Прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бэрдымухамэдаў заявіў 4 сьнежня на пасяджэньні ўраду аб тым, што у 2019 годзе краіне неабходна:
- паскорыць прыватызацыю дзяржаўных прадпрыемстваў,
- умацаваць рынкавыя інстытуты,
- стымуляваць прыватны сэктар.
Прэзыдэнт таксама сказаў, што асноўнымі мэханізмамі прыватызацыі зьяўляецца арганізацыя фондавага рынку і адкрытыя канкурэнтныя таргоў, на якіх будуць прадавацца акцыі дзяржпрадпрыемстваў.
«Для інвэстараў гэта выдатная магчымасьць для пашырэньня ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва», — падкрэсьліў Бэрдымухамэдаў на пасяджэньні ўраду.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінздароўя Туркмэністану паводле парады прэзыдэнта рэкамэндуе піць гарбату ў якасьці лекуПрагучалі таксама новыя для Туркмэністану словы «разьвіцьцё свабоднай канкурэнцыі» і «стымуляваньне прыватнай дзелавой ініцыятывы», цытуе заяву прэзыдэнта Інтэрфакс. У паведамленьні дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «Туркмэністан сёньня» словы пра рынкавую эканоміку і прыватызацыю прадпрыемстваў згаданыя ў самым канцы доўгай стэнаграмы пасяджэньня.
Нягледзячы на тое, што Бэрдымухамэдаў казаў аб прыватызацыі 27 дзяржаўных аб’ектаў яшчэ ў 2016 годзе, усе пералічаныя пункты наўпрост процілеглыя эканамічнай палітыцы, якую ўлады Туркмэністану праводзілі апошнія гады. Замест продажу дзяржаўнай уласнасьці яны нарошчвалі долю дзяржавы ў эканоміцы і ўводзілі ўсё новыя абмежаваньні для прыватнага прадпрымальніцтва. Прыватызаваныя былі толькі асобныя прадпрыемствы: у кастрычніку 2017 году — дзяржаўнае аб’яднаньне «Туркмэнхалы», якое вырабляе дываны, а ў красавіку 2018 году — сыстэма спажывецкіх саюзаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Туркмэністан патлумачыў, чаму скасоўвае бясплатныя газ, электрычнасьць, ваду і сольПасяджэньне 4 сьнежня было прысьвечана вынікам эканамічнага разьвіцьця Туркмэністану за 11 месяцаў 2018 году. І хоць слова «крызіс» ні разу не прагучала, а ўлады Туркмэністану настойваюць, што ВУП краіны вырас па выніках 11-ці месяцаў 2018 году на 6,2%, як неаднаразова паведамляў тэлеканал «Настоящее Время», эканоміка Туркмэністану перажывае вялікія складанасьці.
У краіне даўно назіраецца дэфіцыт мукі, цукру і іншых прадуктаў харчаваньня, што прывяло да росту цэнаў. Людзі з раніцы да вечара тоўпяцца ў чэргах, спрабуючы «дастаць» хоць што-небудзь зь ежы, і гатовыя браць нават вотруб’е, якое раней ішло на корм хатняй жывёлы.
У банкаматах практычна немагчыма зьняць грошы, адменены дзяржаўныя субсыдыі на газ, ваду, электрычнасьць і соль. З прычыны росту беспрацоўя масавы характар набыла працоўная міграцыя ў іншых краінах, у першую чаргу, у Турэччыну. Нядаўна ўлады ўскосна прызналі наяўнасьць праблемы: абмежавалі практычна да забароны выезд з краіны спачатку людзей да 30 гадоў, а потым да 40.
«На пытаньне пра прычыну забароны сказалі, што ў вобласьці не засталося нікога, здольнага працаваць. Сказалі: «Калі вы ўсё паедзеце, хто ж працаваць будзе?» — распавёў 36-гадовы жыхар, які ня змог выехаць за мяжу.
Якія менавіта дзяржаўныя прадпрыемства будуць прыватызаваныя — пакуль невядома, як і тое, на якіх умовах улады будуць прыцягваць інвэстараў у краіну. На дадзены момант Туркмэністан займае вельмі нізкія пазыцыі ва ўсіх міжнародных рэйтынгах, якія ацэньваюць становішча з грамадзянска-прававымі свабодамі ў краіне, у тым ліку і ў галіне эканомікі.
Freedom House у сваёй штогадовай справаздачы называе Туркмэністан «несвабоднай» краінай і асабліва адзначае карумпаванасьць Дзяржаўнага агенцтва кіраваньня вуглевадародамі. Рэйтынг эканамічнай свабоды ад Heritage таксама ставіць Туркмэністан на адно з апошніх месцаў у Азіі па гэтым паказчыку і адзначае неабароненасьць інвэстыцый у Туркмэністане, аўтакратычны рэжым, высокі ўзровень карупцыі і велізарныя выдаткі бюджэту, якія не пакрываюць страты ад зьніжэньня цэн на нафту і слабы фіскальны кантроль.