Схема разьліку сэрвісу Uber з транспартнымі кампаніямі не адпавядае беларускаму заканадаўству. Пра гэта сьцьвярджаецца ў лісьце Нацыянальнага банку, піша Tut.by.
Раней Асацыяцыя беларускіх банкаў прасіла Нацбанк ацаніць схему разьлікаў, якую выкарыстоўвае Uber для перавозчыкаў.
Цяпер нідэрляндзкая кампанія Uber ML B.V. на дамоўнай аснове аказвае паслугі беларускім перавозчыкам (юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам). Апошнія могуць шукаць, атрымліваць і выконваць замовы пасажыраў таксі праз мабільную праграму.
Як адбываецца разьлік?
Плацеж фізычнай асобы на карысьць Uber адбываецца празь безнаяўны разьлік з дапамогай мабільнай праграмы, грошы не праходзяць разьліковыя банкаўскія рахункі транспартных кампаніяў. Uber вылічвае сваю камісію і пералічвае грошы на рахунак беларускага перавозчыка ў далярах, сьцьвярджаюць у банках.
Паводле інфармацыі крэдытных арганізацый, да жніўня на рахункі перавозчыкаў ад Uber паступалі беларускія рублі.
Дзе парушэньне заканадаўства?
Паводле правілаў правядзеньня валютных апэрацый, зацьверджаных пастановай Нацбанку № 72, забараняецца выкарыстаньне замежнай валюты пры правядзеньні разьлікаў паміж рэзыдэнтамі і фізычнымі асобамі за аказаныя ім транспартныя паслугі.
Нацбанк сьцьвярджае, што атрыманьне сродкаў у далярах на разьліковы рахунак беларускага перавозчыка ад Uber за аказаныя транспартныя паслугі не адпавядае валютнаму заканадаўству.
Паводле ўказу 178 «Аб парадку правядзеньня замежнагандлёвых апэрацый», атрыманьне рэзыдэнтам паслуг ад нерэзыдэнта на платнай аснове зьяўляецца імпартам. Такім чынам, дамовы паміж транспартнымі арганізацыі і Uber зьяўляюцца зьнешнегандлёвымі і прадугледжваюць імпарт паслуг. Паводле дакумэнту, пры імпарце разьлікі па зьнешнегандлёвых дамовах ажыцьцяўляюцца толькі з рахункаў імпартэра.
У ліпені 2017 году «Яндэкс. Таксі» і Uber абвясьцілі пра стварэньне абʼяданай кампаніі для працы ў Беларусі, Азэрбайджане, Армэніі, Грузіі, Казахстане і Расеі.
У першым паўгодзьдзі 2018 году 48 замежных кампаній сплацілі ў беларускі бюджэт 6,7 млн рублёў падаткаў. Сярод іх — Google, Amazon, Apple, Netflix, LinkedIn, Booking, Uber, Wargаming, Viber, Microsoft.