Сустрэча прызначаная на 10 раніцы 5 сьнежня. На яе запрасілі групу з чатырох актывістаў.
Пратэсты супраць пабудовы акумулятарнага заводу пад Берасьцем працягваюцца амаль год — са студзеня 2018-га. За гэты час актывісты сабралі каля 40 тысяч подпісаў супраць шкоднай вытворчасьці, неаднойчы сустракаліся з кіраўніцтвам гораду і прадстаўнікамі фірмы-забудоўшчыка, разаслалі некалькі соцень зваротаў у розныя інстанцыі. 5 сьнежня групу з чатырох актывістаў прыме міністар прыроды і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэй Худык. Свабода даведалася, чаго праціўнікі заводу чакаюць ад сустрэчы.
«Мы падрыхтавалі 800 старонак матэрыялаў»
«Думаю, сустрэча будзе доўгая, — кажа адзін зь яе меркаваных удзельнікаў, актывіст Дзьмітры Бекалюк. — Усе адказы, якія мы за год атрымалі зь міністэрства, усе лісты — гэта можна назваць адным словам: дыскрэдытацыя міністэрства. Зараз у міністра задача — ачысьціцца ад гэтага бруду і правесьці канструктыўны дыялёг. Мы да яго гатовыя, падрыхтавалі 800 старонак матэрыялаў. Гэта і матэрыялы АУНА (Ацэнкі ўзьдзеяньня на навакольнае асяродзьдзе), і пераклады італьянскіх дакумэнтаў, і амэрыканскіх, і ўся перапіска зь міністэрствам. Нам ёсьць пра што пагаварыць».
Па словах Дзьмітрыя, актывісты хочуць ня толькі дамагчыся спыненьня будоўлі акумулятарнага заводу каля Берасьця, але і паўплываць на працу самога міністэрства. Бекалюк перакананы, што сыстэма аховы навакольнага асяродзьдзя ў Беларусі не працуе.
«Сьветлагорск, пінскі завод, завод у Белаазёрску, забруджваньне зямель, поўная адсутнасьць кантролю над адкідамі — тут вялізная колькасьць праблемаў, — кажа актывіст. — Мы пра гэта будзем размаўляць зь міністрам. Зь іншымі чыноўнікамі размаўляць няма сэнсу. Адзіны чалавек, які можа выправіць стан рэчаў, — гэта сам міністар. Вось зараз паглядзім, гатовы ён да гэтага ці не».
Бекалюк кажа, што актывісты ўжо аднойчы сустракаліся зь міністрам Худыкам, гэта адбылося ў Дзятлаве. Тады чыноўнік, па іх словах, «паставіўся да праблемы легкадумна». І даў зразумець, што праблема акумулятарнага заводу хвалюе нязначную колькасьць людзей. Пра новую сустрэчу зь міністрам удалося дамовіцца падчас прамой лініі.
«Гэтым разам ён нават папрасіў прабачэньня, — кажа Дзьмітры Бекалюк. — Але дамовіцца на сустрэчу было складана. Мы правялі мноства экспэртыз. І беларускіх, і расійскіх. Двойчы ў тыдзень дасылалі звароты ў розныя інстанцыі. Ня проста запыты, а канкрэтныя звароты. Іх ужо больш за 200. Міністэрства было вымушана часткова пагадзіцца з намі, прыняць частку заўвагаў. Таму зараз і стала магчымай такая сустрэча. Час разрульваць гэтую сытуацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму на «сьмярдзючым» заводзе ў Сьветлагорску спынілі выпуск цэлюлёзы?«На плошчу выходзім кожную нядзелю»
Берасьцейскі юрыст Раман Кісьляк актыўна ўдзельнічае ў аспрэчваньні законнасьці будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасьця. Ён расказвае, што пратэсты ў абласным цэнтры не сьціхаюць, хоць мясцовыя чыноўнікі і ігнаруюць праблему.
«Прыхаваныя акцыі пратэсту на галоўнай плошчы праходзяць кожны тыдзень, — кажа Кісьляк. — Мы падаем заяўкі на акцыі, але нам іх не задавальняюць. Адмаўляюць пастаянна. Што да сустрэчаў з чыноўнікамі, то яны ня хочуць з намі сустракацца. Улады выбралі тактыку завочных перамоваў. Людзі напісалі зварот, а ўлады арганізавалі свой круглы стол, які паказалі па тэлебачаньні, і там адказваюць на нашыя пытаньні. Улады зразумелі, што сустракацца з актывістамі для іх вельмі нявыгадна з пункту гледжаньня піяру, іміджу. Таму яны перайшлі на такую завочную форму перамоваў».
