Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Натальля Вадзянава: «Трэба ня толькі гаварыць, а дзейнічаць»


Натальля Вадзянава
Натальля Вадзянава

Менск наведала супэрмадэль і вядомая дабрачыньніца Натальля Вадзянава. Яна была мадэратарам круглага стола «Let's talk» («Давайце паразмаўляем») на тэму стыгматызацыі.

Натальля Вадзянава заклікала шчыра гаварыць і дыскутаваць пра тое, пра што не заўсёды адкрыта гавораць: пра здароўе жанчын з абмежаванымі магчымасьцямі, наагул пра праблемы людзей з інваліднасьцю, пра хатні гвалт, пра ВІЧ-інфікаваных.

Сустрэчу з Натальляй Вадзянавай арганізавала прадстаўніцтва Фонду ААН у галіне народнасельніцтва (UNFPA) у Беларусі.

Аляксандра Чычыкава: «Чалавек не абмежаваны» — гэта мой дэвіз

«Міс сьвету-2017 на вазку», актрыса Свабоднага тэатру Аляксандра Чычыкава распавяла, што для яе тэма інваліднасьці стала новай 6 гадоў таму. Пасьля няшчаснага выпадку ў яе застаўся толькі адзін сябар, астатнія адышлі, баючыся, што ім цяжка будзе камунікаваць, бо Аляксандра цяпер чалавек з абмежаванымі магчымасьцямі.

Аляксандра Чычыкава
Аляксандра Чычыкава

«„Чалавек не абмежаваны“ — гэта мой дэвіз. Ня трэба баяцца — з намі лёгка камунікаваць», — запэўніла Аляксандра.

На пытаньне Натальлі Вадзянавай, ці хоча Аляксандра стаць мамай, ці дапускае яна такі паварот падзей, «Міс сьвету» адказала станоўча.

«У мне 12 пляменьнікаў, я вельмі люблю дзяцей. Але я разумею, што гэта можа быць праблематычна. Бо нават кабінэт жаночага доктара аказаўся для мяне нязручным. Праўда, у сябе ў паліклініцы мы гэтую праблему вырашылі. Але свабоды ўсё ж няма», — кажа Аляксандра.

Эдуард Клуйша: «Трэба зьмяніць сьвядомасьць адмыслоўцаў, якія працуюць з бацькамі дзяцей-інвалідаў»

Эдуард Клуйша арганізаваў інклюзійны фотагурток у Смаргоні. Дзеці ходзяць да яго на заняткі з прыемнасьцю.

«Людзі з інваліднасьцю — гэта не дармаеды, яны таксама могуць прыносіць карысьць. Калі ты добра робіш сваю працу, нічога нікому ня трэба даводзіць, людзі гэта самі пабачаць. Да мяне не баяцца аддаваць дзяцей (хоць часьцяком такое здараецца: бацькі апасаюцца аддаваць дзяцей да людзей з інваліднасьцю). Я не пабаяўся, што магу людзям штосьці даць — у мяне вялікі досьвед, які я магу перадаць», — кажа Эдуард.

Натальля Вадзянава і Эдуард Клуйша
Натальля Вадзянава і Эдуард Клуйша

Але Эдуард Клуйша ня лічыць, што ў Беларусі праблем у людзей з інваліднасьцю няма. Застаюцца цяжкасьці з працаўладкаваньнем — ён ня можа атрымаць спэцыяльную адукацыю, бо праз памылку спэцыялістаў некалі трапіў у так званую дапаможную школу. Распавёў забаўны выпадак, як дапамагаў прызыўніку ў ваенкамаце адказваць на пытаньні па табліцы множаньня.

Сярод прысутных — падарожнік на хэнд-байку і актывіст Аляксандар Аўдзевіч
Сярод прысутных — падарожнік на хэнд-байку і актывіст Аляксандар Аўдзевіч

Як зьмяніць перадузятае стаўленьне да людзей з інваліднасьцю?

«Трэба зьмяніць сьвядомасьць людзей, асабліва спэцыялістаў, якія працуюць зь дзецьмі. Часьцяком яны вешаюць на дзіця „ярлык дыягназу“. Здольнасьці ёсьць у кожнага — у гэтым бацькоў павінны пераканаць адмыслоўцы, тады ўсё ў дзіцяці з інваліднасьцю атрымаецца», — лічыць Эдуард Клуйша.

Васіль Паўлікаў: «Мару стаць генэральным дырэктарам «Рэнэсансу»

Інваліднасьць — не перашкода, людзі з абмежаванымі магчымасьцямі працуюць ня горш, а ў некаторых выпадках і лепш за звычайных людзей. Супрацоўніца чатырохзоркавага сталічнага гатэлю «Рэнэсанс» распавяла, як Васіль Паўлікаў з сындромам Даўна скарыў сваёй абаяльнасьцю і пачуцьцём гумару ўвесь пэрсанал гатэля.

Васіль Паўлікаў у свой час скончыў спэцыялізаваную дапаможную школу-інтэрнат. А працаўладкаваўся ў гатэль ён праз тэрытарыяльны цэнтар занятасьці Маскоўскага раёну. І кіраўніцтва «Рэнэсансу» не пабаялася ўзяць на працу чалавека з дыягназам «сындром Даўна».

