63% беларусаў не спадзяюцца на дзяржаву. 10 тэзісаў дасьледаваньня пра стаўленьне людзей да ўлады

Падчас прэзэнтацыі дасьледаваньня. Фота Сяргея Прохарава

Цэнтар дасьледаваньня грамадзкага кіраваньня «Сімпа» правёў дасьледаваньне «Грамадзянская супольнасьць у Беларусі: давер і ўдзел насельніцтва, асаблівасьці ўзаемадзеяньня зь дзяржавай». Свабода падае 10 асноўных тэзаў дасьледаваньня.

63,4% беларусаў не спадзяюцца на падтрымку дзяржавы

Гэтаму паспрыялі многія непапулярныя захады ўладаў апошніх гадоў: эканамічныя праблемы, дэвальвацыя, дэнамінацыя, «дармаедзкі дэкрэт № 3», няздольнасьць дзяржавы кантраляваць эканамічную сытуацыю і выконваць свае абяцаньні паклапаціцца пра народ.

Жанчыны ў большай ступені разьлічваюць на падтрымку дзяржавы (67%), чым мужчыны

Гэта тлумачыцца ў тым ліку і гендэрнымі стэрэатыпамі: у асноўным на жанчынах ляжыць клопат пра дзяцей, пажылых бацькоў, жанчыны больш клапоцяцца пра сваё здароўе, у іх большая працягласьць жыцьця.

Болей разьлічваюць на дзяржаву людзі, старэйшыя за 65 гадоў. Меней — моладзь ад 18 да 24 гадоў.

63,3% рэспандэнтаў выказваюць недавер грамадзкім інстытутам — і дзяржаўным, і недзяржаўным

Дзьве траціны беларусаў лічаць, што дзяржаўныя органы недастаткова празрыстыя і адкрытыя.

Дзяржаўныя органы не прадстаўляюць поўнай інфармацыі пра сваю дзейнасьць. Людзі нічога ня ведаюць пра фармаваньне мясцовага бюджэту.

Больш за ўсё беларусы давяраюць царкве (58,2%), прэзыдэнту (42,8%) і арміі (41,3%)

Што да даверу пэўным сацыяльным супольнасьцям, то найбольшым даверам карыстаюцца навукоўцы (76,7%) і сьвятары. Палітыкі, журналісты, чыноўнікі, грамадзкія актывісты — далёка ззаду.

З найбольшым недаверам людзі ставяцца да мясцовых уладаў — 57%

Міністэрствам і ведамствам не давярае 51,8% насельніцтва. Парлямэнту — 51%.

Людзі лібэральна ставяцца да няўрадавых арганізацый

Насельніцтва Беларусі больш лібэральна ставіцца да арганізацый грамадзянскай супольнасьці, чым дзяржава, улады. Дзяржава засяроджвае свае высілкі перадусім на кантролі (27,7%) трэцяга сэктару замест падтрымкі.

Людзі думаюць, што трэці сэктар «не прыносіць ні карысьці, ні шкоды»

Больш за ўсё рэспандэнтаў (32,7%) адзначаюць, што арганізацыі грамадзянскай супольнасьці «не прыносяць ні карысьці, ні шкоды, іх дзейнасьць для большасьці грамадзянаў не заўважная і ня важная». Аднак пра праваабарончую дзейнасьць, пра сацыяльныя праекты арганізацый грамадзкай супольнасьці людзі збольшага ведаюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арыентуюцца на Нямеччыну, упэўненыя ў будучыні. Нечаканае дасьледаваньне пра беларускую моладзь. Інфаграфіка

37% беларусаў гатовыя ўдзельнічаць у выбарах і рэфэрэндумах

Самай эфэктыўнай формай удзелу грамадзян у працэсе прыняцьця важных для грамадзтва рашэньняў рэспандэнты лічаць удзел у выбарах і рэфэрэндумах (35,3%). У эфэктыўнасьць інтэрнэт-пэтыцый верыць 21%.

Удзельнічаць у дазволеных уладамі акцыях пратэсту — пікетах, дэманстрацыях, мітынгах — гатовыя 15,5% рэспандэнтаў.

Мясцовыя ўлады не разумеюць, навошта грамадзянская супольнасьць

Чыноўнікі цьмяна ўяўляюць, чым займаюцца грамадзкія арганізацыі, актывісты — большасьць узгадвае БРСМ, «Белую Русь», Беларускі саюз жанчын. У чыноўнікаў даволі нізкі ўзровень прававой граматнасьці, часьцяком прадстаўнікі мясцовых уладаў ня ведаюць заканадаўчай базы (акрамя Канстытуцыі і Закону аб грамадзкіх аб’яднаньнях). Яны не разумеюць, што ўзаемадзеяньне з грамадзянскай супольнасьцю — гэта іх абавязак, лічаць гэта дадатковай нагрузкай, за якую не даплачваюць.

Мясцовае самакіраваньне разьвіта слаба

Калі яно і ёсьць, то фактычна падпарадкаванае дзяржаве. Мясцовыя саветы застаюцца дэкаратыўнымі органамі, якія не прымаюць ніякіх сур’ёзных рашэньняў. У прасоўваньне сваіх ідэй празь мясцовых дэпутатаў вераць толькі 8,7%.

Агулам, паводле дасьледаваньня, у людзей, з аднаго боку, нізкі давер да мясцовых уладаў, а з другога — нізкі ўзровень гатоўнасьці ўдзельнічаць у прыняцьці рашэньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мужчыны — пра палітыку, жанчыны — пра сацыялку». Беларускія мэдыя праверылі на гендэрны балянс. ІНФАГРАФІКА