Па словах юрыста, цяпер актывісты рыхтуюць некалькі новых зваротаў у суды, а таксама новыя акцыі пратэсту. На заводзе тым часам пачалі мантаваць абсталяваньне, пробны запуск вытворчасьці павінен адбыцца ў студзені 2019 году (першапачаткова завод па вытворчасьці акумулятарных батарэй ля Берасьця плянавалася запусьціць у жніўні 2018-га. — РС). Пасьля гэтага завод неабходна здаць. Раман Кісьляк кажа, што гэтая працэдура можа стаць вырашальнай у гісторыі супрацьстаяньня.
«Ужо высьветлілася, што завод мае вельмі шмат недахопаў, — кажа актывіст. — Мы падалі ў Мінпрыроды новую экспэртызу, якую пачалі разглядаць. І чыноўнікі намякаюць, што гэты завод можа і не прайсьці ўзгадненьне і прыёмку, калі выкіды будуць адрозьнівацца ад заяўленых. Але гэта ўсё пакуль намёкі ў кулюарах. Сустрэча зь міністрам пакажа, наколькі гэта ўсё сур’ёзна».
Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці. Што важна ведаць
- Завод пабудавалі каля вёсак Хабы, Шчэбрын і Тэльмы-2, што пад Берасьцем. За два кілямэтры — рака Мухавец. Афіцыйная экалягічная экспэртыза прагназавала, што ўзьдзеяньне заводу на асяродзьдзе і чалавека будзе нязначнае. Аднак людзі ўсё роўна баяцца, што выкіды з заводу падарвуць ім здароўе.
- Пратэсты супраць акумулятарнага заводу ў Берасьці трывалі ад пачатку 2018 году, калі людзі даведаліся пра будоўлю. Праціўнікі заводу лічаць вытворчасьць «бруднай» і небясьпечнай, заяўляюць пра парушэньні працэдураў будаўніцтва.
- Штонядзелі пратэстоўцы выходзілі на цэнтральную плошчу ў Берасьці. Блогераў і актывістаў затрымлівалі, выносілі ім папярэджаньні, штрафавалі і абавязвалі выбачыцца за відэа пра акумулятарны завод.
- Актывісты сабралі больш за 37 тысяч подпісаў супраць заводу ды накіравалі іх у адміністрацыю Лукашэнкі ў лютым 2018 году. Аднак урадавая камісія ня выявіла парушэньняў у рэалізацыі праекту па будаўніцтве заводу.
- У траўні 2018 году актывісты накіравалі ў адміністрацыю прэзыдэнта больш за 2,5 тысячы подпісаў за адстаўку чыноўнікаў Берасьця, бо тыя «ігнаруюць інтарэсы жыхароў Берасьцейскага рэгіёну і сьвядома заплюшчваюць вочы на шкоду ад заводу».
- У верасьні 2018 году на будоўлі заводу выявілі парушэньні пажарнай бясьпекі.
- У чэрвені 2019 году падчас пусканаладачных работ на заводзе зафіксавалі перавышэньне забруджвальных выкідаў у атмасфэрнае паветра.
- 14 чэрвеня старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс прыпыніў будаўніцтва заводу да ліквідацыі выяўленых парушэньняў.
- У ліпені 2019 праект акумулятарнага завода атрымаў адмоўнае заключэньне дзяржаўнай экалягічнай экспэртызы, У Мінпрыроды паведамілі, што прычынай стала прадстаўленьне недакладных дадзеных. У жніўні праектную дакумэнтацыю паўторна падалі на экспэртызу, але пазьней кампанія адклікала дакумэнты «па прычыне неабходнасьці ўсебаковага і больш поўнага адлюстраваньня інфармацыі аб унесеных зьменах».
- 24 лютага 2020 году праектную дакумэнтацыю акумулятарнага завода пасьля карэкціроўкі зноў падалі на дзяржаўную экалягічную экспэртызу. Грамадзкая экспэртыза, якую даручаў правесьці Лукашэнка, правалілася.
- 22 чэрвеня 2020 году Лукашэнка пааабяцаў правесьці рэфэрэндум наконт лёсу заводу пасьля прэзыдэнцкіх выбараў.
- 15 сакавіка 2021 году завод увялі ў эксплюатацыю. У правядзеньні рэфэрэндуму актывістам адмовілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спачатку збудуюць, пасьля спытаюць. Улады не захацелі абмяркоўваць з жыхарамі Калодзішчаў будаўніцтва новага заводу «Амкадор»