У канцы 2017 году мы абвясьцілі «Людзьмі Свабоды» асобаў, якія разбураюць стэрэатыпы аб людзях з інваліднасьцю. Амаль праз год яны расказалі, як зьмянілася жыцьцё пасьля атрыманьня гэтай прэміі.
Аляксандра Чычыкава: зьмяніла працу, вывучае бізнэс
«Міс сьвету на вазку» Аляксандра Чычыкава памяняла месца працы. Раней яна працавала памочніцай кіраўніка ў call-цэнтры гіпэрмаркету паслуг «124», а цяпер стала дырэктаркай «Эўрапейскай прамысловай кампаніі».
Апроч карʼеры, дзяўчына аддае шмат часу грамадзкай дзейнасьці — супрацоўнічае з UNFPA ў тэме сэксуальнага і рэпрадуктыўнага здароўя людзей з інваліднасьцю. Чычыкава ўзяла ўдзел у міжнародным саміце Letʼs Talk у Анталіі, які адбыўся пад ідэйным кіраўніцтвам расейскай топ-мадэлі Натальлі Вадзянавай і быў прысьвечаны табу ў тэме жаночага здароўя. А падчас інклюзіўнага моднага паказу ў Шры-Ланцы беларуская прыгажуня сама выступіла ў якасьці мадэлі. Як і падчас фінальнага паказу вопраткі для людзей зь фізычнымі абмежаваньнямі ад беларускага мадэльера Каці Цікоты.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Натальля Вадзянава: «Трэба ня толькі гаварыць, а дзейнічаць»На конкурсе «Місіс Беларусь —2018», дзе Аляксандра была сябрам журы, яна зьвяртала вялікую ўвагу на сацыяльныя праекты, якія прэзэнтавалі ўдзельніцы спаборніцтва.
«Новая праца стала крыху нечаканым паваротам, цяпер я вельмі шмат вучуся, чытаю бізнэс-літаратуру пра тое, як падымаць і разьвіваць кампанію. Гэта для мяне новы сьвет. Разам з тым грамадзкая дзейнасьць таксама вельмі важная, і я хачу ўкладаць у яе як мага больш».
Сяргей Драздоўскі: змагаўся за жытло, арганізаваў нацыянальны форум
У праваабаронцы Сяргея Драздоўскага працягваецца канфлікт з інтэрнатам, дзе той пражывае. Раней жытло належала паліграфкамбінату, але было перададзена ва ўласнасьць адміністрацыі Савецкага раёну, атрымаўшы статус камэрцыйнага.
Разам з Офісам па правах людзей з інваліднасьцю Сяргей Драздоўскі пралабіяваў і дапамог правесьці першую нацыянальную выставу — форум «Унівэрсальнае асяродзьдзе», галоўная мэта якога — зрабіць сьвет больш даступным.
Працягваецца дыялёг у фармаваньні праекту закону «Аб інтэграцыі і правах людзей з інваліднасьцю» і праца з сыстэмай інтэрнатных установаў. Таксама Офіс актыўна ўключыўся ў маніторынг гатоўнасьці Другіх эўрапейскіх гульняў прыняць удзельнікаў і гледачоў з інваліднасьцю.
Кіра Ламейка: пайшла ў школу на сваіх ножках
Дзякуючы Свабодзе ажыцьцявіла сваю маленькую, але вельмі вялікую мару 6-гадовая Кіра Ламейка. Пасьля розгаласу ў СМІ знайшліся спонсары, апэрацыі прайшлі пасьпяхова, і крыштальная дзяўчынка пайшла ў школу сваімі ножкамі. Як усё адбывалася, глядзіце на нашым відэа.
Саша Аўдзевіч: зрабіў Ліду самым інклюзіўным горадам Беларусі
Сашу Аўдзевіча многія ведаюць як вазочніка-экстрэмала. Ён вандраваў па Эўропе на ручным ровары, скакаў з парашутам; актыўна займаецца плаваньнем. Апроч гэтага Саша актыўна працуе для паляпшэньня якасьці жыцьця іншых вазочнікаў. А Ліду, ягоны родны горад, ужо лічаць самым інклюзіўным у Беларусі.