Эдуард Клуйша, Вольга Гарбунова, Васіль Паўлікаў
Эдуард Клуйша, Вольга Гарбунова, Васіль Паўлікаў

Спачатку Васіль праціраў посуд у бары, а цяпер асвойвае прафэсію афіцыянта.

«Я ў вольны час займаюся айкідо, плаваю ў басэйне. У мяне ёсьць дзяўчына Алеся, мы хочам стварыць сямʼю. А мая мара — заняць высокую пасаду: стаць генэральным дырэктарам ЗАТ „Рэнэсанс“», — падзяліўся амбітнымі плянамі Васіль Паўлікаў.

71% жанчын сутыкаліся з праблемамі гвалту

Такую лічбу назвала Натальля Вадзянава. І тут маецца на ўвазе ня толькі хатні гвалт у звыклым сэнсе, калі мужчына падымае руку на жанчыну ці зьневажае яе. Маюцца на ўвазе розныя віды гвалту, у тым ліку і эканамічны, маральны, і нават звычайныя папрокі.

Натальля Вадзянава
Натальля Вадзянава

Крызісны цэнтар для жанчын «Радзіслава» — адзіная ў Беларусі ўстанова, дзе атрымліваюць дах над галавой ахвяры хатняга гвалту.

«Вельмі шмат людзей сутыкаюцца з праблемай хатняга гвалту, але многія апасаюцца зьвяртацца, саромеюцца. Баяцца, што сваякі не падтрымаюць жанчыну. І гэта вельмі прыкра. А праблема шматбаковая: гэта ня толькі маральнае прыніжэньне, фізычны боль. Жанчыны сутыкаюцца з прававымі, юрыдычнымі ды іншымі аспэктамі. І гвалт здараецца ня толькі ў семʼях, дзе хтосьці злоўжывае алькаголем. У семʼях з прагрэсіўнымі поглядамі таксама ўсё бывае», — казала кіраўніца «Радаславы» Вольга Гарбунова.

Гледачы ў залі
Гледачы ў залі

На яе думку, самае галоўнае — не вучыць дзяўчат, як пазьбегнуць гвалту, а інфармаваць усё грамадзтва, што гэта недапушчальна.

Мара Вольгі Гарбуновай — пабудаваць уласны вялікі, утульны будынак для жаночага прытулку, бо ў цяперашнім арандаваным месцаў нярэдка не хапае.

«У Беларусі толькі адзін чалавек з адкрытым ВІЧ-статусам»

Кацярына Парфянюк працуе зь ВІЧ-інфікаванымі, яна лідэрка грамадзкага абʼяднаньня «Пазытыўны рух».

Праблемы ў людзей зь ВІЧ тыя ж самыя, што і ў людзей з абмежаванымі магчымасьцямі: і з адукацыяй, і працаўладкаваньнем, і зь перадузятым стаўленьнем грамадзтва, кажа Кацярына:

«У нашай краіне толькі адзін чалавек з адкрытым статусам, якія публічна пра гэта кажа. Але такіх людзей шмат — рознага ўзросту, розных прафэсій. Але яны баяцца адкрыта казаць пра свае праблемы з прычыны перадузятага стаўленьня ў грамадзтве. Такое ўражаньне, што мы засталіся жыць у пазамінулым стагодзьдзі».

Кацярына прывяла прыклад: у Беларусі падлеткам зь ВІЧ-статусам забаронена наведваць гурткі і сэкцыі кантактнага спорту. Таксама ўзгадала артыкул 157 Крымінальнага кодэксу, дзе прапісана, што заражэньне вірусам імунадэфіцыту караецца пазбаўленьнем волі ад 2 да 7 гадоў.

Сярод прысутных — вядомая беларуская мадэль, гімнастка і тэлевядоўца Мілеціна Станюта
Сярод прысутных — вядомая беларуская мадэль, гімнастка і тэлевядоўца Мілеціна Станюта

На сустрэчу з Натальляй Вадзянавай прыйшлі грамадзкія актывісты, кіраўнікі самых розных дабрачынных арганізацый і фондаў, дзяржаўныя службоўцы, маці дзетак-інвалідаў, вядомыя асобы, якія не баяцца гаварыць пра самыя балючыя праблемы грамадзтва.

«Трэба ня толькі гаварыць, а рабіць, дзейнічаць» — падсумавала вынікі дыскусіі Натальля Вадзянава.

Натальля Вадзянава
Натальля Вадзянава

Супэрмадэль Натальля Вадзянава займаецца ня толькі сваім фондам «Аголеныя сэрцы». Яна таксама заснавала рух #LetsТalkAboutIt (#ДавайцеПаразмаўляемПраГэта). Натальля — маці пяці дзяцей.

Яна запусьціла плятформу ELBI — фандрайзынгавы дадатак па зборы сродкаў на розныя дабрачынныя праекты. З дапамогай ELBI кожны ахвотны можа зрабіць дабрачынны ўнёсак, у тым ліку і на падтрымку сховішча для жанчын і дзяцей, якія пацярпелі ад хатняга гвалту.

Зь неабмежаванымі магчымасьцямі: 10 беларусаў, якія ламаюць стэрэатыпы пра інвалідаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG