10 сьнежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека, невядомыя правялі ў Менску акцыю: ручкі дзьвярэй Міністэрства інфармацыі счапілі ланцугамі, расказвае сайт газэты «Новы час».
На калёны ля ўваходу наляпілі 19-ы артыкул Дэклярацыі правоў чалавека (аб праве на свабоду перакананьняў і іх свабоднае выяўленьне, свабоду атрымліваць інфармацыю) і 33-і артыкул беларускай Канстытуцыі (пра тое самае, а таксама пра забарону на манапалізацыю СМІ дзяржавай і асобнымі грамадзянамі, забарону цэнзуры).

Празь некалькі хвілінаў пасьля пачатку акцыі да ўваходу ў Мінінфарм прыйшлі міліцыянты (прынамсі адзін быў у касцы і бронекамізэльцы), за імі прыйшлі сьлесары, вызвалілі ўваход з дапамогай малатка і кусачак.
Падобную акцыю ўжо праводзілі 20 красавіка: у пратэст супраць блякаваньня сайту «Хартыі-97» ланцугом «заблякавалі» Мінінфарм.