Самым яркім дасягненьнем за апошні час Аўдзевіч называе праект школы «Інклюзіўнага барысты». Пра тое, як у межах школы людзі з інваліднасьцю набываюць папулярную цяпер прафэсію, можна паглядзець тут.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Як людзі бяз зроку і на інвалідных вазках становяцца барыстамі. ВІДЭАВадзім Ліпінскі: выступіў за Беларусь на Паралімпіядзе
Вадзім ажыцьцявіў вельмі канкрэтную мэту-мару — узяў удзел у Паралімпіядзе ў Пхёнчхане. Прызоў ня ўзяў, але задаволены, бо «зрабіў усё, што мог».
«Трэніроўкі не спыняю, круглы год трэніруюся. Наступная зімовая Алімпіяда — у Кітаі. Трэба ехаць, трэба рыхтавацца».
Павал Канавальчык: наведаў новыя канцэрты, гуляў у бочэ
Вазочнік Павал Канавальчык стаў вядомым, калі на фэстывалі «Рок за „Баброў“» натоўп падняў яго на рукі разам з вазком. Канавальчык — фанат року і сёлета наведаў некалькі музычных імпрэзаў.
«Хадзіў на „Сектор Газа“, вельмі спадабалася. Мяне таксама паднялі, было вельмі класна. Яшчэ ў цырк. Таксама я займаюся бочэ (спартовая гульня з шарамі. — РС.), нават удзельнічаў у спаборніцтвах сярод вазочнікаў. Пазнаёміўся зь немцамі, якія прыехалі ў Беларусь. Было вельмі цікава зь імі размаўляць — пры дапамозе перакладчыка».
Арамаіс Міракʼян: перафарбаваў валасы
Арамаіс працягвае марыць пра свабоду ў шырокім сэнсе гэтага слова. Сёлета ён рэалізаваў яе ў зьнешнасьці — нечакана перафарбаваў свае чорныя валасы ў чырвоны колер.
«Год выдаўся вельмі спакойны. Таму мае экспэрымэнты з валасамі — даволі яркая падзея». Міракʼян працягвае граць у «Свабодным тэатры», а таксама друкавацца — у 2018 годзе ён атрымаў прэмію для маладых літаратараў «Першацьвет».
Мікалай Пясецкі і Анатоль Ганько: не апусьцілі рукі
Мікалай Пясецкі зь вёскі Любішчыцы Івацэвіцкага раёну кажа, што жыцьцё ідзе па-ранейшаму, але рук ён не складае, дапамагае сямʼі па гаспадарцы. Хоць ўзімку працы на падворку меней, больш часу знаходзіцца ў хаце.
«Новага асабліва нічога. Рукі не апускаюцца, дапамагаю чым магу. Цяпер зіма, больш лайдачу, чым летам. Але збольшага ўсё па-старому».
Анатоль Ганько з Баранавіцкага раёну таксама працягвае займацца гаспадаркай, нягледзячы на сваю хваробу.
«Як было, так і жыву. Езьдзіў на абсьледаваньне, аналіз адзін ня вельмі добры быў, пратэзы на вочы ня ставілі. А ў астатнім — у вёсцы трэба рабіць, нельга сядзець склаўшы рукі. І гаспадарка, і дровы... Авечак трымаем, парасят, трусаў. Упраўляемся», — кажа Анатоль.
Цімашковы: бяда ў сямʼі
У сямʼі Дзьмітрыя і Лілі Цімашковых у верасьні 2018 году здарылася бяда. Сын Дзьмітрыя нанёс некалькі ўдараў нажом у сьпіну свайму бацьку. Заведзеная крымінальная справа за замах на забойства.
Пасьля інцыдэнту Дзьмітры правёў тыдзень у шпіталі, але ня кідае заняткаў з хворай дачкой — удзельнічае ў маратонах і выконвае практыкаваньні для паляпшэньня здароўя Лілі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўдвая вырасла колькасьць псыхічна хворых дзяцей-інвалідаў. ІНФАГРАФІКА