для беларускіх НПЗ. Суму субсыдыяў ацанілі ў $1,5 млрд. Афіцыйнага пацьвярджэньня гэтай інфармацыі не было.