Унітарнае прадпрыемства «Нафтабітумны завод», якое належыць беларускім бізнэсоўцам Аляксандру Шакуціну і Мікалаю Вараб’ю, спрабавала ўдзельнічаць у конкурсе на прыватызацыю найбуйнейшага ва Ўкраіне энэргетычнага прадпрыемства «Центренерго».
Конкурс быў заплянаваны на 13 сьнежня пры ўдзеле дзьвюх кампаній — украінскай «Укрдонінвест» і беларускай «Нафтабітумны завод», што месьціцца ў Чэрвеньскім раёне Менскай вобласьці.
Але, паводле кіраўніка Фонду дзяржаўнай маёмасьці Ўкраіны Віталя Трубарава, праваахоўныя органы высьветлілі, што канчатковым бэнэфіцыярным уладальнікам беларускай кампаніі «зьяўляецца асоба, якая адначасова зьяўляецца заснавальнікам і кантралёрам кампаній, зарэгістраваных на тэрыторыі Расеі».
Насуперак патрабаваньням украінскага заканадаўства гэтая інфармацыя не была пазначаная ў конкурснай дакумэнтацыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская кампанія дапамагала ідэолягу «крымскай вясны» гандляваць з УкраінайКонкурс скасавалі зусім
У выніку Фонд дзяржаўнай маёмасьці Ўкраіны абвясьціў аб скасаваньні конкурсу па продажы «Центренерго», таму што без «Нафтабітумнага заводу» застаўся толькі адзін прэтэндэнт.
У кастрычніку 2018 году ўрад Украіны пастанавіў, што продаж акцый «Центренерго» можа адбыцца пры наяўнасьці ня менш як двух удзельнікаў.
Днямі ў Кіеве грамадзкія арганізацыі правялі шэраг кампаній супраць прыватызацыі «Центренерго». Яны зьвярталі ўвагу на тое, што стартавая цана прадпрыемства наўмысна заніжаная. Фонд дзяржаўнай маёмасьці прапанаваў 78,2% акцый за 5,98 мільярда грыўняў — крыху больш як 200 мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У лідэрах бяз дэмпінгу. Чаму ва Ўкраіне аддаюць перавагу беларускай аўтатэхніцыУ склад «Центрэнерго» ўваходзяць тры вялікія цеплавыя электрастанцыі, разьмешчаныя ў Кіеўскай, Харкаўскай і Данецкай абласьцях. Сумарная праектная магутнасьць станцый складае 7690 МВт — гэта каля 14% ад агульнай магутнасьці ўсіх электрастанцый Украіны.
Хто валодае «Нафтабітумным заводам»
«Нафтабітумны завод» — адзін з найбуйнейшых у Беларусі вытворцаў дарожнага бітуму. У 2012 годзе камунальнае прадпрыемства за 4,5 мільёны даляраў выкупіў нафтатрэйдэр «Інтэрсэрвіс», які належыць бізнэсоўцам Аляксандру Шакуціну і Мікалаю Вараб’ю. Сёлета завод увайшоў у лік найбуйнейшых падаткаплатнікаў Менскай вобласьці.
Паводле рэсурсу «Ежедневник», у 2017 годзе Беларусь нарасьціла экспартныя пастаўкі нафтавага бітуму, адным з вытворцаў якога зьяўляецца «Нафтабітумны завод», на 210,8%. За год агульны аб’ём экспарту склаў 550 тысяч тон, або 160,8 млн даляраў. Больш за 4/5 гэтых паставак пайшло ва Ўкраіну — 460 тысяч тон, або 140,7 млн даляраў, што на 235,6% больш, чым у 2016 годзе.
Старшыня рады дырэктараў ААТ «Амкадор» Аляксандар Шакуцін з 2008 да 2016 году быў чальцом Савету Рэспублікі, займаў пасаду намесьніка старшыні пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бясьпецы. Ён і ягоны партнэр Мікалай Варабей уваходзяць у дваццатку найбольш пасьпяховых беларускіх бізнэсоўцаў.
У прыёмнай дырэктара «Нафтабітумнага заводу» адмовіліся камэнтаваць навіну з Украіны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Нацбанк Украіны адмовіў Беларусі ў набыцьці ўкраінскага «Сбербанка»