Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У 2018-м на працаўладкаваньне «дармаедаў» патрацілі 21,6 мільёна рублёў


«Марш недармаедаў» у Воршы 12 сакавіка 2017 году
«Марш недармаедаў» у Воршы 12 сакавіка 2017 году

«За шэсьць гадоў дэфіцыт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (ФСАН) вырас у 9 разоў», — гэтак пракамэнтаваў Аляксандар Лукашэнка сытуацыю з фондам і адзначыў, што недахоп сродкаў у ім стабільна складае прыкладна 10%. Finance. Партал Tut.by сабраў зьвесткі, куды накіроўваюцца сродкі фонду.

З Фонду сацыяльнай абароны выплочваюцца ўсе віды пэнсій і дзяржаўнай дапамогі. Таксама зь яго фінансуюцца мерапрыемствы па забесьпячэньні занятасьці насельніцтва, санаторна-курортнае лячэньне і аздараўленьне, спэцыялізаваныя вучэбна-спартыўныя ўстановы прафсаюзаў і іншае «ў адпаведнасьці з заканадаўствам аб дзяржаўным сацыяльным страхаваньні».

На што выдаткоўваліся сродкі ў 2018 годзе

Выдаткі з Фонду сацыяльнай абароны са студзеня па кастрычнік 2018 году агулам перавысілі 9,9 мільярда рублёў, у тым ліку:

  • Працоўныя пэнсіі — 7,6 мільярда рублёў.
  • Дапамога — 2,1 мільярда.
  • Пэнсіі і дапамога людзям, якія зьехалі за мяжу і якія прыбылі ў Беларусь — 65,5 мільёна.
  • Прафэсійныя пэнсіі — 3 мільёны.
  • Матэрыяльная дапамога для бедных непрацаздольных грамадзян — 4,7 мільёна.
  • Фінансаваньне забесьпячэньня занятасьці насельніцтва — 21,6 мільёна.
  • Фінансаваньне санаторна-курортнага лячэньня — 30 мільёнаў.
  • Фінансаваньне спэцыялізаваных вучэбна-спартовых установаў — 23,4 мільёна.

Як папаўняецца бюджэт фонду

Са студзеня па кастрычнік 2018 году году бюджэт фонду папоўніўся на 10 мільярдаў 180,2 мільёна рублёў: амаль 9,4 мільярда прынесьлі абавязковыя страхавыя ўнёскі, рэшту ў 154,7 мільёна рублёў — непадатковыя даходы (даходы ад выкарыстаньня дзяржмаёмасьці, штрафы і iншае).

Субвэнцыі зь дзяржбюджэту

Каб своечасова фінансаваць усе выдаткі фонду, даводзіцца зьвяртацца да субвэнцый зь дзяржбюджэту (грашовая дапамога мясцовым органам улады з боку дзяржавы, даецца на пэўны тэрмін на канкрэтныя мэты, падлягае вяртаньню ў выпадку нямэтавага або несвоечасовага выкарыстаньня. — РС).

У кастрычніку сума субвэнцый склала амаль 598 мільёнаў рублёў. Зь іх:

  • 574,5 мільёна рублёў са студзеня па кастрычнік былі накіраваныя на выплату дапамогі сем’ям, якія выхоўваюць дзяцей, пэнсій дзяржаўным службоўцам і вайскоўцам, пэнсій за асаблівыя заслугі перад рэспублікай.
  • 23 мільёны рублёў — на фiнансаваньне выдаткаў на працоўныя пэнсіі, фінансаваньне спэцыялізаваных вучэбна-спартовых установаў прафсаюзаў.

Для параўнаньня, у 2017 годзе агульная сума паступленьняў фонду з усіх крыніц склала 12,4 мільярда рублёў, пры гэтым уласныя даходы бюджэту фонду склалі 11,2 мільярда рублёў (на 8% больш, чым у 2016 годзе).

У бюджэт Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва ў 2018 годзе маюць намер «уліць» пры неабходнасьці 686 мільёнаў рублёў (яны будуць выкарыстаныя на выплату працоўных пэнсій і дапамог). У мінулым годзе ў фонд «улівалі» амаль 520 мільёнаў рублёў.

На тое, што праблема з дэфіцытам фонду стаіць усё вастрэй, зьвяртаюць увагу ў Міністэрстве фінансаў.

Галоўнае пра «дармаедзкі» дэкрэт

Дэкрэт «Аб садзейнічаньні занятасьці насельніцтва», падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам у студзені 2018 году, абавязаў усіх «не занятых у эканоміцы» грамадзян Беларусі ў поўным аб’ёме плаціць за датаваныя дзяржавай паслугі ЖКГ, пачынаючы з 2019 году.

7 пытаньняў і адказаў пра новы «дармаедзкі» дэкрэт

Пазьней 10 сьнежня Лукашэнка пазбавіў семʼі, дзе ўсе працаздольныя — «дармаеды», права на атрыманьне дзяржпадтрымкі пры будаўніцтве жытла.

  • У «базу дармаедаў» занесьлі каля 425 тысяч чалавек. У іх лік трапілі, напрыклад, грамадзяне, якія сплацілі падаходны падатак, а таксама частка тых, хто стала пражывае за мяжой.
  • Каб давесьці ўладам памылковасьць занясеньня ў базу, неабходна зрабіць шэраг бюракратычных захадаў.

Імаверна, пастанову Саўміну аб «дармаедах» ад 31 сакавіка прынялі задняй датай. Вядома, што 4 красавіка гэтай пастановы яшчэ не было.

Папярэдні «дармаедзкі» дэкрэт перапісалі

Першы дакумэнт аб «дармаедах» — дэкрэт № 3 ад 2015 году — абавязваў грамадзян, якія пастаянна пражываюць у Беларусі і ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў або ўдзельнічалі менш за паўгода, сплачваць збор памерам 20 базавых велічыняў. Інакш ім пагражаў штраф або адміністрацыйны арышт.

У 2017 годзе збор сплацілі больш за 54 тысячы чалавек з 470 тысяч, якім былі разасланыя паведамленьні, казалі ў Міністэрстве падаткаў і збораў.

Дзеяньне дэкрэту прыпынілі пасьля пратэстных «Маршаў недармаедаў», якія праходзілі ў гарадах Беларусі ўвесну 2017 году.

ТЭСТ: Даведайцеся, ці вы «дармаед»?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG