У высакароднай, як лічаць улады, справе барацьбы з дармаедамі яны зноў робяць тую ж самую фатальную памылку.
Здавалася б, уляпаўшыся ў непрыемную гісторыю адзін раз, чалавек імкнецца не паўтараць уласнага глупства. Але то чалавек. А дзяржаўныя інстытуты працуюць па-іншаму. Як казаў былы прэм’ер Расеі Віктар Чарнамырдзін, ніколі такога не было, і от табе зноў.
Вясной 2017 году беларускае кіраўніцтва зрабіла самастрэл. Яно ўласнымі рукамі разбурыла стабільнасьць, распачаўшы няўдзячны праект барацьбы з дармаедзтвам. Праблема ня толькі ў тым, што абвяшчаць дармаедамі людзей, якія апынуліся ў бядзе, бяз працы, ды яшчэ прымушаць іх плаціць за гэта штраф, насельніцтва палічыла дзікай несправядлівасьцю.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 6 вострых пытаньняў да стваральнікаў «базы дармаедаў»Тады Міністэрства падаткаў і збораў налічыла 470 тысяч дармаедаў, якім разаслалі паведамленьні з патрабаваньнем сплаціць збор дзяржаве. Ня менш абурыла людзей і тое, што ў сьпісы трапіла шмат тых, хто ня мог мець ніякага дачыненьня да гэтай катэгорыі грамадзян. Было шмат памылак, у дармаеды залічылі і тых, хто даўно жыў і працаваў за мяжой. З 470 тысяч насамрэч прызналі сябе дармаедамі і сплацілі збор толькі каля 54 тысяч чалавек.
Дэкрэт аб дармаедах тады ўдарыў па маральным аўтарытэце ўладаў і самога Лукашэнкі, стаў дэтанатарам шырокага незадаволеньня ў грамадзтве, у тым ліку сацыяльна-эканамічным станам увогуле. Акрамя таго, на пэўны час рэалізацыя гэтага праекту паралізавала працу дзяржаўнага апарату. То бок улады прымудрыліся адным махам выклікаць масавую незадаволенасьць народу, паставіць на вушы дзяржапарат, ды яшчэ рэанімаваць апазыцыю.
Здавалася б, улады атрымалі добры ўрок і зрабілі важныя высновы. Лукашэнка прыпыніў той злашчасны дэкрэт № 3 ад 2015 году. Новы дэкрэт № 1 ад 25 студзеня 2018 году мае зусім іншую канцэпцыю. Называецца ён «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва». Цяпер дармаедам давядзецца толькі дадаткова аплачваць паслугі ЖКГ.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За гарачую ваду і цяпло «дармаедам» давядзецца плаціць у 5 разоў большУлады абяцалі не паўтараць ранейшых памылак, вельмі пільна падыйсьці да падрыхтоўкі сьпісаў дармаедаў. Шэраг катэгорый насельніцтва (напрыклад, тыя, хто жыве з прысядзібнай гаспадаркі або здае ў арэнду жытло) былі адтуль выключаныя. На пачатку году афіцыйныя асобы прагназавалі, што ў такую базу трапіць каля 250 тысяч чалавек.
Але зноў жа, цытуючы Віктара Чарнамырдзіна, выйшла як заўсёды. Паводле міністра працы і сацыяльнай абароны Ірыны Касьцевіч, у базу дадзеных працаздольных грамадзян, якія не занятыя ў эканоміцы, уключылі каля 500 тысяч чалавек! Больш, чым раней!
Журналіст Віктар Малішэўскі з гэтай нагоды піша ў Фэйсбуку: «Задачка вось вам. З моманту выхаду першага Дэкрэту „аб дармаедах“ (красавік 2015 году) у адной краіне колькасьць занятых у эканоміцы зьменшылася за 149 тысяч чалавек, насельніцтва краіны зьменшылася прыкладна на 4 тысячы, чыноўнікаў стала менш на 11 300 чалавек, насельніцтва ў працаздольным узросьце зьменшылася прыкладна на 80 тысяч чалавек. І толькі дармаедаў у гэтай краіне было 470 тысяч чалавек, а стала — „каля 500 тысяч“!»
Так, беспрацоўе расьце, за 10 месяцаў гэтага году бяз працы аказаліся 33 тыс. чалавек. Аднак, паводле падлікаў Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у трэцім квартале 2018 году ў Беларусі было 240,5 тысячы беспрацоўных. (Нагадаю дзеля сьмеху, што афіцыйна беспрацоўнымі лічацца толькі 14,3 тыс. чалавек).
Думаю, улады проста вырашылі ўключыць у гэты ганебны сьпіс як мага больш людзей. Напрыклад, абсалютна незразумела, навошта туды ўключылі тых, хто плаціў падаходны падатак. Раней гэтая катэгорыя людзей не трапляла ў лік дармаедаў.
Улады зыходзілі з простай лёгікі. Маўляў, няхай гэтыя людзі потым ходзяць і даказваюць, што яны не вярблюды. Можа і пойдзем насустрач. Але няхай папросяць, пасядзяць у чарзе, пазьбіраюць неабходныя дакумэнты. Няхай народ яшчэ раз пераканаецца, што яны ў гэтай краіне перад чыноўнікамі ніхто.
Мусіць, па-іншаму рэжым працаваць проста ня можа. Як у вядомым анэкдоце: што ні майструй, усё роўна выходзіць аўтамат Калашнікава. Як трапна заўважыў пісьменьнік Віктар Марціновіч, «сумна ж глядзець, як краіна ходзіць па коле, выкладзеным граблямі».
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У 2018-м на працаўладкаваньне «дармаедаў» патрацілі 21,6 мільёна рублёў