Расьсьледавальная група Bellingcat прыйшла да высновы, што ўкраінскія караблі, атакаваныя 25 лістапада караблямі памежнай службы ФСБ Расеі, былі абстраляныя ў міжнародных водах.
Да такой высновы журналісты прыйшлі, вывучыўшы фатаграфіі і відэаздымкі наступстваў канфлікту ў Керчанскай пратоцы, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе.
У прыватнасьці, на адным з відэаздымкаў расейскага тэлеканалу «Звязда» ў некалькіх сотнях мэтраў ад захопленага ўкраінскага артылерыйскага катэра «Бярдзянск» можна ўбачыць сухагруз, які не ўдзельнічаў у інцыдэнце. Выкарыстоўваючы сайт сачэньня за судамі MarineTraffic, у Bellingcat вызначылі, што ён стаяў на якары ў Керчанскай пратоцы ў адным і тым жа месцы на працягу ўсяго 25 лістапада. Гэта дало магчымасьць атрымаць зьвесткі пра месца ўкраінскіх караблёў падчас нападу на іх расейскіх вайскоўцаў і зрабіць выснову аб тым, што катэр «Бярдзянск» знаходзіўся «у 22,72 кілямэтрах ад берага Крыму і больш чым у 500 мэтрах за межамі заяўленых Расеяй тэрытарыяльных водаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп пра захоп Расеяй украінскіх караблёў: «Нам не падабаецца тое, што адбываецца, так ці інакш»Акрамя гэтага, прааналізаваўшы кулявыя адтуліны на «Бярдзянску», выданьне прыйшло да высновы, што «расейскія войскі стралялі не для таго, каб пашкодзіць судна, а для таго, каб нанесьці шкоду непасрэдна экіпажу».
- У расьсьледаваньні таксама сказана, што расейскі памежны карабель «Дон» тараніў украінскі буксір «Яны Капу» ня менш чатырох раз — пра гэта сьведчыць відэазапіс і характар пашкоджаньняў.
- Пры гэтым Bellingcat адзначае, што, хутчэй за ўсё, украінскія караблі ў нейкі момант заходзілі як у заяўленыя Расеяй як свае тэрытарыяльныя воды ля берагоў анэксаванага Крыму, так і ў расейскія воды ў Керчанскай пратоцы. Аднак у момант абстрэлу і затрыманьня яны ўжо былі ў міжнародных водах.
- Украіна сьцьвярджае, што яе караблі маюць права бесьперашкодна праходзіць Керчанскую пратоку па дамове 2003 году з Расеяй.
- У расьсьледаваньні ўтрымліваецца заклік да Ўкраіны прадаставіць дадатковую інфармацыю аб каардынатах караблёў у момант атакі на іх. Каардынаты, паведамленыя раней ФСБ Расеі, не супярэчаць высновам Bellingcat.
Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры
Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.
- Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
- Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
- Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
- Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
- Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
- Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
- Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
- Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
- Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам – грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
- У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.