Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Савет Міністраў вырашыў, як будуць ідэнтыфікаваць камэнтатараў у інтэрнэце


Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock
Ілюстрацыйнае фота ©Shutterstock

Савет Міністраў Беларусі 26 лістапада зацьвердзіў пастанову аб «парадку папярэдняй ідэнтыфікацыі карыстальнікаў інтэрнэт-рэсурсу, сеткавага выданьня».

Пастанова набудзе моц 1 сьнежня разам з абноўленым законам «Аб СМІ».

У чым сутнасьць?

  • Для таго, каб камэнтаваць, трэба будзе ўліковы запіс карыстальніка. Падчас рэгістрацыі такога запісу на інтэрнэт-рэсурсе, будзе абавязковая папярэдняя ідэнтыфікацыя
  • У карыстальніцкім пагадньненьні абавязкова будзе папярэджаньне аб недапушчальнасьці разьмяшчэньня карыстальнікам забароненай у Беларусі інфармацыі.
  • Каб актываваць ўліковы запіс, будуць дасылаць SMS з кодам на пазначаны пры рэгістрацыі мабільны нумар.
  • Карыстальнік можа ў любы час скасаваць карыстальніцкае пагадненьне ў аднабаковым парадку.
  • Калі інфармацыя, перададзеная карыстальнікам пры рэгістрацыі, не адпавядае рэчаіснасьці (пра гэта паведамяць «упаўнаважаныя дзяржаўныя органы»), уладальнік рэсурсу мае права скасаваць карыстальніцкае пагадненьне.
  • Уласьнік рэсурсу захоўваўвае зьвесткі, атрыманыя пры папярэдняй ідэнтыфікацыі, падчас дзеяньня карыстальніцкага пагадненьня, а таксама год пасьля яе скасаваньня. Таксама ўласьнік рэсурсу абавязаны захоўваць зьвесткі пра IP-адрас прылад карыстальніка, усе зьмены ў рэгістрацыйныя ды іншыя зьвесткі, атрыманыя падчас ідэнтыфікацыі.

Што варта ведаць пра папраўкі ў закон аб СМІ

Палата прадстаўнiкоў 14 чэрвеня прыняла ў другім чытаньні папраўкі ў закон аб сродках масавай інфармацыі. Зьмены набудуць моц з 1 сьнежня.

Дакумэнт утрымлівае шэраг новаўвядзеньняў, у прыватнасьці:

  • пашырэньне пераліку інфармацыі, распаўсюджваньне якой забаронена;
  • абавязковая ідэнтыфікацыя інтэрнэт-карыстальнікаў;
  • абмежаваньне ўдзелу іншаземцаў у беларускай інфапрасторы.

Каго будуць блякаваць і штрафаваць. Мінінфарм патлумачыў абноўлены закон аб СМІ

Кіраўнікі незалежных інтэрнэт-рэсурсаў заяўлялі, што падрыхтаваныя папраўкі ў закон «Аб СМІ» сьведчаць пра жаданьне дзяржавы ўсталяваць больш жорсткі кантроль над мэдыясфэрай.

Прадстаўнікоў мэдыясупольнасьці запрасілі на дапрацоўку зьменаў у закон аб СМІ, але на канчатковы варыянт законапраекту гэта не паўплывала.

Большасьць прапаноў, якія ўносілі праваабаронцы, у законе не былі зафіксаваныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG